Знайсці
21.06.2017 / 07:5529РусŁacБел

Беларус Данік Бука, які стаў чэмпіёнам Польшчы па муай-тай: «Паступіў на эканоміку, каб даказаць, што спартсмены не тупыя» 

Даніку ўсяго 20 гадоў, але ён паспеў праславіцца на ўсю Беларусь скандалам з жоўта-блакітнымі «бандэраўскімі» стужкамі, перамагчы палякаў на спаборніцтвах ды паспрабаваць сябе ў ролі памочніка трэнера Віталя Гуркова.

Данік з узнагародай за 1-е месца на Кубку Польшчы па муай-тай.

Пра родную вёску і сям'ю

Данік нарадзіўся ў вёсцы Валодзькава Глыбоцкага раёна, дзе, акрамя іх сям’і з чатырох чалавек, на сёння стала пражывае толькі тры «абарыгены». Нягледзячы на тое, што там няма ні руху, ні нейкіх архітэктурных помнікаў, ведаюць гэтыя мясціны далёка за іх межамі. Юлія, маці Даніка, заснавала ў вёсцы аграсядзібу «Родны кут», якую за год наведвае каля тысячы гасцей. Пакуль іншыя з’язджалі з вёскі, яна вярнулася і толькі з дапамогай дзяцей пачала ратаваць пакінутыя хаты, ператвараючы іх у частку аўтэнтычнага космасу, цікавага гарадскім турыстам. Адметна, што сустракаюць іх тут выключна па-беларуску: сям’я шануе айчынную гісторыю і традыцыі.

Данік вось таксама, хоць і вучыцца ў Польшчы, і першы баксёрскі тытул пераможцы ў яго таксама польскі, але на ўзнагароджванне выйшаў у цішотцы з Віталём Гурковым ды напісаў на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы «ЖывеВечна».

Пра права на мову і заняткі спортам

«Відаць, шмат у чым на мяне паўплываў старэйшы брат Аляксей, які таксама барацьбой цікавіўся. У гадоў 12 я запісаўся на секцыю па грэка-рымскай, потым спрабаваў каратэ, кунг-фу і, нарэшце, трапіў на нейкае падабенства тайскага бокса. Падабенства — таму што, зразумела, у глыбоцкім дзяржаўным фізкультурна-аздараўленчым комплексе ніякіх спецыялістаў не было. Проста прыходзілі больш-менш дасведчаныя хлопцы, трэніраваліся разам з намі, потым сыходзілі, а на іх месцах з’яўляліся новыя. Нейкай сістэмнасці ў гэтым не было», — расказвае Данік.

Сістэмнасць з’явілася ўжо ў Польшчы, калі ён выйшаў там на клуб «Gorila». Але пераехаў хлопец у Варшаву не толькі каб займацца муай-тай. Галоўнай мэтай было атрымаць добрую адукацыю. Па той жа прычыне ён спачатку хадзіў за тры кіламетры ў суседнюю вёску, а з 5 па 11 клас усе будні жыў у глыбоцкім інтэрнаце, каб мець магчымасць наведваць адзіную ў раёне беларускамоўную гімназію. Праўда, яго выпуск стаў апошнім цалкам беларускамоўным: калі бацькам дазволілі абіраць мову навучання сваіх дзяцей, сітуацыя змянілася на карысць рускай.

У гутарцы Данат працягвае школьную тэму: «З нашай гімназіяй звязана шмат галосных момантаў. Так, гэта тут дырэктар назвала ўкраінскі сцяг «фашысцкім» і «бандэраўскім», калі мы з сястрой падчас майдана ў знак салідарнасці з суседзямі прапанавалі насіць на адзенні жоўта-блакітныя стужкі».

Пра траўмы і знаёмства з Гурковым і «Brutto»

Эканамічную спецыяльнасць хлопец абраў, бо хацеў зламаць стэрэатып, што байцы тупыя. У беларускія ВНУ не паступаў, бо не верыў, што эканамічны профіль у краіне, дзе з гэтым справы ідуць не вельмі, можа выкладацца нармальна. Тым больш у Польшчы ўжо навучаўся яго брат Аляксей: асвойвацца было прасцей. Лёша ўвогуле ў іх сям’і замяніў бацьку. Кагосьці адсутнасць гаспадара ў дома магла б падкасіць, але Букаў, лічыць Данік, наадварот, аб’яднала: «Мы з дзяцінства трымаліся адзін аднаго, усім дзяліліся, дапамагалі маці з гаспадаркай, а яна вучыла нас галоўнаму: калі ты не зробіш нешта, гэтага не зробіць ніхто, таму трэба падымаць пятую кропку і працаваць».

Праўда, краіна адпусціла за мяжу не адразу: ваенкам вельмі хацеў бачыць хлопца ў войску, прычым даваў ясна зразумець, што з яго біяграфіяй (залішняя актыўнасць і маці-«бэнээфаўка») больш за чыгуначныя войскі яму не свеціць.

Зараз штодзённыя трэніроўкі ў клубе «Gorila» з лішкам замяняюць яму вайсковую падрыхтоўку. Тут б’юцца ўсе: і хлопчыкі, і дзяўчынкі, і нават малыя дзеці. Але муай-тай — гэта вам не проста набіць морду саперніку. Тайскі бокс — гэта асаблівая тэхніка, характар і нават філасофія.

Трэніроўка з Гурковым (злева).

Хлопец актыўна падтрымлівае сувязь з Віталём Гурковым, які праводзіць для байцоў семінары. Разам з братам яны былі першымі, хто дапамог зладзіць у Варшаве дэбютныя выступы «Brutto». Беларусы тут трымаюцца адзін аднаго, аднак ёсць і персанажы, як гаворыцца, з зоркай у лбе.

«Некаторыя беларусы, якія выехалі за мяжу, чамусьці адразу адчуваюць сябе вельмі крутымі. Гэта непрыемна. У прынцыпе магу адзначыць, што, у параўнанні з нашай моладдзю, польскія хлопцы і дзяўчаты больш адкрытыя».

За паўтара года цяпер ужо сістэмных трэніровак Данат паспеў атрымаць ад заняткаў боксам некалькі «падарункаў». Ён з усмешкай пералічвае свае траўмы: «Крыху баліць плячо, крыху — галёнкаступнёвы сустаў, недзе на целе ёсць сінякі, але, акрамя носа, пакуль нічога не ламаў». У спорце, лічыць хлопец, без гэтага нікуды, і збіраецца біцца, пакуль ёсць да гэтага запал. У будучыні ён не выключае магчымасці вярнуцца на радзіму і ў якасці трэнера дэманстраваць таямніцы муай-тая ўсім жадаючым.

«Не хацелася б заставацца ў чужой краіне, канечне. Задача была ў тым, каб атрымаць добрую адукацыю і пасля з гэтай базай прыносіць карысць сваёй краіне. Так шмат хто з маладзёнаў хацеў бы, але не ўсе бачаць перспектыву вяртацца назад: з’язджаюць самыя смелыя, крэатыўныя і разумныя, бо ў Беларусі ім не ўдаецца займацца тым, чым хочацца. Мяне суцяшае толькі адно: у нашай сям’і ёсць свой «Родны кут», месца, куды можна завітаць у любы момант, бо цябе там любяць і чакаюць», — разважае хлопец.

Пра каханне

Мабыць, камусьці будзе цікава, ці вольнае сэрца нашага героя? Данік кажа, што так. Аднак не спяшайцеся радавацца: ён лічыць, што каханне можа пашкодзіць кар’еры і вучобе. «Я бачыў шмат дрэнных прыкладаў, калі людзі развіваліся, а потым сустракалі «лав», і гэта развіццё спынялася. Я не тое што баранюся, проста, відаць, пакуль не сустрэў тую, якая б заняла маё сэрца. Адно магу сказаць дакладна: знешнасць — не галоўнае. Куды важней асоба. Можа, я залішне рамантык і ідэаліст, але я выхоўваўся на класіцы беларускіх пісьменнікаў, таму інакш думаць, відаць, не магу».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў героя

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930