Знайсці
11.07.2017 / 10:089РусŁacБел

Неамарксісцкі погляд на Караткевіча

Піша Антон Лявіцкі. 

У першым сёлетнім нумары часопіса «Rethinking Marxism» апублікаваны артыкул Алены Гапавай (даследчыца з Беларусі, якая працуе ў ЗША) «Зямля пад белымі крыламі: рамантычнае кшталтаванне краявідаў (landscaping) у Савецкай Беларусі».

Гапава будуе свой аналіз у традыцыі сацыялогіі, якую можна акрэсліць як матэрыялістычную. Ёй уласцівая ўвага да ўладных адносін, інтарэсу і класаў, якія групуюцца гэтымі інтарэсамі, спажываннем, стылем жыцця і г. д.

Упершыню па-англійску «Дзікае паляванне» выйшла ў Маскве ў 1964-м. Папраўлены пераклад перавыдадзены ў 2012-м.

Краявід, геаграфія, вытворчасць сэнсаў

У цэнтры ўвагі знаходзіцца пытанне аб тым, як у 1960-я гады пачало змяняцца ўяўленне Беларусі. Гапава ставіць у цэнтр увагі разуменне элементаў краявіду — прыроды, архітэктурных помнікаў. Пры гэтым узнікае неабходнасць асвятліць таксама гістарычную свядомасць і праектаванне асобы.

У якасці базы для свайго аналізу Гапава выкарыстоўвае «некаторыя творы з культурнай памяці і рэпрэзентацыі прасторы» 1960—1970-х, пераважна мастацкія тэксты, у меншай ступені — навуковыя. Найбольшую ўвагу сярод гэтых інтэлектуальных праектаў лагічна атрымлівае спадчына Караткевіча.

Сацыялістычны сімвалізм: мадэрнізацыйны рывок і заваёва прыроды

Зыходным пунктам аналізу для аўтаркі служыць семантычны корпус, які абслугоўваў савецкую мадэрнасць. Да 1960-х гадоў беларуская савецкая ідэнтыфікацыя ўключала некалькі сімвалічных элементаў, звязаных з ландшафтам. Яны былі арганізаваныя паміж дзвюх асноўных «палітызаваных дактрын».

Па-першае, балота служыла «метафарай цяжкасці і нэндзы», «аграрнай адсталасці», якія характарызавалі большую частку гісторыю Беларусі. Вызываленне ад гэтай адсталасці прынесла савецкая мадэрнізацыя. Кансалідавана гэтая метафара дэманструецца, напрыклад, у «Людзях на балоце» («праграмны сацрэалістычны раман»), дзе наступ на балота канцэптуалізуе больш глабальныя савецкія пераўтварэнні. Практычным працягам такога разумення была меліярацыя — адно з многіх дасягненняў савецкай мадэрнасці ў Беларусі.

Не меншую ролю гралі канатацыі, звязаныя з асэнсаваннем Беларусі як «рэспублікі-партызанкі». Літаратурнае і гістарычнае ўяўленне эксплуатавала прыродныя вобразы для канцэптуалізацыі трагедыі Другой сусветнай вайны, а таксама - беларускага савецкага супраціўлення. У такой ролі яна прысутнічае ў «Лясной песні» Адама Русака і ў «Молодость моя, Белоруссия» «Песняроў».

Рамантычны паварот: індывідуум, спадчына, нацыя

У шэрагу мастацкіх і навуковых твораў у 1960—1970-х, паказвае Гапава, гэтае разуменне ставіцца пад пытанне і пераадольваецца. У межах альтэрнатыўнага рамантычнага наратыву Беларусь пачынае вызначацца найперш праз замкі, а не праз балоты. Трактуючы замкі як спадчыну ідэнтычнасці Беларусі эпохі да сацыялізму, «інтэлектуалы і акадэмічныя вучоныя пераглядалі беларускую гісторыю і культурны міф». Наноў засноўваючы ўяўленне аб Беларусі, выходзяць шматлікія кнігі, карціны, даследаванні і фільмы, якія ў тым ліку выкарыстоўваюць архітэктурныя славутасці для перагледжанай з рамантычных пазіцый канцэптуалізацыі Савецкай Беларусі.

Асаблівае месца ў гэтым інтэлектуальным узрушэнні адыграў Караткевіч. Ён свядома ставіў за мэту ўзбагаціць беларускую літаратуру на ўзроўні жанраў, тэм і мастацкіх тэхнік. Найбольш выразна гэта можна прасачыць у «Дзікім паляванні», дзе складана змешваецца актуальнае для Савецкай Беларусі мэтавызначэнне, гістарычная палітыка і гатычны сюжэт з матэрыялістычнай развязкай. Ён «разыгрывае» такія ўзорныя тропы і метафары, як вобразы і сюжэты заняпаду, смерці, закінутасці, таямніц старых паданняў.

Ужытныя вобразы распрацаваныя ім таксама ў эсэ «Зямля пад белымі крыламі», дзе ўжо загаловак паказвае, як прырода можа служыць рэсурсам уяўлення нацыі.

Найбольш адкрыта рамантычнае разуменне «прасторавай матэрыяльнасці» сфармуляваў археолаг Міхась Ткачоў. Яму належыць інтэлектуальнае намаганне, звязанае з першаснай неабходнасцю атрыбутаваць замкі на тэрыторыі БССР як уласна беларускія. Да Ткачова навукоўцы апісвалі іх праз адпаведныя перыяды — як старажытнарускую, літоўскую, польскую спадчыну. Ткачоў у кнізе «Замкі Беларусі» (1977) склаў каталог такога роду помнікаў, якія захаваліся ў адміністрацыйных межах БССР і ўпэўнена вызначыў іх як спадчыну беларусаў. Як рамантык, Ткачоў унікнуў неабходнага для марксізму ўпамінання аб людзях, якія пакутавалі пад ярмом гэтых замкаў, заўважае Гапава.

Такая інтэрпрэтацыя беларускай архітэктуры проціпастаўляецца савецкай. Савецкі наратыў разглядаў замкі і маёнткі як помнікі эксплуатацыі, а ў паваенны час улада, не марудзячы, ахвяравала цэлыя гістарычныя комплексы (як Нямігу) — дзеля новых праектаў савецкай мадэрнізацыі. Больш за тое, рамантычнае пераасэнсаванне Беларусі крытычна пераглядала вынік савецкай «палітыкі прасторы»: яна стала разглядацца як дэструктыўная ў дачыненні да спадчыны і ідэнтычнасці краіны.

Іншым прыкладам рамантычнага перагляду савецкай версіі гісторыі Беларусі, які аналізуе Гапава, з’яўляецца постаць Скарыны. На думку даследчыцы, у 1960-х адбываецца шматфактарны рост ягонай папулярнасці. У гэты час ён трывала замацоўваецца ў культурнай памяці як дзеяч беларускай культуры, пры гэтым некаторыя вучоныя ўключаюць ягоную дзейнасць у еўрапейскі кантэкст (так рабіў Вячаслаў Зайцаў). Пра Скарыну піша патэтычны верш Караткевіч, плануецца ўсталяванне помніка перад будынкам Акадэміі навук і г. д.

«Вядома, Скарына не думаў пра сябе ў паняццях сучаснай палітычнай геаграфіі; аднак ягоныя творы былі атрыбутаваныя як беларуская культурная спадчына», — падсумоўвае Гапава.

Гэтыя гістарычныя пошукі былі часткай рамантычнага праекта «індывідуалізацыя», тлумачыць аўтарка. «Маральная прастора сацыялізму замянялася хутчэй гуманістычнымі, чым класавымі каштоўнасцямі і эмацыянальнымі дыяпазонамі». На месца класаў і пабудовы камунізму прыйшла сакралізаваная супольнасць — нацыя, на чыю карысць заклікаліся працаваць наноў асэнсаваныя асобы. Гапава паказвае, што менавіта пра гэта піша Караткевіч у «Дзікім паляванні». Менавіта «эмацыйным дачыненнем да свайго народа, прыгнечанага і маўклівага» матывуе выбар сваёй прафесіі Беларэцкі.

Менавіта ў службе «сакралізаванаму адзінству — нацыі і прыродзе адначасова» падтрымлівалася значэнне жыцця. Пабудова камунізму, відавочна, не давала рады гэтай задачы.

Прычыны навацый: матэрыяльныя змены, змаганне за ўладу

Нарэшце, паўстае пытанне аб перадумовах і рухаючых сілах гэтага перагляду.

Міраслаў Грох выказаў меркаванне, што рамантызм як такі жывіцца найперш пачуццем сацыяльнага адчужэння, выкліканага адчуваннем небяспекі і парушанай гармоніі. У адпаведнасці з гэтым Гапава тлумачыць пашырэнне рамантычных ідэяў у БССР як адказ на спецыфічную трывожнасць грамадства позняга сацыялізму. Яна была звязаная з сацыяльнай дынамікай 1960—1980-х: іронія ў тым, што гэты неспакой вынікаў з развіцця савецкай мадэрнасці.

Разгляданае дваццацігоддзе было часам вельмі шпаркай урбанізацыі: з 1960 да 1980 года доля гарадскога насельніцтва ў дэмаграфічнай структуры падвоілася. Зразумела, большасць новых гараджан былі народжаныя ў вёсках. «Гарадское жыццё магло быць пэўным выклікам для гэтага пакалення», заўважае Гапава. Гэты выклік вынікаў з вельмі рэзкай зменай аднаго ладу жыцця на іншы (вясковага на гарадскі).

З гэтага напружанага пераходу вынікаў маштабны экзістэнцыйны крызіс, які абняў савецкае грамадства. Як і пратаганіст «Дзікага палявання», гарадскія савецкія беларусы адчувалі, што губляюць мэту ў жыцці. Адказам на гэты семантычны дэфіцыт стала «Дзікае паляванне». У ім пісьменнік паказаў новае мэтавызначэнне для сваіх сучаснікаў, найперш для вучоных-гуманітарыяў. І Беларэцкі, і галоўны герой «Чорнага замка Альшанскага» — адукаваныя спецыялісты, якія выкарыстоўваюць свае веды на карысць суайчыннікаў.

Такое перанакіраванне «пачуцця мэты і прыналежнасці» акадэмічных прафесіяналаў Гапава звязвае з узыходжаннем новых эліт — інтэлектуалаў і літаратараў, якія кідаюць выклік камуністычнаму «парадку дня быцця чалавецтва ў свеце». Новыя спосабы «пражывання мадэрнасці» Караткевіча ўключаюць найперш ператварэнне прафесіі ў форму службы нацыі і краіне. З гэтага ператварэння вынікала новая маральнасць і новая мэта — магчымасць «уплываць на хаду гісторыі, гэта значыць, быць значным у шырэйшай схеме быцця, супраціўляючыся несправядлівасці». 

Аднак такая «vita activa» і вытворчасць чагосьці новага праз практыкі даступныя далёка не ўсім прадстаўнікам нацыі, толькі выбраным адзінкам. Яны ўтвараюць інтэлігенцыю, якой Караткевіч і рамантычны светапогляд вызначае асаблівую — вядучую — функцыю ў грамадстве. Гаворка ідзе пра такіх людзей, як Беларэцкі, — «вучоны і інтэлектуал, прадстаўнік адмысловай групы тых, хто дзейнічае і вядзе».

Такім чынам, інтэлектуальныя намаганні і пошук новых сімвалічных форм лакалізуюцца Гапавай у барацьбе адных за ўладу над іншымі, як выклік, кінуты інтэлектуаламі кампартыі — дакладней, прапанаванаму яе ідэолагамі парадку для быцця чалавецтва ў свеце. У гэтым сэнсе дадзены тэкст — прыквел даўнейшых артыкулаў аўтаркі пра класавы інтарэс інтэлігенцыі ў постсавецкай Беларусі, якія выклікалі даволі інтэнсіўную спрэчку.

Антон Лявіцкі 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930