Знайсці
27.06.2017 / 15:517РусŁacБел

Горват раздаў першых кацянят: мімімішныя ФОТЫ разам з новымі гаспадарамі

Пісьменнік Андрусь Горват каля касы Купалаўскага тэатра раздаваў «сапраўдных прудкаўскіх кацянят». Пакуль што забралі толькі двух хлопчыкаў.

Андрусь Горват з дачкой Варварай і кацянятамі.

Пра тое, што ён плануе прыехаць з кацянятамі ў Мінск, Андрусь на днях паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: кожны ахвотны мог забраніраваць сабе коціка, які скарыў яго сэрца і душу. Сярод двух хлопчыкаў і трох дзяўчынак адразу паклалі вока на пацаноў — №1 і №2. Іх і вёз спадар Горват у аўторак у звычайнай сумцы з Прудка ў сталіцу: у вёсцы ўсе ўжо і так пры катах! Малыя перанеслі першае ў жыцці падарожжа досыць спакойна. Горват жартуе, што гэта таму, што яны з Палесся: у іх своеасаблівы палескі дзэн.

«Я раней больш сабак любіў, а цяпер — катоў. Яны ўмеюць атрымліваць асалоду ад жыцця, кайфаваць — гэтым і падабаюцца. Яны шчаслівыя самі па сабе, гэтаму я ў іх вучуся», — прызнаецца Горват.

А чым прывабліваюць каты тых, хто прыйшоў за імі да Андруся?

Цімафей Дранчук, уладальнік ката №1:

Бонус да кацяняці: кніжка «Радзіва «Прудок», падпісаная аўтарам.

«У дзяцінстве ў мяне былі і кот, і сабака, а апошні час нікога. А тут такая цікавая гісторыя здарылася! У пятніцу ішоў з сынам па вуліцы і ўбачыў рудае кацяня — так яно мне спадабалася, што адразу захацеў сабе. Думаў, што ён без сталага месца жыхарства, але высветлілася, што кот быў сябрам нейкага бамжа, то бок заняты. Таму я мусіў толькі ахвяраваць ім два рублі (і бамжу, і кату). Але мяне захапіла ідэя завесці сабе коціка: пачаў вывучаць спецыяльныя групы ў сацсетках, дзе раздаюць жывёл, ды нешта нічога не знайшоў. А праз дзень убачыў у Горвата вельмі падобнага коціка на таго, якога я сустрэў на вуліцы. Гэта сапраўдны лёс!

Ідэй, як назваць жывёліну, пакуль не маю: лічу, што спачатку з ім трэба пазнаёміцца і, сыходзячы з характару, абраць імя».

Яўген Семчанка, уладальнік ката №2:

«З дзяўчынай мы даўно марылі пра ката. Не так даўно пераехалі ў Мінск і неўзабаве пабачылі гэтую аб’яву: будзе ў нас цяпер жыць не проста кот, а знакаміты кот! Хлопчыка абраў, бо, мне здаецца, з імі прасцей. Падрыхтаваўся я да сустрэчы новага жыхара адказна: ужо і латок набылі, і ежу — усё, што трэба. Дарэчы, для маёй каханай гэта будзе сюрпрыз: пакуль што яна не ведае, што я вярнуся дадому не адзін».

У Прудку ж да гэтага часу застаюцца жыць яшчэ тры маленькія коткі. У суме з трыма сваімі дарослымі катамі ў Горвата іх ажно шэсць выходзіць. Але гэта яго не пужае: «Буду на месцы яшчэ даваць аб'явы пра кацянят: на Мазыр, Калінкавічы… Не выкіну іх дакладна. Калі што, у мяне ж дзве хаты — як-небудзь пражывём».

Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930