Знайсці
14.06.2017 / 07:55РусŁacБел

Новы сезон «Картачнага доміка» (House of Cards) нясе адбітак Трампа

Піша Антон Лявіцкі.

Выйшаў чарговы сезон «Картачнага доміка» («House of Cards»). Уражальная гісторыя палітычнай кар’еры Фрэнсіса Андэрвуда пры прэзідэнце Трампе крыху губляе фарбы.

Як працуюць палітсерыялы

Гэта тлумачыцца найперш тым, як пабудаваная большасць серыялаў. Яны функцыянуюць як складаны баланс між рэалістычнасцю і забаўляльнасцю. У выпадку палітсерыялаў гэта азначае наступнае. З аднаго боку, яны абапіраюцца на пэўнае шырокае разуменне палітыкі. Або гэта палітычны ідэалізм, або чыстае змаганне за ўладу, або Realpolitik. У кожным разе такая канцэпцыя задае логіку дзеяння, характарыстыкі персанажаў і агульную танальнасць. 

З другога боку, серыял не можа адлюстроўваць палітыку такой, якой яна папраўдзе ёсць у парламенцкай ці прэзідэнцкай штодзённасці. Серыялы падпарадкаваныя забаўляльнаму фармату, і гэта накладвае свой адбітак на сюжэт. Усё мае адбывацца хутчэй, прасцей і адназначней. Такое драматургічнае завастрэнне рэчаіснасці і робіць палітсерыялы часткай сучаснага тэлебачання.

Гэты механізм вельмі цікава можна назіраць менавіта ў House of Cards. Пачынаючы з таго, што Фрэнк Андэрвуд рэгулярна звяртаецца да гледачоў (а ў новым сезоне аднойчы — і Клэр). Серыялу ўласцівая вельмі змрочнае бачанне сучаснай палітыкі: у ёй усе дзейныя асобы — апантаныя ўладай, самазакаханыя цынікі, якія прагматычна ўспрымаюць выбары як немінучае зло ці сродак знішчэння апанентаў. У гэтым свеце не мае ніякага значэння мараль, а ўлада становіцца арыгінальным спосабам умацавання пачуцця асабістай важнасці.

Фрэнсіс Андэрвуд на працягу некалькіх сезонаў дэманстраваў, як беспрынцыпныя палітыкі могуць злоўжываць сучаснымі дэмакратычнымі інструментамі: ліберальнай публічнай сферай, парламенцкім плюралізмам, сістэмай checks and balances, стрымак і проціваг. Цынічна выкарыстоўваючы сваіх часовых паплечнікаў, ён не спыняецца нават перад забойствамі. Такія цяжкія фантазіі па-новаму ўспрымаюцца пасля выбрання Трампа: гэта мела на ўвазе, напрыклад, акторка Робін Райт (яна грае Клэр Андэрвуд), калі казала: Trump is trumping us

Разам з тым, House of Cards дэталёва дэманструе механізмы амерыканскай палітычнай сістэмы. Зразумела, найперш яе заганы. Вялікі ўнутраны патэнцыял папулізму (які ў Штатах упершыню з’явіўся ў 1820-х) — юрыдычна партыі зусім не маюць значэння, на ўсе выбарныя пасады балатуюцца непасрэдна палітыкі. Гэта стварае базавую перадумову для кар’еры Андэрвуда.

З другога боку, навочна паказваюцца вялізныя паўнамоцтвы і магчымасці прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы ў ЗША надзелены амаль безадмоўнай уладай у пытаннях выканаўчай улады, якую ён ажыццяўляе праз дэкрэты. House of Cards не аднойчы на прыкладах тлумачыць, якія перавагі гэткае разуменне прэзідэнцкай улады дае схільным да аўтарытарызму палітыкам. І зусім неспадзявана можна знайсці пацвярджэнне гэтай інтуіцыі ў нядаўніх паказаннях Комі, калі ён прызнаецца, што не наважыўся б запярэчыць прэзідэнту Злучаных Штатаў.

Нацыя і дэмакратыя

Цікава ў серыяле вырашаецца вельмі беларуская тэма дачыненняў паміж нацыяй і дэмакратыяй.

Нацыя — гэта уяўленая супольнасць. Кожная нацыя мае патрэбу ў пэўным наборы апавяданняў і сімвалаў, якія могуць падтрымліваць руцінныя практыкі такога ўяўлення. Зразумела, гэта моцна залежыць ад кантэксту: амерыканскую нацыю па-рознаму ўяўляюць у школах Тэхаса, багемных кавярнях Сан-Францыска ці ў перадачах Breitbart.

House of Cards паказвае, якой уяўляецца амерыканская нацыя ў штодзённасці палітычнага класа — таго самага вашынгтонскага істэблішменту, супраць якога мерыўся змагацца сорак пяты прэзідэнт.

Найперш гэтае ўяўленне жывіцца палітычнай гісторыяй, акумуляванай традыцыяй. Амерыканская канстытуцыя і выбарчая сістэма — самыя старыя ў свеце — рэгулярна рэфлексуюцца героямі серыяла. Ідэя аб тым, што «Канстытуцыя гнецца, але не ломіцца», — важны сродак актуалізацыі і ўмацавання супольнасці. У гэты шэраг адносіцца процьма драбнейшых момантаў: Фрэнк Андэрвуд рэгулярна спасылаецца на папярэднікаў. Напрыклад, наведвае мемарыял Рузвельта, калі спрабуе заснаваць свой аналаг New Deal, «Новага курсу». Або згадвае яго і Вільсана, патрабуючы ад Кангрэсу абвясціць стан вайны з тэрарыстычнай квазі-дзяржавай на Блізкім Усходзе. У іншым эпізодзе Клэр, пазіраючы на партрэт Вашынгтона, саркастычна кажа мужу: «Ён нас не выратуе. Ён прыдумаў тэрмін паўнамоцтваў».

Такіх спасылак шмат, яны раскіданыя ў часе і гарызонце падзей, паказваючы на матэрыяльнае, практычнае значэнне амерыканскай нацыі. Гэтае значэнне канцэнтруецца ў ідэі «спадчыны» — таго, што прэзідэнт можа пакінуць пасля сябе, як ён уваходзіць у гісторыю. Аб сваёй спадчыне Фрэнк Андэрвуд дбае адкрыта, абмяркоўвае яе, найперш з жонкай Клэр.

Гэта прымушае задумацца пра постсавецкіх палітыкаў і логіку іхнай матывацыі. Тут варта звярнуць увагу толькі на тое, што ўвогуле сувязь нацыі і дэмакратыі ўжо неаднойчы абмяркоўвалася (у Беларусі гэта рабілі Валер Булгакаў і Віталь Сіліцкі). А пра постсавецкіх палітыкаў і спадчыну добра пісаў нямецкі палітолаг польскага паходжання Ежы Мацкуў: «…беларускім элітам збольшага бракуе нацыянальнага пачуцця, якое магло б унушыць ім адказнасць за якасць іхнае дзяржавы і супольнага дабрабыту».

Немагчымасць фіналу

Не зважаючы на даволі неспадзяваны фінал новага сезона (а можа, і спадзяваны), кідаецца ў вочы паступовае вычарпанне ягонай унутранай дынамікі.

Часткова гэта звязана з сітуацыяй «пасля Трампа», якую актыўна абмяркоўвалі медыя, рэагуючы на новы сезон. (Напрыклад, журналіст часопіса Der Spiegel скептычна пытаў: «Якое шаленства маглі б выдумаць сцэнарысты, каб яны не былі перасягнутыя рэчаіснасцю эпохі Трампа?») Разважалі аб гэтым і самі стваральнікі серыяла. Між тым нямецкае тэлебачанне суправаджае рэпартажы з Вашынгтона музычнай тэмай House of Cards: гэта да тэмы пра рэчаіснасць, медыя і медыйную рэчаіснасць.

Але ўнутраным абмежаваннем серыяла з’яўляецца пакладзенае ў падмурак разуменне палітыкі. Панурая гісторыя нястрымнага зла, якое, карыстаючыся дэфіцытамі сістэмы і слабасцямі людзей, уводзіць сваё панаванне над старой і паважанай дэмакратыяй, у сабе можа мець толькі адзін — і вельмі прадказальны фінал. Таму ён немагчымы (з камерцыйных меркаванняў).

У гэтым сэнсе House of Cards у нейкі момант губляе прыцягальнасць, бо становіцца цяжка паверыць у тое, што амерыканскі прэзідэнт — у Белым доме, які ён сам нашпігаваў відэакамерамі, — штурхае з лесвіцы чарговую пагрозу сваёй уладзе. Баланс рэчаіснасці і забаўляльнасці рассыпаецца, застаюцца блытаныя фантазіі, якія цыклічна ўзнаўляюць галоўны пасыл, але не дадаюць у яго нічога новага.

Каб пераканацца ў тым, што палітыку можна асэнсоўваць на якасна іншым узроўні, дастаткова звярнуцца да іншага палітсерыяла — Veep (канал HBO, чарговы сезон выходзіць з красавіка). Рафінаваная моўная камедыя праясняе, што палітыкай і палітыкамі кіруюць перад усім некампетэнтнасць, бяссілле і (як і ў House of Cards) самазакаханасць. У выніку паўстае не карціна пра абсалютнае зло, а тлумачацца механізмы супярэчлівых дзеянняў, заўсёды наноў абумоўленых актуальнай сітуацыяй.

Аб тым, хто бліжэйшы да рэчаіснасці, можна меркаваць з наступнага. Veep-у ўдаецца паказаць амерыканскага прэзідэнта пасля прэзідэнцтва, прынцыпова не змяняючы драматургіі і сцэнічных сродкаў. Андэрвуды могуць быць толькі ў прэзідэнцкай ролі: фінал іхнае ўлады будзе з неабходнасцю азначаць фінал шоу.

І пакуль рэйтынгі дазваляюць, гэта наўрад ці адбудзецца.

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930