Знайсці
23.06.2017 / 19:0815РусŁacБел

«Дапамаглі чужыя людзі». Сям'я загінулага ў Іспаніі міліцыянта вылятае ў Мінск

Фота Дзмітрыя Брушко

Чытачы TUT.BY прапанавалі дапамогу сям'і, у якой у Алікантэ загінуў бацька. Яны вырашылі прывезці Ірыну і яе дзяцей у аэрапорт, аплаціць зваротны пералёт і проста пабыць побач з імі.

— Дзякуй велізарны неабыякавым людзям! Дзякуючы ім, пытанне вырашылася вельмі хутка, — распавядае знаёмая сям'і.

Нагадаем, 20 чэрвеня падчас адпачынку ў іспанскім горадзе Алікантэ патануў 40-гадовы Аляксандр. Убачыўшы, як яго маленькіх сыноў рэзка стала выносіць у мора, мужчына з жонкай кінуліся іх ратаваць. Але выплылі ўсе, акрамя Аляксандра. Ён памёр на вачах жонкі і дзяцей. Застаўшыся ў чужой краіне, жанчына не ведала, як вярнуцца дадому. Зваротныя квіткі былі набытыя на 1 ліпеня.

Адразу пасля публікацыі з рэдакцыяй звязаўся Андрэй, які жыве ў Алікантэ, і прапанаваў дапамогу.

— Я магу і з дзецьмі пабыць, і проста дапамагчы з арганізацыйнымі пытаннямі. Тут ёсць іншыя беларусы, якія таксама гатовыя дапамагчы Ірыне, — кажа ён.

Крыху пазней патэлефанавала дзяўчына з Мінска. Яна гатовая была ўзяць на сябе ўсе выдаткі па пералёце, але сціпла адмовілася ад каментароў, спаслаўшыся, што проста «хоча дапамагчы людзям».

— Грошы на квіткі на рэйс Барселона — Мінск сабралі супрацоўнікі МУС, дзе працаваў Аляксандр. Зараз Андрэй вязе Ірыну і дзяцей у аэрапорт Алікантэ, увечары яны вылятаюць у Барселону. Усе выдаткі па пералёце з Алікантэ ў Барселону, трансфер, начлег там ўзяла на сябе дзяўчына, якая таксама звярнулася ў вашу рэдакцыю. Яна наогул гатовая была аплаціць усе квіткі да Мінска, — расказвае знаёмая сям'і загінулага міліцыянта. — Чужыя людзі дапамаглі вырашыць пытанне аператыўна. У такі момант Ірыне важна, каб хтосьці быў побач, падказаў, што рабіць, і проста маральна падтрымаў.

У суботу Ірына з сынамі будзе ўжо ў Мінску. Пытанне з адпраўкай цела мужа яшчэ не вырашана, даведку пра смерць прыйдзецца чакаць 15 дзён. Толькі пасля гэтага цела адправяць у Мінск, гэтым пытаннем займаецца страхавая кампанія.

— У цяперашні час кіраўніцтва Дэпартамента аховы МУС робіць усё неабходнае для аказання дапамогі сваякам праваахоўніка. Супрацоўніку было 40 гадоў, каля 20 з якіх ён аддаў службе ў органах унутраных спраў. Характарызаваўся станоўча. Сумленна і адказна ставіўся да выканання сваіх абавязкаў, у складанай аператыўнай абстаноўцы прымаў правільныя самастойныя рашэнні, выяўляў разумную ініцыятыву, за што неаднаразова ўзнагароджваўся. Кіраўніцтва МУС, Дэпартамента аховы і асабісты склад органаў унутраных спраў выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім, - паведамляе сайт МУС.

Кацярына Барысевіч, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера