Знайсці
13.06.2017 / 21:5766РусŁacБел

«Хачу аддаць унукаў у беларускамоўную школу»: дэпутат з КДБ склаў топ-6 пагроз нацыянальнай бяспецы

Пятро Атрошчанка — экс-намеснік начальніка КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Падчас службы займаўся барацьбой з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. Цяпер ён сябра камісіі па нацыянальнай бяспецы ў Палаце прадстаўнікоў.

Фота pravo.by

Зрэшты, пра сваю работу Пятро рэдка кажа ў мінулым часе — падкрэслівае, што належыць да спецслужбістаў.

«Наша Ніва» папрасіла Атрошчанку паразважаць на тэму галоўных выклікаў нацыянальнай бяспецы — пра што мы сёння павінны клапаціцца?

Прапануем вам топ пагрозаў бяспецы па версіі палкоўніка.

1 месца. Тэрарызм

«Як супрацоўніка праваахоўных органаў, мяне больш за ўсё хвалююць праблемы тэрарызму. Чаму? Тое, што адбываецца, прымушае задумацца. Асобныя еўрапейскія краіны заяўляюць нават пра магчымасць змены заканадаўства для папярэджання выклікаў. Бо што такое — тры тэракты цягам кароткага часу толькі ў Брытаніі? Мы таксама прынялі новую рэдакцыю закона аб барацьбе з тэрарызмам. У нечым гаворка ідзе пра абмежаванне правоў чалавека, але гэта вымушана. Людзей праблема тэрарызму вельмі хвалюе і ў нашай краіне, гэта страшна, яго цяжка прадказаць. Таму я стаўлю гэта на першае месца.

Чытайце таксама: Ад пачатку года ў Беларусі затрыманыя восем тэрарыстаў

2 месца. Эканоміка

Калі я пачынаў нараду ў аддзеле эканамічнай бяспекі, я казаў заўсёды: «Хлопцы, не будзе эканомікі — не будзе нічога». Сюды адносім і зніжэнне вытворчасці, рост цэнаў, зніжэнне інвестыцыйнай актыўнасці. Малы аб’ём інвестыцый — гэта нават асобным пунктам можна выносіць. Усё гэта вядзе да пагаршэння ўзроўню жыцця, сацыяльнай напружанасці. Карупцыя? Я б не выдзяляў асобна гэты пункт. У нас карупцыя местачковая, маленькая. Сваяцтва? Можа быць, для гэтага і праводзіцца аптымізацыя, каб выявіць эфектыўнасць работнікаў.

3 месца. Ізаляцыя

Ізаляцыю дзяржавы аднясём да палітычных пагрозаў. Тут мноства фактараў уплываюць на сутнасць, пашыранасць ізаляцыі, яе вынікі. Але што гэта пагроза — адназначна.

4 месца. Інфармацыйная пагроза

Інфармацыйная пагроза — вельмі істотны момант. Сёння такія маштабы абмену інфармацыяй, што цэлую дзяржаву можна змяшаць з брудам, кампраметаваць, абвінаваціць. Любы ўкід можа быць успрыняты як праўда. Але я супраць замоўчвання негатыўных момантаў, бо куды мы прыйдзем тады? Раскажу такую гісторыю з жыцця — у 1986 годзе я быў старшым лейтэнантам, служыў ва Узброеных сілах. Быў на сутачным дзяжурстве з 30 красавіка па 1 мая. І вось, іду дадому, і мне па вялікім-вялікім сакрэце кажуць, што адбылося нешта страшнае — узарвалася АЭС! Праз пяць дзён! Гэта жахліва. Што да ўплыву замежных СМІ на беларускую аўдыторыю, то я скажу так — я сябра парламенцкага сходу саюзу Беларусі і Расіі, мы ўжо некалькі разоў сустракаліся з калегамі і казалі ім пра ціск на Беларусь з расійскіх каналаў, нават калі гэта ўсё яшчэ толькі пачыналася — я пра гісторыю з Данквертам. І самае галоўнае, што яны [рускія] пра ўсё гэта ведаюць. І высновы з тых размоў я зрабіў не як дэпутат, а як супрацоўнік сілавых структур. Але тут зноў выплывае на першае месца эканамічная сфера — калі станем мы багацейшыя, то стане ўсё мацнейшым — і нашае тэлебачанне ў тым ліку, будзем і мы камусьці дыктаваць тады свае ўмовы, можа быць.

5 месца. Эміграцыя розуму

Хай мяне тройчы пераконваюць, што мы былі лепшыя за сучасную моладзь, гэта не так — яны разумнейшыя. Беларуская моладзь вельмі таленавітая. У любой сферы можна знайсці чалавека, які шматкроць кампетэнтнейшы за тых, што 30 гадоў таму быў у гэтым узросце. Прыклад з маёй сферы — некалі тыя хлопцы, якія хацелі стаць сілавікамі [гаворка пра Інстытут дзяржаўнай бяспекі], прыходзілі да мяне на суразмоўе. Так, блыталі Лермантава з Булгакавым, але па вузкіх пытаннях былі вельмі кампетэнтныя. І так у любой сферы — праграмісты, даследчыкі і гэтак далей. Вялікая колькасць таленавітай моладзі з’язджае. І вось гэта — пагроза. Тут нават не дэмаграфія — спецыялісты кажуць, што пасля 2020 года ў нас будзе ўздым — я канкрэтна пра мазгі, якія краіна страчвае. Тыя мазгі можна затрымаць толькі прызнаннем, гэта першае. Грошы — другі, але таксама істотны момант. Я ўсё ж лічу прызнанне і запатрабаванасць важнейшымі.

6 месца. Падзенне патрыятызму

Чаму моладзь не хоча ў войска? Задаваўся гэтым пытаннем неаднаразова. Чаму мы дасягнулі таго, чаго дасягнулі? Чаму ідзеш па вуліцы, а табе насустрач дзеўкі з півам? Чаму заходзіш у трамвай, а там два хлопцы ганарацца, што яны за праезд не заплацілі? Вы каго абулі тым самым, дзяржаву? Дык вы сябе абулі! Гэта што, да нас звонку прыйшло — ад амерыканцаў, «гадаў», ці ад немцаў? Ды не, гэта мы самі недапрацавалі! Гляньце на нашых футбалістаў падчас гімну, на Глебаў хвалёных… а пасля прыйшоў Крывушэнка, набраў моладзь — дык яны абняліся перад гульнёй, гімн праспявалі, біліся за Радзіму і перамаглі балгараў, якія ў сетцы вышэй. Таму… недастаткова працуем у гэтым кірунку, мне здаецца. Вы правільна кажаце, што нам ёсць чым ганарыцца — сорамна не ведаць пра першую Канстытуцыю ў Еўропе, ці пра Скарыну, ці пра Барыса Кіта. Я вам так скажу, я асабіста ўжо гаварыў з дачкой, каб аддаць унукаў у беларускую школу. Мы з імі спрабуем гаварыць па-беларуску, каб яны разумелі мову, хаця ім толькі па тры гады з паловай. Але нельга, я думаю, браць меч і рубіць — скажам, ставіць задачу, каб да 2050 года ўсе загаварылі па-беларуску. Гэта не самае галоўнае, але і тое, што я ўвесь час не размаўляю па-беларуску, не замінае мне ведаць гісторыю сваёй краіны. Ад патрыятызму, насамрэч, шмат чаго ідзе. Тыя ідэалы патрэбны, каб паважаць зямлю, сваю дзяржаву. Заробкі ў канверце і ўхіленне ад падаткаў — гэта ж таксама ад недахопу патрыятызму ў нейкім плане.

А ці можна быць патрыётам пад бела-чырвона-белым сцягам? Ведаеце, сімволіка — таксама не самы галоўны крытэр незалежнасці. Але мне выбаршчыкі часта задавалі пытанне, як я стаўлюся да сцяга, гімна, «Пагоні». Я думаў пра гэта і перакананы, што калі будзе такая патрэба — трэба правесці рэферэндум. Паверце, і ў мяне знаёмых, якія трымаюцца гэтых сімвалаў, шмат. Але меркаванні ўсё ж разыходзяцца. Вы мусіце разумець, што шмат людзей дагэтуль жывуць у Савецкім Саюзе. Ім важныя хаця б частковыя згадкі іх мінулага жыцця, калі быў камунізм, калі мы ўсе жылі ў сваім закрытым куце і ні пра што не ведалі. Я думаю, што калі б такі рэферэндум адбыўся сёння — то яшчэ б перамагла постсавецкая сімволіка. Але едзе машына з БЧБ-налепкай — хай едзе. А то памятаю, паказалі брамніка «Крумкачоў», а ў яго на пальчатках БЧБ-палоскі. Ну і што? Навошта кагосьці правакаваць і засяроджваць на гэтым увагу? Ну, і ў мяне майка з такімі колерамі таксама ёсць, а на рабочым стале вось стаіць дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг. Ці маглі б суіснаваць два сцягі? Я думаю, што так, абсалютна. А ўвогуле, я патрыётамі захапляюся. Вось нядаўна сустрэў дырэктара аднаго сельскага клуба, мы праходзілі праз парк. Ён паказвае возера закінутае, кажа, я дамовіўся з мінскім камерсантам, ён тут пляж зробіць, будуць дзеткі тут плаваць. А ён сам з Балтыі, здаровы такі хлопец фізічна. Ну а я кажу — гэта ж трэба, вось ты не беларус, а так пра тутэйшыя месцы дбаеш. А ён адказвае, маўляў, вы, канечне, прабачце, але калі мне хто скажа, што я не беларус, я таму морду наб’ю. Вось так! А то некаторыя сапраўдныя беларусы толькі і чакаюць, пакуль у суседа карова сканае. Таму падзенне патрыятызму я ацэньваю як пагрозу.

Напрыканцы гутаркі наш суразмоўца таксама адзначыў, што ваенныя пагрозы Беларусі ён ставіць на самае апошняе месца з усіх магчымых.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930