Знайсці
05.07.2017 / 23:1313РусŁacБел

Калі б у беларускіх пісьменнікаў 1930-х былі лецішчы

Літаратурнае аб'яднанне «Узвышша», фота БДАМЛІМ

Як жылі на лецішчах пісьменнікі сямідзясятых, усе ведаюць дзякуючы Ведзьмаку Лысагорскаму. А вось калі б у трыццатых, замест таго каб страшыць і страляць, нашым тагачасным паэтам і празаікам таксама давалі б лецішчы, у іх склаўся б не менш прыўкрасны кааператыў.

Спачатку яго ўзначаліў бы Міхась Чарот. Ён бы даў кааператыву файную назву — можа, нават «Босыя на вогнішчы» — выбіў бы будматэрыялы і сетку-рабіцу вакол усяго кааператыву, прабіў бы свідравіну і паставіў воданапорную вежу. І абавязкова пафарбаваў бы яе ў чырвоны. На тым сходзе, дзе вырашалі б праблемы афарбоўкі вежы, дзядзька Купала, асцярожна хмыкнуўшы, сказаў бы Чароту: «Міхась, чуеш, а чаго гэта адразу чырвоны? Мо белага трэ дадаць па версе і ў нагах, а?» — на што Чарот махнуў бы рукой і сказаў бы, што нацдэмаўшчына тут не пройдзе. Купала б усміхнуўся горка, і на досвітку, пакуль старшыня яшчэ спіць, яны з Дубоўкам пафарбавалі б у бела-чырвона-белы адзіны на ўвесь кааператыў ліхтар.

Але штодзённай старшынскай працы гарачы таварыш Чарот не вытрымаў бы, бо гэта зусім не пра яго — кожны дзень вырашаць праблемы суседскіх межаў, надзелаў, зносінаў з пажарнікамі і сварак з бухгалтарам, тым больш што бухгалтарам сеў бы Відук-Скрыган, а той такі расонскі зануда, што ну яго. Але да ўласнага рашэння Чарот бы не дайшоў — яго б загадзя падседзеў спрытнюга Броўка, атрымаўшы на сходзе трыццаць галасоў супраць дваццаці дзевяці. Ну, і выйшаў бы з яго, я вам скажу, выбітны старшыня. Па меншай меры, з усімі ворганамі вакол кааператыву заўсёды і ўсё было б ціп-топ, і вежа рамантавалася б у час, і ліхтар бы гарэў. Праўда, абодва, і вежа і ліхтар, пры Броўку сталі б кампраміснага колеру. Фіялетавага, напрыклад. А чаму не?

Ну, і зажылі б.

Самы зайздросны надзел быў бы ў Дубоўкі. Ва ўсіх шэсць сотак, а ў яго — ну нібыта дваццаць. Усё расце, нават нейкі, чорт яго дзяры, ракамболь. Бульба стаіць — Броўку па пояс, часнык — Скрыгану па плячо. Яблыні ад яблыкаў долу гнуцца, вішні тры чарады драздоў аб’ядалі — не з’елі. Ён першым паставіў парнік, першым пасадзіў да звычайных памідораў памідоры чэры, а на другі год у тым парніку вырас кавун. «Во, чорт цыбаты, як шпарыць, ты паглядзі! Ён палку ў зямлю утыркне, яна цвіце, каб яму! Але ж нічога, затое я - старшыня» — мармыча Броўка, праходзячы паўз Дубоўкавы палеткі.

Побач — Бабарэкаў надзел. Усё акуратна, па новай методыцы, па лінеечцы арганізавана. Без кніжкі — ніякай агратэхнікі: усё праверана, пралічана, тэарэтычна і практычна ўсвядомлена. Жоначка з раніцы ля градак увіхаецца, дачушкі маленькія клубніцы выбіраюць, яблычак на яблыньцы строга перпендыкулярна вісіць, вішанькі — абавязкова прапарцыянальна грушкам. Кветы буяюць, ружовая алея водарыць. Эстэтыка!

За імі — Пушча. Не, ён таксама стараецца. Не, ён стараецца вельмі! Але неяк ў яго ўсё па настроі: адзін год цыбуля тоўстая, смачная, во адразу бяры — і на ВДНХ, другі год — цыбуля ў заняпадзе, затое фасоля прэ. Тут прапалоў, тут забыўся, а тут зленаваўся — карацей, не бывае сумна, калі ідзеш праз Пушчаў гарод.

Як, прыкладам, калі ідзеш праз Глебкаў. У таго — газончык і тры грады буракоў. З года ў год адное і тое ж: газончык і буракі. Буракі і газончык. Газончык і буракі.

Але ж калі сапраўды хочаш суму пазбыцца — гэй да Вольнага! Во дзе ўжо лецішча дык лецішча! Нейкія дзівосы на кожным кроку. Фантанчык навамодны, з Масквы выпісаны, ліхтарыкі, што ад сонца свецяць, гамак, ды што там гамак — шэзлонгі! Я вам кажу — шэзлонгі, браткі мае, прыпёр і вакол мангала паставіў! Парасоны пляжныя! Казаў, наступным годам басейн будзе капаць — во толькі за фільм ганарар атрымае! 

На ўчастку Вольнага ў шэзлонгу заўсёды пабачыш Лужаніна. Тут ён, праўда, ніякі не Лужанін — па-просту Каратай. Сядзіць, пускае ў неба колцы дыму, анекдоты шпарыць, рагоча. У яго на ўчастку парадачак, бо там Жэня ягоная з раніцы да ночы нешта капошыцца, ружы-ружы поле, дык яму не сорамна золкам дадому вяртацца нават з госцем, праўда, калі спатрэбіцца якой цыбуліны адарваць, дык і не ведае, дзе яна, тая цыбуліна, каб яе, расце. Жэню падыме — тады ўжо цыбуліны ўгрызе.

Побач з Вольным — хатка Дудара. Нічога такая, чысценькая хатка, маленькая хіба і ўвосень дах цячэ. І прыступкі праваліліся, але ўсё роўна нармальна. Ніводнай градкі ў Дудара няма — направа маліннік, налева ажыннік, пасярод лужайка, якую ён раз-пораз косіць на «слабо» с Зарэцкім. На лужайцы — стол, крэслы. Тут кожны вечар — бяседа: як у Вольнага ў шэзлонгах насядзяцца, ідуць сюды піць-гаманіць. Тут і Глебка, тут і Броўка, і Вольны з Лужаніным, а вось Бабарэка з Дубоўкам сюды не ходзяць, бо — глупства і бязглуздзіца тут, у ажынніку гэтым. Не ходзіць і Скрыган — той Дудара не цярпіць зусім, і раз на паўгады ўсё хоча забыцца, што той сплаціў квартальныя і падатак. Але й без Скрыгана гуляюць тут весела, песні пяюць, могуць якую Лявоніху лупануць, маліну патаптаўшы, а як Броўка апоўнач дамоў пойдзе — бягуць і перафарбоўваюць наноў слуп ліхтара, а як добра прымуць — то й вежу. Няроўна крыху, але ж — як след, на наш капыл. Раніцой, як не пападаюць у ажыны, бягуць да Купалы хваліцца: пабач, дзядзька Янка, нашы ў гародзе! Праўда, як ганарары ў Дудара, бывае, скончацца — дык гаспадар вешае на весніцы вялікі іржавы замок знутры і чытае пад малінамі.

А ля самага лесу — хата Кузьмы Чорнага. Вялікая, на пяць пакояў, з другім паверхам. У хаце — парадак, у гародзе — парадак. Ніхто ніколі не бачыць, каб Чорны ці то грады капаў, ці то дарожкі разбіваў, здаецца, ходзіць па зямлі, кійком пагруквае, а яно неяк усё у парадку само й расце. Падыдзе Чорны да веснічак, з суседзямі пагамоніць, выйдзе, на лавачцы пасядзіць, якую гутарку ці то з Дубоўкам зладзіць, ці то з Бабарэкам. Вольны міма ідзе ці Дудар — хмыкне, але павітаецца. Суседзі. Што сварыцца.

Колас на рагу жыве. Мала што яму даспадобы. Чарот старшынёй не падабаўся, бо — нясур’ёзны. Броўка не падабаецца, бо — не грунтоўны. Скрыган не падабаецца — проста так, не падабаецца, і ўсё. Дубоўка не падабаецца, надта назаляе дабрабытам сваім, Бабарэка не падабаецца, бо пад лінейку ўсё. Адзін Каратай падабаецца, невядома чаму, проста падабаецца, і ўсё, хаця такі ж паганец, як і астатнія. Як у Дудара надта добра гуляюць — Колас ідзе сварыцца праз плот: колькі можна крычаць ужо, мне назаўтра ў Акадэмію, а ну сціхніця! А як пабачыць, што ў Дудара пад малінамі Купала на дыванку прысеў — дык плюне і дамоў ідзе. Ідзе паўз хату Крапівы. Цагляная хата, адзіная такая на ўвесь кааператыў. Нават у старшыні бяднейшая. У вакенцы — святло, а гаспадара не бачна. Ніколі не бачна. Толькі на сходы прыходзіць, сядзіць, як хмара, злуецца. Але маўчыць. Цьфу. Хаця б раз у Дудара выпіў, ці што.

Ганна Севярынец, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930