Знайсці
21.06.2017 / 19:458РусŁacБел

У Беларусі з ахвяраў Халакосту патрабуюць грошы? Разбіраемся ў сітуацыі 

Хвалю абурэння ў інтэрнэце ўзняла публікацыя выдання «Габрэйскі свет», у якой сцвярджаецца, што беларускія падатковыя органы збіраюць з «тысяч ахвяраў Халакоста» грошы за дапамогу па лініі «Хэсэдаў». Ці праўда гэта?

Спачатку патлумачым сітуацыю. Габрэі Амерыкі, якія яшчэ памятаюць цяжкае жыццё ва Усходняй Еўропе, пераводзяць грошы ў Беларусь і такім чынам падтрымліваюць сваіх суродзічаў, якія дажываюць тут свой век.

Гэтыя сродкі ў Беларусі размяркоўвае «Хэсэд» — габрэйская дабрачынная арганізацыя. Дапамога можа быць у рознай форме, пераважна гэта дагляд старых: напрыклад, супрацоўніца «Хэсэда» прыходзіць да сталага чалавека і дапамагае яму па гаспадарцы. 

Таксама магчымыя грашовыя пералічэнні, але тут усё строга. Іх можна атрымаць, толькі калі пенсія старога габрэя ніжэйшая за вызначаную ў арганізацыі норму. Тады «Хэсэд» заводзіць для яго асобную карту, з якой ён можа купляць сабе толькі дазволеныя рэчы — па завядзёнцы, гэта прадукты, але не ўсе. Нават мяса нельга — бо яно можа быць не кашэрным. З усімі чэкамі пенсіянеры ходзяць справаздачыцца ў «Хэсэд».

Як «Нашай Ніве» патлумачыў чалавек, які атрымлівае дапамогу ад «Хэсэда» і мае там знаёмых, падтрымка датычыць не толькі ахвяраў Халакосту.

«Гэта ў першую чаргу — ахвяры, але колькі іх засталося? Іншыя справа, што ўскосна можна лічыцца ахвярай Халакосту, калі твае бацькі пацярпелі, а ты ў гэты час нарадзіўся. Але «Хэсэд» абслугоўвае не толькі габрэяў, але і сваякоў — жонак, мужоў ужо памерлых габрэяў. Гэта робіцца не абавязкова ад вялікай любові ці альтруізму, проста ім трэба мець пэўную колькасць сяброў, каб захоўваць квоту для справаздачы перад донарамі. Старых, знямоглых, якія не маюць сваякоў, а таму патрабуюць дапамогі, відаць, не вельмі шмат», — сказала нам крыніца. 

Дык а што ж з той гісторыяй, паводле якой дзяржава патрабуе грошы ад старых?

Цікава, што лісты з просьбай заплаціць падатак прыходзяць не ад падатковай, а ад самога «Хэсэда».

І прыходзяць, трэба сказаць, не ўсім — людзям, з якімі мы гаварылі, і якія атрымліваюць дапамогу ў выглядзе прыходаў сацыяльных работнікаў, ніякіх лістоў не прыходзіла.

У Міністэрстве па падатках і зборах «Нашай Ніве» сітуацыю пракаментавалі так:

«Паглядзіце на ліст, — сказаў прэс-сакратар Сяргей Шкут. — Гэта не наш ліст, гэта ад самога ж аб'яднання габрэяў. Ніхто ў краіне не можа збіраць падаткі, апроч нас. Таму скажу так: уся апісаная сітуацыя толькі пра ўзаемаадносіны грамадскага аб'яднання [Хэсэда] са сваімі кліентамі. А схема падаткаабкладання дабрачынных аб'яднанняў у нас на сайце пазначана, больш дадаць няма чаго».

На жаль, атрымаць каментарый у «Хэсэдзе» мы не змаглі — начальства абяцала «перазваніць», але пасля перастала адказваць на званкі.

Адзначым, што ў сваім фэйсбуку ўладальнік партала Tut.by Юрый Зісер напісаў, што «за гэтую гісторыю Хэсэд мусіць публічна выбачыцца перад усім светам (найперш перад сваімі падапечнымі) і пасыпаць галаву попелам». 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера