Знайсці
23.06.2017 / 00:5839РусŁacБел

Берасцеец усталяваў за жонкай відэаназіранне і выклаў інтымныя ролікі ў інтэрнэт

Каб схавацца ад плётак, жанчыне прыйшлося пакінуць родны горад.

У адносінах берасцейцаў Андрэя і Тамары ўсё пачыналася прыгожа — каханне, жарсць і чаканае вяселле. Кажуць, што каханне жыве тры гады, але ў гэтай пары яно пачало трашчаць па швах яшчэ на першым. Першую смуту ў шлюб унесла свякроў: абмяркоўваючы разам з сынам нявестку, яна ўсё мацней пераконвала яго ў яе ненадзейнасці і ў датычнасці да ўсіх смяротных грахоў. Ну, маці ж дрэннага не параіць?

Першым, што пачаў ратаваць ад «грэшніцы» Андрэй, сталі грошы. Тамара інтуітыўна адчула нядобрае і хутка звярнулася ў суд за спагнаннем аліментаў з мужа, тлумачачы гэта тым, што вялікая частка прыбыткаў абыходзіла сям’ю бокам. Сама жанчына ў гэты момант не працавала, таму высвятленне грашовай праўды было для яе жыццёва неабходным.

Відавочна, што давер паміж мужам і жонкай быў страчаны. Андрэй дык і ўвогуле, здавалася, зляцеў са шпулек. Будучы ўпэўненым, што ў жонкі ёсць нехта яшчэ, захоплены рэўнасцю, ён не толькі абсталяваў кватэру бацькоў Тамары, дзе яны жылі, сродкамі відэаназірання, але і наняў некалькі спецыяльных чалавек, каб арганізаваць за ёй сачэнне.

Больш за паўгода мужчына праводзіў сваё «расследаванне». Дайшло нават да таго, што ён сістэматычна наведваў то месца працы сваёй каханай, то яе цырульніка і нават касметолага. Там ён спрабаваў атрымаць дадатковую інфармацыю ды факты пра жонку. Рабіў ён гэта са скандаламі і пагрозамі, у выніку чаго звар’яцелага раўніўца некалькі разоў прыйшлося ўціхамірваць міліцыі.

Тамара не вытрымала, і, не дажыўшы да другіх угодак, падала на развод. Супольных дзяцей у маладых людзей не было, спрэчак пра маёмасць таксама, таму суд досыць хутка задаволіў пададзеную заяву і прызнаў шлюб скасаваным.

Здавалася, абодвум можна пачынаць новае жыццё. Але тое, што адбылося далей, вымусіла Тамару, папярэдне прадаўшы кватэру бацькоў, пакінуць родны горад.

Пакрыўджаны муж так і не змог супакоіцца і, відаць, прагнуў помсты. За гады шлюбу з дапамогай камер відэаназірання «юны аператар і рэжысёр» сабраў вялікі архіў матэрыялаў з інтымнымі момантамі іх сумеснага жыцця. І… выклаў у інтэрнэт.

Гэты ўчынак канчаткова ўпэўніў Тамару ў думцы, што без дапамогі ёй не абысціся. Па парадзе знаёмых яна падрыхтавала заяву пра спагнанне маральнай шкоды ў Выязны трацейскі суд, адну з копій якой адправіла Андрэю. Як ні дзіўна, ён ад зробленага не адмаўляўся.

У выніку вывучэння ўсіх пададзеных матэрыялаў Выязным трацейскім судом была зроблена выснова пра тое, што Андрэй сістэматычна распаўсюджваў звесткі пра былую жонку, якія не адпавядалі рэчаіснасці ды знеслаўлялі гонар і годнасць Тамары. З дапамогай трацейскіх суддзяў мужчына прызнаў сваю віну і нават раскаяўся. Аднак для Тамары гэтага было недастаткова, таму відэааматару давялося цалкам пакрываць суму панесенай маральнай шкоды ў памеры 10 000 рублёў, якую патрабавала ісцец. Добра яшчэ, што адзняты відэаматэрыял не быў парнаграфічным, так бы аднымі грашыма мужчына наўрад ці адкупіўся.

Чытайце таксама:

Што такое Выязны трацейскі суд і як працуе гэта альтэрнатыва дзяржаўным судам?

КК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера