Знайсці
22.07.2017 / 08:3321РусŁacБел

Алег Дзярновіч. Гісторыя Беларусі. Эпоха Балтыкі

На сыходзе ХІІ ст. Полацкая зямля была сістэмай з некалькіх удзельных княстваў, самастойных у сваёй унутранай палітыцы. Наймацнейшы патэнцыял мелі Віцебск, Друцк, Менск. Але намінальны прэстыж і вяршэнства полацкага стала ўсё яшчэ захоўваліся, і наймацнейшыя князі з Менска ці Віцебска імкнуліся заняць галоўны пасад свайго краю. Гэта мадэль у пэўнай ступені паўтарала сітуацыю Кіеўскай Русі, дзе Кіеў па­-ранейшаму прыцягваў амбіцыі ўладароў самастойных княстваў. Але былі і адрозненні — Кіеўская зямля ў вузкім сэнсе ўжо не была наймагутнейшай сярод дзяржаўных утварэнняў Русі, у той час як Полацк захоўваў лідарства ў сваім рэгіёне — Беларускім Падняпроўі.

Полацкая зямля падышла да трэцяга стагоддзя свайго існавання як развіты рэгіён з уласнымі традыцыямі мураванага дойлідства, гандлёвымі шляхамі і досыць устойлівай палітычнай сістэмай. Два стагоддзі развіцця пісьменства і хрысціянства прывялі да ўзнікнення ўласнай культурнай традыцыі і рэлігійна-­асветных лідараў.

Кажучы пра палітычную сістэму, варта адзначыць яе трансфармацыю. З тых крыніц, якія нам даступныя, можна казаць пра тэндэнцыю набліжэння сістэмы арганізацыі ўлады і размеркавання паўнамоцтваў да паўночна-рускай мадэлі з абмежаванай уладай князя, значнай роллю епіскапа і зафіксаваным удзелам полацкага веча ў вырашэнні кардынальных пытанняў улады — змены князёў.

Полацкая зямля была павязаная канфесійна з астатняю Руссю — а менавіта з Кіеўскай мітраполіяй. Ступень гандлёва-­эканамічнага ўзаемадзеяння застаецца не да канца высветленай, хоць археолагі даюць нам сведчанні такіх сувязяў. Але разам з тым Полацкая зямля мела і свае асаблівыя інтарэсы ў знешніх сферах. І тут варта сказаць пра дзвінска-­балтыйскі кірунак пашырэння палітычнага і эканамічнага ўплыву Полацка. Але на гэтым шляху Полацк чакалі і новыя выклікі — узнікненне краіны пад назвай Лівонія, вядомай таксама як Інфлянты.

Нямецкая каланізацыя

У канцы ХІІ — пачатку ХІІІ стст. пачалася нямецкая, ці, больш дакладна, саксонская, каланізацыя зямель паўднёва­ўсходняй Балтыі. Але яшчэ ў сярэдзіне ХІІ ст. купцы з Любека і Брэмена ў сваіх гандлёвых экспедыцыях дасягалі вусця Дзвіны; па слядах купцоў скіраваліся місіянеры. На пачатку 1180­-х Майнгард (Meinhard), манах­-аўгусцінец з Брэмена, высадзіўся на балтыйскім узбярэжжы і шаснаццаць гадоў прапаведаваў хрысціянства сярод ліваў — фіна­вугорскага народа, імя якога і дало назву краіне: Лівонія.

Лівонія ў 1500 г.

Майнгард нават атрымаў дазвол на сваю місіянерскую дзейнасць ад полацкага князя Уладзіміра, да якога звярнуўся па просьбах нямецкіх купцоў — трэба памятаць, што тады лівы былі даннікамі Полацка.

Кантроль Полацка над народамі балтыйскага ўзбярэжжа можна назваць вельмі мяккім альбо абмежаваным. Фактычна Полацк задавольваўся толькі зборам даніны і не праводзіў палітыку хрысціянізацыі. Сёння гісторыкі рэлігіі тлумачаць такую дзіўную для еўрапейскага хрысціянства сітуацыю важным адрозненнем паміж візантыйскай і лацінскай цэрквамі. Візантыйская царква не практыкавала шырокага місіянерства, наадварот, чакалася, што іншыя народы самі звернуцца да Візантыі і будуць прасіць пра хрост і ўваход у візантыйскае цывілізацыйнае кола, як, зрэшты, і адбылося з Руссю. Лацінская ж царква настойвала на пашырэнні катэхізацыі, на духоўным і прававым адваяванні новых тэрыторый. Гэтыя два розныя падыходы і сышліся на паўднёва­ўсходніх берагах Балтыкі.

У 1184 г. Майнгард узвёў першы на землях ліваў касцёл у Юкскюлі (Üksküll) — там, дзе незадоўга да гэтага была заснаваная нямецкая факторыя. Размешчаны на правым беразе Дзвіны (Даўгавы) Юкскуль (латышскае Ікшкіле) быў першым сталым пасяленнем немцаў у краі — з ліўскай і эстонскай моваў назва так і перакладаецца: üx, x — адзін, першы і küll, küle — вёска. Прызнаннем поспехаў Майнгарда стала яго высвячэнне ў 1186 г. на юкскюльскага біскупа. Памёр біскуп Майнгард у 1196 г.

Пераемнік Майнгарда Бертольд Гановерскі, прызначаны біскупам Лівоніі, вырашыў, што супраць непакорных паганцаў павінен быць выкарыстаны меч. Ён дамогся прыраўнання папам ваенных акцый у Лівоніі да крыжовых паходаў. У 1198 г., падчас першага такога паходу супраць ліваў, загінуў сам біскуп Бертольд.

Кнехты — служкі рыцараў. ХІІІ стагоддзе.

 Альберт і мечаносцы

Яго спадкаемца Альберт Буксгёўдэн (Albert von Buxhövden), які высадзіўся на ўзбярэжжы з вайсковай экспедыцыяй з дваццаці трох караблёў, аказаўся больш праніклівым лідарам. Каб суцішыць «вераломных ліваў» біскуп Альберт у 1201 г. заснаваў у вусці Дзвіны замак Рыгу — на месцы ліўскага паселішча, якое было пунктам сустрэчы готландскіх і полацкіх купцоў. Імператар Атон IV у якасці лена ўручыў біскупу Рыгу з навакольнай вобласцю. Так узнікла Рыжскае арцыбіскупства. Каб папулярызаваць вярбоўку ў сваё войска, біскуп Альберт прысвяціў Лівонію Дзеве Марыі ды стварыў у 1202 г. рыцарска­-царкоўную арганізацыю — Fratres Militiae Christi (Ордэн «Братоў Хрыстовага рыцарства»).

Мэтай Ордэна была абарона заснаванага ў Лівоніі Касцёлу і хрысціянізацыя паганцаў: ліваў, латышскіх плямёнаў, эстаў. Браты ордэна давалі зарокі — не браць шлюбу; падпарадкоўвацца Святому пасаду і свайму біскупу; змагацца ўсё жыццё з паганцамі.

Праз тры гады пасля стварэння, у 1205 г., ордэн атрымаў зацверджаны папам рымскім Інакенціем ІІІ Статут, за ўзор якога быў узяты Статут ордэна храмоўнікаў (тампліераў). Члены ордэна падзяляліся на братоў-­рыцараў, братоў­святароў і братоў­ службовых. Браты­-рыцары насілі белыя плашчы з выяваю чырвонага мяча і крыжа над ім. Адсюль паходзіць і пашыраная ў ХІІІ ст. назва рыцараў гэтага ордэна — Schwertbrudere («браты па мячы», «мечаносцы»). Кіраўніка — магістра (майстра, містра) абіралі з ліку рыцараў усе браты ордэна.

Апорнымі пунктамі і структурнымі часткамі ордэна былі правінцыйныя замкі, браты аднаго замка складалі канвент, сход братоў замка — капітул. Кіраўнікамі правінцыйных замкаў былі комтуры (начальнікі замкаў) і фогты (ордэнскія службоўцы, у руках якіх знаходзілася ў тым ліку і судовая ўлада). Беларускае слова «войт» мае ў сваіх вытоках менавіта нямецкае слова: сярэдне-верхненямецкае Voget, Voit — «дазорца, валадар».

Гэтае каласальнае прадпрыемства — каланізацыя паўднёва­ўсходняга ўзбярэжжа Балтыкі — і сёння можа ўразіць маштабамі. Усё сплялося тут: амбіцыі і шчырыя жаданні, авантурызм і бліскучая арганізацыя. Для многіх малодшых сыноў нямецкага рыцарства на радзіме не было перспектываў, і карэнныя народы мусілі бараніць ад іх сваю зямлю. За цывілізацыю прыходзіцца плаціць.

Мечаносцамі рыцараў Лівонскага ордэна называлі з­за эмблемы, на якой былі крыж і меч.

Вядома, нямецкае пранікненне як мінімум можна назваць экспансіяй. Але мы рызыкуем шмат чаго не зразумець у тых падзеях, калі не будзем улічваць рэлігійны фактар. Жак Ле Гоф пісаў пра зараджэнне падвойнага заваёўнага руху, вынікам якога стала пашырэнне хрысціянства ў Еўропе і далёкія крыжовыя паходы ў мусульманскія краіны:

«…фронт евангелізацыі размясціўся на ўсходзе і поўначы Еўропы, праявіўшы тэндэнцыю да зліцця з нямецкай экспансіяй».

Полацк губляе кантроль

Як ужо адзначалася, нямецкая калонія на Дзвіне ад самага пачатку ўступіла ў кантакт з Полацкай зямлёй. Тым больш што падзвінскія княствы Герцыке і Кукенойс, населеныя латгаламі і селамі (а самі гарады — крывічамі), знаходзіліся ў палітычнай сувязі з Полацкам. Альбо нават, як мяркуе значная колькасць гісторыкаў, гэтыя дзяржаўныя ўтварэнні былі васаламі полацкага князя. Адсылаючы да гэтых розных ацэнак, пецярбургскі гісторык і археолаг Васіль Булкін піша: «З аднаго боку, па­-ранейшаму прызнаецца выключнасць Герцыке і Кукенойса як полацкіх уладанняў ХІІІ ст. сярод іншых сінхронных паселішчаў Латвіі, з іншага — падсвядома адчуваецца невыразнасць арганічнай сувязі (што справакавана часткова адсутнасцю летапісанага матэрыялу) паміж імі і іншымі гарадамі Полацкай зямлі».

Асабліва шмат увагі полацкаму кірунку надаваў біскуп Альберт. Хутка адносіны сталі варожымі. 1203 годам датуецца першы паход полацкага князя на лівонскіх немцаў. Тады палачане ўзялі ў аблогу замак Юкскюль, але з замка Кірхгольм немцы нанеслі контрудар. У 1206 г. полацкага князя Уладзіміра ў паход на немцаў запрасілі лівы. Пасярэдніцкая місія Уладзіміра была сарваная. Пра князя Уладзіміра (Woldemaro de Ploceke) мы пэўна ведаем толькі з «Хронікі Лівоніі» Генрыха Латвійскага, ніводная руская крыніца не паведамляе пра такога князя. Але звесткі Генрыха даволі канкрэтныя і не выпадае сумнявацца ў існаванні гэтага прадстаўніка полацкага княскага дома.

Руіны замка ў Кукенойсе (Кокнесе, Латвія). Каменны замак там узвялі лівонцы, адабраўшы ў Полацка кантроль над гэтым фарпостам на Дзвіне.

Пасля таго, як немцы адбілі замак Кірхгольм (сучасны Саласпілс пад Рыгай), узяты ў аблогу лівамі, сам князь Уладзімір рушыў пад ягоныя сцены, але гэты замак, як і Юкскюль, і Гольм, таксама не быў узяты. Аблога Гольма запомнілася сучаснікам тым, што полацкае войска ўжыло там камнямётныя машыны. А неўзабаве віжы данеслі палачанам, што бычылі шмат караблёў у Балтыцы, якія былі прынятыя за нямецкія. Князь Уладзімір адступіў. Цяпер мяркуецца, што тое быў дацкі флот, які плыў на заваёву Эстоніі.

На працягу 1208—1210 гг. пад нямецкі кантроль перайшлі Кукенойс і Герцыке, у выніку дамоваў 1210 і 1212 гг. намінальная ўлада Полацка над лівамі і латгаламі была спыненая, уплыў Полацка ў рэгіёне нейтралізаваны.

