Знайсці
26.06.2017 / 23:2316РусŁacБел

Навошта хочуць зносіць Асмалоўку? Сем галоўных пытанняў і адказаў

Падчас сустрэчы прадстаўнікоў улады з жыхарамі Асмалоўкі прагучала шмат пытанняў, але мала адказаў. Некаторыя адказы галоўны архітэктар праекта дэтальнага плану тэрыторыі кварталу Аляксандр Бандарчык і кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Бузоўскі далі ўжо пасля завяршэння афіцыйнай часткі сходу падчас размовы з журналістамі.

Падчас прэзентацыі праекта забудовы Асмалоўкі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Асмалоўка — раён пасляваеннай забудовы ў цэнтры Мінска. Гэта адзінае месца, дзе падобны комплекс будынкаў застаўся цэлым кварталам. У свой час яго рабілі найлепшыя архітэктары з Кіева, Харкава, Масквы і наш зямляк Міхаіл Асмалоўскі, які ў 1945—1951 гадах узначальваў Упраўленне спраў архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР. 

Ці ёсць інвестар?

Цяпер інвестара няма і невядома, калі ён з’явіцца і ці з’явіцца ўвогуле. Знасіць аб'екты трэба на 27% тэрыторыі кварталу. З пункту гледжання бізнэсу, працэнт зносу, большы за 15%, — нерэнтабельны.

Хто можа гарантаваць, што пасля зносу Асмалоўкі не будзе пустыру?

Тэрыторыю па-рознаму ацэньвалі і вырашылі, што найлепшае рашэнне — знос. Каб захаваць гістарычную забудову, яе трэба фактычна пабудаваць наноў з сучасных матэрыялаў. Гэта нерэнтабельна.

«Але, у прынцыпе, рэканструкцыя можа быць. Цяпер мы ўвесь час сутыкаемся з сітуацыяй, калі інвестар прыходзіць на пляцоўку, дзе мяркуецца знос, і кажа: «Я не буду зносіць, давайце я часткова альбо цалкам рэканструюю будынак, які ёсць». Таму цяпер мы ў праектах пішам, што будынак падлягае зносу, ставім кропку і пазначаем: неабходнасць зносу залежыць ад замоўцы на далейшых стадыях праектавання, — патлумачыў Бандарчык. — Меркаванне жыхароў, што за вуглом стаяць пачвары з заведзеным бульдозерам і варта толькі адвярнуцца, як усё паголяць, — далёкае ад праўды».

Што, калі Асмалоўку прызнаюць гісторыка-культурнай каштоўнасцю?

Дэтальны план будзе скарэктаваны. Штосьці могуць дабудаваць ці перабудаваць унутры кварталу. Напрыклад, на тэрыторыі дзіцячых садкоў.

Дарэчы, гэта ўжо трэці дэтальны план. Два папярэднія былі адхіленыя.

Навошта ўсё гэта?

На выпадак, калі прыйдзе інвестар.

Дэтальны план мусіць стварыць пэўныя межы для перабудовы. Напрыклад, хтосьці прыйдзе і скажа, што хоча ўзвесці на месцы Асмалоўкі тры хмарачосы. Прапанову адхіляць, калі дэтальны план падобных будынкаў не прадугледжвае.

Чаму менавіта Асмалоўка?

Да іншых будынкаў ва ўладаў не дайшлі рукі. Альбо дайшлі, але пакуль што не дайшло да грамадскіх абмеркаванняў.

Ці будуць рабіць капітальны рамонт?

Пакуль не зацверджаны план дэтальнай планіроўкі, капітальнага рамонту жыхары могуць не чакаць. Калі будзе канчаткова прынятае рашэнне пра знос ці рэканструкцыю, тады і будзе вырашацца гэтае пытанне.

Трэба адзначыць, што апошні капітальны рамонт у гэтых дамах праводзілі ў 1980-х.

Хто і калі прыме канчатковае рашэнне па Асмалоўцы?

Бліжэйшыя некалькі тыдняў працягнуцца грамадскія абмеркаванні.

Калі дэтальны план па выніках будуць рэкамендаваць да далейшага зацвярджэння, яго накіруюць на экалагічную экспертызу і галоўдзяржбудэкспертызу.

Калі экспертызы будуць пройдзеныя паспяхова, дэтальны план аддадуць на зацвярджэнне ў Мінгарвыканкам, які і прыме канчатковае рашэнне.

Самае хуткае, калі яно можа быць прынята, — праз тры месяцы.

Пяць прычын, чаму Асмалоўка не павінна быць знесеная

Настасся Роўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930