Знайсці
19.06.2017 / 22:244РусŁacБел

На працу як на катаргу: дзе ўзяць матывацыю

Панядзелак, а вы ўжо марыце пра выхадныя? Тады вам трэба абавязкова прыслухацца да парад нямецкага эксперта.

Мабыць, у жыцці кожнага бываюць перыяды, калі жудасна не хочацца ісці на працу і адчуваеш толькі адно жаданне — забіцца з галавой пад коўдру, заплюшчыць вочы і пра ўсё забыцца. Прычынай таму зусім не абавязкова павінна быць лянота. Значна часцей крадуць энергію стрэс на працы, пастаянная спешка, дрэнныя адносіны ў калектыве, мобінг з боку начальства або калег, адсутнасць маральных і матэрыяльных стымулаў да таго, каб з аддачай працаваць. Такія фактары — сур'ёзныя падставы для маркоты. А калі падобны стан доўжыцца даўжэй за два тыдні, то ён небяспечны апатыяй — цяжкім псіхічным расстройствам, якое працякае хранічна і нават можа прывесці да інваліднасці, піша DW.

«У адных нежаданне ісці ў офіс можа паўстаць рэзка, у адзін момант, у іншых непрыязнасць да працы назапашваецца гадамі. У любым выпадку, не пазайздросціш тым, хто ўжо ў панядзелак пачынае лічыць, колькі дзён засталося да выхадных, а ў канцы адпачынку трасецца ад страху пры адной думцы пра сустрэчу з калегамі і начальствам. Канцэнтруючыся на негатыве, мы пазбаўляем сябе энергіі. Адмоўныя эмоцыі імгненна змяняюць біяхімічны склад крыві, выклікаюць стомленасць, адымаюць у чалавека сілы. Гэта вельмі небяспечна», — перасцерагае берлінскі кансультант па пытаннях кар'еры Енс Янаш і дае шэраг парад, як змяніць сітуацыю да лепшага.

Працуйце з поўнай аддачай

Успрымайце сваю працу не як катаргу або сродак дасягнення мэты, а як творчы працэс. Чым бы вы ні займаліся, рабіце гэта сумленна. Так можна захапіцца нават тым, што вам напачатку не даспадобы. Падыходзьце да любой працы з усёй сур'ёзнасцю — і ваша дзейнасць набудзе сэнс. Пабольш эксперыментуйце і знаходзіце такія спосабы працаваць, якія дазволяць вам дамагчыся найлепшых вынікаў. Пры гэтым не забывайцеся сябе хваліць. Чым вышэйшая ў вас самаацэнка, тым шчаслівейшым вы будзеце сябе адчуваць.

Пашырайце свае гарызонты

Рэгулярна запісвайцеся на курсы павышэння кваліфікацыі, старайцеся пераймаць досвед больш паспяховых калег, займайцеся самаадукацыяй. Пастаяннае імкненне да развіцця не толькі матывуе, але і спрыяе асобаснаму росту і ўдалай кар'еры.

Вучыцеся кіраваць сваім часам

Правільны тайм-менеджмент — гэта шлях да поспеху, але як складана яго пераадолець! Абавязкова вядзіце дзелавы каляндар-памятку. Ён дапаможа вам эфектыўна выкарыстоўваць свой асабісты і працоўны час, зробіць жыццё плённым і камфортным. Парадак у жыцці робіць чалавека больш шчаслівым.

Раскрывайце свае таленты

Старайцеся браць на сябе задачы, пры выкананні якіх вы зможаце з максімальнай паўнатой раскрыць свае здольнасці і таленты. Удзел у падобных праектах будзе прыносіць сапраўднае задавальненне, і вы адчуеце сябе на вышыні, бо зразумееце, што ад вас шмат што залежыць. Поспех і прызнанне ў калектыве забяспечаныя.

Атрымлівайце задавальненне ў шляху на працу

Як паказваюць навуковыя даследаванні, чалавек, які дабіраецца на працу і з працы дадому ў гадзіну пік на асабістым ці грамадскім транспарце, адчувае нават больш стрэсу, чым лётчык-знішчальнік падчас баявога палёту. Таму паспрабуйце зрабіць так, каб дарога была прыемнай. Калі вы ездзіце ў электрычцы, чытайце цікавую кнігу ці газету, а калі вы за рулём, слухайце прыемную музыку ці аўдыёкніжкі.

Абавязкова займайцеся спортам

Заняткі спортам здымаюць напружанне і спрыяюць утварэнню гармонаў шчасця. Таму кожны дзень добра пачынаць з зарадкі. Ну, а калі вы, да таго ж, будзеце рэгулярна праводзіць і больш сур'ёзныя трэніроўкі- - скажам, тройчы ў тыдзень здзяйсняць паўгадзінныя прабежкі, — то добры настрой і прыліў энергіі вам гарантаваныя.

Трымайцеся далей ад непрыемных людзей

Старайцеся як мага менш мець зносіны з нервовымі людзьмі, якія прымаюць усё ў штыкі, выклікаюць адмоўныя эмоцыі і псуюць навакольным настрой. Лепш знаходзіцца ў кампаніі вясёлых, жыццярадасных, пазітыўных, адэкватных людзей, якія ўмеюць выслухаць і зразумець суразмоўцу, свецяцца любоўю і гармоніяй. Пагутарыш з такім чалавекам — і маркоце канец.

Але наогул, для таго каб змяніць сітуацыю, трэба спачатку ў ёй разабрацца, падкрэслівае Енс Янаш.. Сам ён выкарыстоўвае тут прынцып аналізу па графічнай табліцы, якая складаецца з вертыкальнай і гарызантальнай шкал.

Вертыкальная шкала — часовая. На ёй па парадку пазначаныя асобныя гады вашай працы ў дадзенай кампаніі. А на гарызантальнай адзначаецца ўзровень вашай матывацыі на працягу гэтых гадоў: мінімальная адзнака — 1 бал, максімальная — 10 балаў.

«Прасачыўшы дынаміку развіцця вашай матывацыі, паспрабуйце знайсці адказы на такія пытанні: ці змянялася на працягу мінулых гадоў паводзіны калег у адносінах да вас і па якіх прычынах? Якую метамарфозу зведалі вашы адносіны з начальствам і чаму? Якія вам абяцалі перспектывы, калі вы пачыналі працаваць у гэтай фірме, і ці стрыманыя гэтыя абяцанні? Ці атрымлівалі вы задавальненне ад працы на старце і як ідуць справы цяпер? Ці ёсць шанцы змяніць сітуацыю да лепшага і, калі так, то якія? Разабраўшыся з усім гэтым, вы зразумееце, ці варта працягваць працаваць у дадзенай кампаніі, або ўсё-такі лепш пашукаць іншы варыянт», — лічыць Янаш.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930