Знайсці
06.07.2017 / 18:565РусŁacБел

Мінскі гімназіст сабраў каманду і агучвае па-беларуску «Чарапашак-ніндзя» ВІДЭА

17-гадовы Дзмітрый Астроўскі, навучэнец 21-й гімназіі Мінска, арганізаваў у сябе дома студыю па агучцы мультфільмаў на беларускай мове. І трэба заўважыць, па аматарскіх мерках агучка атрымліваецца даволі якаснай.

«Kanapa Project быў створаны ў 2015 годзе, — распавядае Дзмітрый — У мяне было жаданне зрабіць свой унёсак у папулярызацыю беларускай мовы, і я вырашыў зрабіць гэта праз мульцікі. Дзеля гэтага з-за мяжы замовіў адмысловы прафесійны мікрафон, каб гук быў як мага больш якасны і гледачу было прыемна глядзець і слухаць».

Назва «канапа» была выбраная таму, што трэба было падабраць такое беларускае слова, каб яго было проста вымаўляць нават небеларускамоўнаму чалавеку і каб яно добра выглядала ў транслітарацыі.

«З самага дзяцінства любіў мультсерыял «Чарапашкі-ніндзя», таму абраў менавіта яго, — працягвае расказ Дзмітрый. — Сярод дзяцей зараз вельмі папулярная сучасная версія гэтага мультфільма. У выніку я спачатку агучыў трэйлер і пачаў распаўсюджваць яго па розных суполках. Людзі пачалі прапаноўваць сваю дапамогу ў перакладзе, агучцы. Вельмі часта казалі, што будуць паказваць мультфільм сваім дзецям. Усё гэта мяне натхніла. Я зразумеў, што сапраўды гэтым варта займацца. Першую серыю перакладаў сам, таму былі невялікія памылкі. Агучваў усіх персанажаў толькі сваім голасам. Пасля распаўсюду ў інтэрнэце сваю дапамогу ў перакладзе мне прапанаваў выпускнік лінгвістычнага ўніверсітэта Леў Глушыцкі, які прафесійна пераклаў другую і трэцюю серыі. Напрыклад, мы не ведалі, які пераклад зрабіць для словазлучэння stupid freak. Дакладны яго пераклад — «тупая пачвара». Мы ж вырашылі крыху змякчыць гэтае слова, і ў выніку атрымалася «страхоцце хадзячае». Пачынаючы з другой серыі, удзел у агучцы ўзяў Павал Клёк, якога прапанаваў Аляксандр Шумскі. Дзе-якія жаночыя ролі дапамагала агучваць мая маці».

Пасля агучкі і распаўсюду першай серыі на некаторы час хлопец быў закінуў праект. Але зараз вырашыў аднавіць справу, бо адчувае вялікую падтрымку ад тых, каму гэта сапраўды патрэбна.

«У пачатку лета мне ва «УКантакце» напісаў адміністратар суполкі «КінаКіпа» Міхаіл Каралевіч і прапанаваў падтрымаць праект невялікімі грашыма, каб серыі выходзілі і далей. Хаця я і раблю гэта не дзеля грошай, але гэтая падтрымка Міхаіла падштурхнула мяне працягнуць рабіць маю справу. Я лічу што тое, што мы робім, — гэта добра, гэта сапраўды патрэбна Беларусі і тым беларускамоўным дзецям, якія хочуць глядзець мульцікі на роднай мове. Цяпер я ўжо дакладна ведаю, што не закіну праект, бо пра яго даведалася вельмі шмат людзей».

У бліжэйшых планах Дзмітрыя Астроўскага — агучыць цалкам хаця б адзін сезон мультсерыяла.

Мы жадаем хлопцу і яго камандзе поспехаў і прапануем вам паглядзець урывак з трэцяй серыі мультсерыяла «Чарапашкі-ніндзя»:

Ілья Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера