Знайсці
21.06.2017 / 13:267РусŁacБел

Гурулёў: што зрабіў гэты чалавек і чаму сышоў

Аляксандр Лукашэнка 20 чэрвеня адправіў у адстаўку кіраўніка Вайскова-прамысловага камітэта Сяргея Гурулёва. Афіцыйная трактоўка — па згодзе бакоў. Што стаіць за адстаўкай сілавіка? Пра гэта мы пагутарылі з вайсковым аглядальнікам Аляксандрам Алесіным.

Сяргей Гурулёў. Фота sputnik.by.

«Наша Ніва»: Якія галоўныя дасягненні Сяргея Гурулёва на пасадзе старшыні беларускага ВПК вы маглі б адзначыць?

Аляксандр Алесін:

Пры Гурулёве была пабудаваная зладжаная кіраваная сістэма. У ведамства з’явілася цэнтралізаваная структура са строгай вертыкаллю.

Удалося захаваць і нават нарасціць тэхналагічны патэнцыял усіх прадпрыемстваў, што ўваходзяць у структуру Вайскова-прамысловага камітэта.

Многія, нават большасць, прадпрыемстваў сталі працаваць з прыбыткам. Яны нарасцілі аб’ёмы экспарта.

Але самым вялікім дасягненнем я б назваў тое, што ў структуры ВПК з’явілася вялікая колькасць невялікіх венчурных кампаній, якія займаюцца бізнэсам у новых нішах і сектарах.

«НН»: Гэта якія нішы?

АА: Дапусцім, у нас з’явіліся прадпрыемствы, якія вырабляюць гранатамёты сумесна з Украінай. З’явіліся прадпрыемствы, якія займаюцца сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы новага тыпа. І цэлы шэраг іншых.

Мне здаецца, што прыватны і акцыянерны бізнэс у вайсковай сферы развіваецца нашмат больш паспяхова, чым у цывільным сектары. Як бы ні было парадаксальна, але ў вайсковым сектары аказалася больш свабоды. Там з’яўляецца вельмі шмат прыватных і акцыянерных кампаній, яны хутка развіваюцца, маюць шмат навінак, арыентаваныя на экспарт.

Канечне, гэта і распрацоўка новых узораў высокатэхналагічнай зброі, найперш для патрэбаў знешняга рынку.

«НН»: Што са зброі і тэхналогій было распрацавана нашым ВПК пры Гурулёве? «Паланэзы», «Кайманы», што яшчэ?

АА:

Калі браць па ступені важнасць для абароназдольнасці краіны, то самым важным з’яўляецца праект «Паланэз». І гэта не толькі адаптацыя кітайскіх тэхналогій да нашых умоваў. Таксама стварэнне Дзяржынскага завода дакладнай электрамеханікі, на якім адбываецца вытворчасць гэтай сістэмы. Ужо шмат кампанентаў гэтай сістэмы вырабляецца ў нас. У прыватнасці, кантэйнеры для рэактыўных снарадаў, кіраваныя сістэмы для рэактыўных снарадаў. Напэўна, дачакаемся, што ў нас таксама будзе вырабляцца цвёрдае паліва і рухавікі да гэтай сістэмы.

З пункту гледжання ўплыву на аператыўна-тактычную і стратэгічную сітуацыю ў нашым рэгіёне — гэта адно з найбольш важных дасягненняў.

Вялікія дасягненні ў нас у галіне радыёлакацыі, стварэнне мабільных радыёлакатараў, тэхналогіі якіх дазваляюць знаходзіць апараты зробленыя па тэхналогіі «стэлс».

І сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія дазваляюць «збіваць» беспілотнікі: разрываць іх сувязь са спадарожнікам, аператарам і выдаючы ім падманныя каардынаты палёта. Гэта выклікае ці крушэнне самалёта, ці пасадку ў патрэбным для нас месцы. Гэта ўсё тэхналогіі сусветнага ўзроўню.

Вядома, гэта і работа па мадэрнізацыі зенітна-ракетных комплексаў, стварэнне ўласных беларускіх зенітна-ракетных сістэм. Дзесьці восенню нам абяцалі паказаць макет чыста беларускай сістэмы.

Ну і ёсць цэлы шэраг больш дробных дасягненняў. Бранятанкавая машына «Кайман» — выдатнае дасягненне, але з гледзішча ўплыву на сітуацыю пералічанае вышэй нашмат больш важнае.

Хаця для сілаў спецыяльных аперацый такая тэхніка вельмі нават неабходная. Улічваючы манеўраны характар вайны, які мы назіраем зараз у Сірыі, а яшчэ раней ва Украіне, то такая тэхніка запатрабаваная на знешнім рынку.

«НН»: У нас жа яшчэ ёсць добрыя прыцэлы.

АА: Прыцэлы ў нас традыцыйна моцныя, яшчэ да Гурулёва, гэта савецкая спадчына.

Цяпер мы сумесна з Іарданіяй вырабляем гранатамёты. Там агнявая частка расійская, прыцэлы — беларускія. У выніку ў Іарданіі вырабляюцца гранатамёты «Хашым». Таксама плануецца стварэнне на беларускія грошы ў Іарданіі прадпрыемства, якое б забяспечвала іарданскі рынак нашымі прыцэльнымі комплексамі.

«НН»: У чым прычына адстаўкі Гурулёва?

АА: Час кіраўніцтва ВПК Гурулёвым я ацэньваю дастаткова пазітыўна. Напэўна, можна было б дасягнуць большага, але ўмовы вельмі жорсткія. Вельмі слабое фінансаванне, выдзяленне сродкаў на патрэбы пераўзбраення і мадэрнізацыю войска вельмі неістотныя.

Сыходзячы з даступных рэсурсаў, пад кіраўніцтвам Гурулёва было зроблена дастаткова многае. Пры гэтым існуе адзін вельмі вялікі прабел, але гэта не віна Гурулёва, а ягоная бяда — недахоп сродкаў на мадэрнізацыю войска. Гэта не дазваляе вялікую частку распрацовак нашага ВПК укараняць у саму беларускую армію. Гэта ж усё каштуе грошай, а нашы не могуць купіць.

Гурулёў не змог, мабыць, выканаць нейкія паручэнні Лукашэнкі ці не згадзіўся іх выконваць, таму і пакінуў пасаду. Думаю, яму была пастаўленая задача ў найкарацейшыя тэрміны, не звяртаючы ўвагі на фінансавыя рэсурсы, укараніць у беларускую армію беларускія распрацоўкі. А гэтае валявое рашэнне Лукашэнкі цяжкавыканальнае, бо патрэбныя грошы. Таму мог адбыцца такі канфлікт інтарэсаў. Гэта маё асабістае меркаванне.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031