Handelsfreiheit

Па Дзвінскай артэрыі ўсталяваліся стабільныя гандлёвыя зносіны. Трэба адзначыць, што для балтыйскага таваразвароту XII—XIII ст. галоўным быў прынцып cвабоды гандлю — handelsfreiheit, які забяспечваў усім купцам — мясцовым і замежным — свабоду перасоўвання і бязмытны гандаль. Тэндэнцыя да ўсталявання ў Лівоніі прывілеяў нямецкага купецтва за кошт русінаў і мясцовых купцоў — за кошт замежных праявілася не раней за канец XIII ст.

Лівонска-­полацкае супрацьстаянне адбывалася на фоне татальнай адсутнасці салідарнасці паміж карэннымі народамі Лівоніі. Латгалы варагавалі з лівамі, а таксама з эстамі. У сваю чаргу латгалы і земгалы былі найбольш лаяльнымі да немцаў. Трэба яшчэ ўзгадаць, што ў 1216 г. у саюзе з эстамі рыхтаваўся новы вялікі полацкі паход супраць Лівонскага ордэна. Полацкі князь запрасіў у паход і літоўцаў. Але нечаканая смерць князя Уладзіміра спыніла выправу войска. Гэта была апошняя спроба Полацка паўплываць на лёс Лівоніі.

Змагар з лівонцамі князь Уладзімір Полацкі, трапіў нават на праект банкнот незалежнай Беларусі ў пачатку 1990­-х.

Немцы сталі гаспадарамі ў Краіне Дзевы Марыі, і, за малым выключэннем, менавіта яны вызначалі гісторыю каланізацыі, гаспадаркі і царквы ў Лівоніі на працягу стагоддзяў. Латышы, эстонцы і лівы (undeutsche — «не немцы» паводле тагачаснай тэрміналогіі) сталі палітычна непаўнапраўным насельніцтвам.

Узнікненне Лівонскай канфедэрацыі

Ад 1210—1211 гадоў, пасля аднаўлення гандлю па Дзвіне, пачынаецца імклівы рост Рыгі. Змяняецца і яе вонкавы выгляд — да 1234 г. заканчваецца будаўніцтва гарадскіх муроў. Дзеля ілюстрацыі дынамікі развіцця Рыгі можна падаць статыстыку росту жыхарства горада: у 30­х гадах XIII ст. колькасць жыхароў ацэнваецца ў 2.400 чалавек, у сяр. XIV ст. (да эпідэміі 50­-х гадоў) — 6—7 тыс. чал., у XV ст. — 8 тыс. чал., у сяр. XVІ ст. — 12 тыс. чал.

Да 1210 г. нямецкія рыцары здолелі ўсталяваць свой кантроль па абодвух берагах Дзвіны, і біскуп Альберт скіраваў іх наступ на поўнач — на тэрыторыю Эстоніі. У 1217 г. мечаносцы разграмілі сілы эстаў ды забілі іх правадыра Лембіту. Але Паўночная Эстонія і выспы заставаліся свабоднымі яшчэ каля дзесяці год. Завяршаючы заваёвы, біскуп Альберт заключыў альянс з дацкім каралём Вальдэмарам ІІ, які ў 1219 г. высадзіўся з войскам на паўночным узбярэжжы Эстоніі. Вальдэмар ІІ быў сынам дацкага караля Вальдэмара I і дачкі менскага князя Валадара Глебавіча Сафіі. Датчане захапілі крэпасць эстаў Лінданіс, на месцы якой быў закладзены Рэвель (Талін). Але пасля вялікага паўстання эстаў 1343—1345 гг. Данія перадала сюзерэнітэт над Паўночнай Эстоніяй Лівонскаму ордэну.

Нягледзячы на падабенства з тампліерамі Статутам, мечаносцы ад самага пачатку залежалі ад улады біскупаў. Толькі ў 1207 г. ордэн здолеў атрымаць ад Рыжскага біскупа Альберта траціну ўсіх заваяваных земляў у якасці лена. Узніклы тады канфлікт рыцараў з біскупам мусіў улагоджваць сам папа. Паступова, калі з пашырэннем каланізацыі ў Лівоніі ствараліся новыя біскупствы, ордэн заключаў з імі такія ж пагадненні, як з Рыгай. У выніку ў ХІІІ ст. Лівонія пачала афармляцца як канфедэрацыя царкоўна­феадальных дзяржаваў, якая складалася з наступных частак: уласна Лівонскага ордэна (59 % усёй тэрыторыі Лівоніі), Рыжскага арцыбіскупства (16 % тэрыторыі), біскупстваў Дэрпцкага, Курляндскага, Эзэльскага, Рэвельскага і 19 лівонскіх гарадоў, найперш — ганзейскага горада Рыгі (25 % пазасталай тэрыторыі).

Ордэнскія землі былі раскінутыя па ўсім краі, але найбольшая іх канцэнтрацыя назіралася на поўначы цяперашняй Латвіі і поўдні Эстоніі, а таксама ўздоўж правага берага Дзвіны. У сваіх уладаннях магістр, арцыбіскуп і біскупы былі суверэнамі, у крыніцах яны называюцца як Landesherr. Апроч таго, асаблівага статусу дамагалася Рыга, што пастаянна было падставай для канфлікту горада са сваім сеньёрам — рыжскім арцыбіскупам. Дадатковую аўтаномію гандлёвым гарадам Лівоніі (Рыга, Рэвель, Дэрпт) надавала іх членства ў Ганзейскім саюзе, у які Рыга ўступіла ў 1282 г. Лівонія падпарадкоўвалася папу, але намінальна край знаходзіўся таксама пад патранатам імператара Святой Рымскай імперыі нямецкай нацыі. Рыжскія арцыбіскупы былі князямі імперыі, хоць часткаю імперыі ў XIII—XV ст. Лівонія не была… Усё ж найбольшы ўплыў на лівонскія справы меў Святы пасад.

Рыжскі замак — адзін за найстаражытнейшых каменных будынкаў — на гравюры 1515.

Трэба ўлічваць усе названыя палітыка-­юрыдычныя суб’екты, калі вядзецца размова пра Лівонію — гэты царкоўна­вайскова­гарадскі кангламерат. Падобная складана­іерархізаваная структура была звыклаю для сярэднявечнай Еўропы, грамадскія сувязі якой грунтаваліся на строга прававой аснове. Сярэднявечнае права (і, можна сказаць, ягоная частка — феадальнае права), а таксама хрысціянскі светапогляд знітоўвалі ў адзіную функцыянальную сістэму аўтаномныя суб’екты тагачаснай Еўропы. Сучаснаму чытачу, без уліку гэтага прававога пачатку, могуць быць да канца не зразумелымі прынцыпы дзеяння такіх складаных дзяржаўна­палітычных утварэнняў. Да ўсяго, тут яшчэ трэба дадаць сувязі Лівонскага ордэна з Нямецкім ордэнам увогуле і Прусіяй у прыватнасці, якія таксама не былі адналінейнымі.

Нямецкі ордэн

Заснаваны ў 1198—1199 гг. у Палесціне падчас Трэцяга крыжовага паходу «Ордэн шпіталя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Іерусаліме» на працягу ХІІІ ст. стаў найбуйнейшым землеўладальнікам сярод усіх рыцарска­-манаскіх арганізацыяў. Тэрытарыяльныя ўладанні ордэна — балеі (Balleien) — былі размешчаныя па ўсёй Еўропе, але найперш на нямецкіх землях і вакол нямецкамоўнага тэрытарыяльнага арэалу: у Аўстрыі, Цюрынг-­Саксоніі, Эльзас­-Бургундыі, Латарынгіі, Кобленцы, Марбургу, Боцэне, Вестфаліі, Нідэрландах, Багеміі. Хоць Статут не абмяжоўваў членства ў ордэне паводле нацыянальных і сацыяльных прыкметаў, з самага пачатку ў гэтай арганізацыі дамінавалі нямецкія рыцары. Хуткае «анямечванне» ордэна прывяло да таго, што ў лацінскай мове яго коратка пачалі называць проста Ordo Theutonicorum (адсюль і пашыраная ў нас назва — Тэўтонскі ордэн), а ў нямецкай мове — Deutsche Orden. Тэўтонскія рыцары насілі на сваіх белых адзеннях чорныя выявы крыжоў, таму палякі і празвалі іх крыжакамі, гэтае слова значна пазней было запазычанае старабеларускай літаратурай.

Катастрофа пад Шаўлямі

Ордэн жа Братоў Хрыстовага рыцарства адчуваў патрэбу ў прытоку новых сілаў дзеля нямецкай каланізацыі Лівоніі. Яшчэ ў 1231 г. магістр Фолквін пачаў перамовы пра далучэнне да Нямецкага ордэна. Параза лівонцаў пры Саўле (пад Шаўлямі) 22 жніўня 1236 г., калі загінула палова рыцараў і сам магістр, паскорыла працэс аб’яднання. У гэтай бітве лівонскае рыцарства дзейнічала разам са сваімі саюзнікамі — ахрышчынымі эстамі, лівамі, латгаламі, а таксама аддзелам з двухсот пскавічоў і асобнымі наўгародскімі ваярамі. Сама гэтая выправа была першым Жамойцкім крыжовым паходам, і аб’яднаным вакол лівонцаў сілам супрацьстаялі жамойты і земгалы. Цяжкая рыцарская кавалерыя захрасла на балацістай мясцовасці і лёгка ўзброеным і мабільным балцкім ваярам заставалася толькі дабіць разбалансаванае войска.

Пасля такой паразы ордэн мечаносцаў ужо не здолеў узнавіцца. 12 мая 1237 г. папа Георгій ІХ і вялікі магістр Нямецкага ордэна Герман фон Зальц далучылі Лівонскі ордэн да Нямецкага. Лівонія стала адною з правінцыяў Нямецкага ордэна; лівонскія рыцары прынялі Статут і сімволіку Нямецкага ордэна, апранулі плашчы яго рыцараў. У Лівонію прыбыло першае падмацаванне — новы правінцыйны магістр Герман фон Бальке на чале 60­-ці прускіх рыцараў. Цяпер Лівонскі ордэн стаў афіцыйна называцца Нямецкім ордэнам Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Лівоніі.

З пункту гледжання юрыдычнага статусу надалей выкарыстоўваць словазлучэнне «Лівонскі ордэн» некарэктна. Але зважаючы на рэальнае становішча Лівоніі, сучаснікі пісалі пра «Ліфлянцкі» ці «Іфлянцкі закон» (у Метрыцы ВКЛ). Кіраўнік усяго Нямецкага ордэна, рэзідэнцыя якога з 1309 г. месцілася ўжо ў Прусіі — у Мальбарку (Марыенбургу), — насіў тытул Вялікага магістра (Вялікі майстар; Hochmeister; magister generalis), кіраўнік жа Лівонскай часткі ордэна меў тытул магістра (майстра; містр у Метрыцы ВКЛ).

Пераможаныя перамаглі

Нямецкі ордэн увогуле, у тым ліку і яго лівонская частка, стаў сур’ёзнай эканамічнай сілай у Балтыйскім рэгіёне, а эканамічныя інстытуты ордэна ў ХІІІ—XVI ст. былі найбольш эфектыўнымі сярод тых, што дзейнічалі ў іншых дзяржавах гэтага рэгіёну. Папскія булы ХІІІ ст. забяспечылі ордэну свабодны гандлёвы абмен з Заходняй і Усходняй Еўропай, у выніку чаго ўзнік дзяржаўны гандаль і была выпрацаваная складаная і разгалінаваная сістэма яго арганізацыі. А для беларускіх зямель Рыга стала тым портам, праз які экспартаваліся хлеб і тавары лясных промыслаў — галоўныя прадметы збыту беларускай і літоўскай шляхты.

Гісторыя Лівоніі пакінула нам некалькі ўрокаў. Можна бачыць, якую высокую цану мусяць заплаціць народы за ўваходжанне ў цывілізацыю, якую потым назавуць Заходняй. З іншага боку, мы пераконваемся ў надзвычайнай плённасці сімбіёзу розных народаў і эфектыўнасці іх сумеснай працы, нават калі гэтае супрацоўніцтва пабудаванае паводле жорсткіх іерархічных прынцыпаў, якія падзялялі немцаў, эстаў, ліваў і латышоў Лівоніі. Але вось урок — гістарычнымі пераможцамі аказаліся ўсё роўна карэнныя народы.

Працяг будзе.

Чытайце таксама:

Алег Дзярновіч. Гісторыя Беларусі. Частка XXXIV. ХІІ стагоддзе: змаганне за Полацк

Алег Дзярновіч. Гісторыя Беларусі. Частка ХХXV. ХІІ стагоддзе: веліч духоўнага жыцця

Алег Дзярновіч. Гісторыя Беларусі. Частка ХХXVII. Стагоддзе жанчын

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера