Знайсці
28.06.2017 / 10:011РусŁacБел

Крэмы ад загару небяспечныя пры кантакце з вадой з басейнаў

Хімікі ў сваім даследаванні паказалі, на якія шкодныя хімічныя злучэнні распадаецца кампанент многіх сонцаахоўных крэмаў — авабензон — пры ўзаемадзеянні з хлараванай вадой і ультрафіялетавым выпраменьваннем. Навукоўцы апісалі вынікі сваёй працы ў часопісе Chemosphere.

Ілюстрацыйнае фота.

Крэмы ад загару, у склад якіх уваходзіць авабензон, выкарыстоўваюць мільёны людзей ва ўсім свеце. Хімічныя УФ-фільтры, да якіх належыць авабензон, паглынаюць ультрафіялет дзякуючы асаблівасцям сваёй структуры. Авабензон адсарбуе ультрафіялетавае выпраменьванне і пераўтварае яго ў хвалі іншай даўжыні, якія не шкодзяць скуры.

Само па сабе гэтае рэчыва бяспечнае, аднак навукоўцам ўдалося паказаць, што ў водным растворы яно здольнае распадацца на шкодныя хімічныя злучэнні.

Эксперыменты змадэлявалі рэальную сітуацыю, калі сонцаахоўны крэм на скуры людзей кантактуе з вадой у басейнах. Разлажэнне авабензону можа адбывацца проста на мокрай скуры чалавека, намазанага крэмам.

Хімікі высветлілі, што ў вадзе кампанент сонцаахоўнага крэму распадаецца з утварэннем двух дзясяткаў арганічных злучэнняў, якія належаць да класаў араматычных кіслот і альдэгідаў, фенолаў і ацэтафенонаў.

Найбольш таксічнымі прадуктамі аказаліся фенолы і хлараваныя ацэтафеноны. Дарэчы, апошнія, у прыватнасці, хлорацэтафенон, уваходзяць у склад слезацечных сумесяў, якія выкарыстоўвае паліцыя для разгону мітынгаў.

Цяпер навукоўцы даследуюць трансфармацыю авабензону ва ўмовах хларавання і брамавання прэснае і марское вады. Пры хлараванні або брамаванні марское вады асартымент прадуктаў распаду авабензону будзе яшчэ шырэйшы, а, калі ў вадзе ёсць солі медзі (у многіх басейнах іх дадаюць для прыгожага блакітнага колеру), то ў вялікіх колькасцях утворыцца бромаформ, які можа негатыўна адбівацца на печані і нырках, а таксама на нервовай сістэме.

Ілля Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера