Знайсці
13.06.2017 / 12:3614РусŁacБел

Ад WhatsApp да «Сігнала»: топ-5 найбольш бяспечных месенджараў

Большасць стваральнікаў сучасных месенджараў так ці інакш імкнуцца клапаціцца пра бяспечны абмен паведамленнямі паміж карыстальнікамі. Зараз можна нават казаць пра сусветны трэнд у абароне трафіку, які перадаецца ў інтэрнэце. Яго прытрымліваюцца ўсе буйныя распрацоўшчыкі.

Наш рэйтынг найбольш бяспечных месенджараў выглядае наступным чынам.

1. WhatsApp

У красавіку мінулага года WhatsApp перайшоў на end-to-end шыфраванне на ўсіх платформах, што азначае, што размовы могуць быць прачытаныя толькі вамі і вашым суразмоўцам. Праз некаторы час пасля гэтага ўзнікалі папярэджанні, што ў сістэме абароны WhatsApp маюцца пэўныя праблемы, але ў рэшце рэшт высветлілася, што гэтыя навіны не што іншае як фэйк.

Спампаваць для Android

Спампаваць для iOS

2. Signal

Адносна новы месенджар, які ўпэўненымі крокамі ідзе наперад і становіцца ўсё больш папулярным і ў Беларусі.

З дапамогай Signal можна абменьвацца паведамленнямі і званкамі з абанентамі са сваёй тэлефоннай кнігі. Уся інфармацыя зашыфраваная і нават стваральнікі дадатку не могуць атрымаць да яе доступ. У доказ гэтаму ў праграмы цалкам адчынены код, які можна прагледзець на GitHub.

Signal, як амаль усе сучасныя месенджары, прывязваецца да тэлефоннага нумару і працуе ва ўсіх краінах. Ёсць магчымасць адправіць менш важныя перапіскі ў архіў, дзе яны будуць захоўвацца, пакуль не спатрэбяцца вам.

Дадатак спансуецца супольнасцю і за кошт грантаў. Распрацоўшчыкі абяцаюць адсутнасць рэкламы і якіх-небудзь спосабаў манетызацыі ў будучыні.

Спампаваць для Android

Спампаваць для iOS

 3. FrozenChat

«Замарожаны чат» таксама прапаноўвае end-to-end шыфраванне з OTR (Off the Record, або «без запісу»). Гэта значыць, што вы не толькі маеце абарону вашае перапіскі ад чужых вачэй і можаце спраўдзіць, з кім вы размаўляеце, але таксама можаце быць упэўненыя, што ніхто не падробіць вашае паведамленне.

У дадатку ёсць дзіўная фішка. Пасля таго, як размова скончана, кожны можа ўносіць праўкі ў любое чужое паведамленне, таксама як і вы можаце «падрабіць» паведамленні вашага суразмоўцы.

Атрымліваецца, ніхто не зможа даказаць, што тое ці іншае паведамленне было напісанае менавіта вамі.

Спампаваць для Android

 4. ChatSecure

Як і FrozenChat, ChatSecure выкарыстоўвае сістэму OTR, а таксама адкрыты XMPP-пратакол. Android-версія месенджара ўжо амаль не падтрымліваецца, але версія для iOS усё яшчэ актыўна распрацоўваецца.

Напачатку размовы вы ўбачыце лічбавы адбітак пальца і спраўдзіце адпаведны адбітак сябра, каб пераканацца, што ніхто не перахоплівае паведамленні. 

ChatSecure таксама ўключае ў сябе эксперыментальную функцыю, якая дазваляе выкарыстоўваць Tor, што дапаможа схаваць вашае месцазнаходжанне.

Спампаваць для Android

Спампаваць для iOS

 5. Telegram

Прадукт Паўла Дурава, створаны ім пасля сыходу з «Укантакце», Telegram з’яўляецца адным з самых папулярных бяспечных месенджараў. Але не ўсё так адназначна. Ёсць магчымасць ствараць сакрэтныя чаты, якія можна адкрыць толькі на тых прыладах, дзе яны былі створаныя. Але лакальная база дадзеных паведамленняў не шыфруецца па змоўчанні, так што вы павінны самастойна ўсталяваць пароль. А алгарытм шыфравання, які выкарыстоўваецца для сакрэтных чатаў, MTProto, стварылі самі распрацоўшчыкі Тэлеграма. Давяраць ім ці не — асабістая справа кожнага карыстальніка. Зрэшты, тэрарысты Ісламскай дзяржавы давяраюць.

Спампаваць для Android

Спампаваць для iOS

Ілля Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера