Знайсці
04.06.2017 / 17:326РусŁacБел

Дачка рэпрэсаванага паэта Мая Кляшторная сустрэла 80-годдзе ў былым лягеры «Алжыр». Разам з прэзідэнтам Казахстана

31 траўня споўнілася 80 гадоў Маі Кляшторнай, дачцэ рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага, былой зьняволенай ГУЛАГу.

Гэты дзень яна правяла ў Казахстане, у мэмарыяльным комплексе на месцы былога Акмолінскага лягеру жонак здраднікаў радзімы (Алжыр). 31 траўня ў Казахстане адзначаецца Дзень агульнанацыянальнай памяці і смутку па ахвярах палітычных рэпрэсій. У гэты дзень з былымі вязьнямі і іх нашчадкамі сустрэўся прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў.

Амаль 80 гадоў таму 30 кастрычніка 1937 году ў Менску быў расстраляны бацька Маі Кляшторнай, паэт Тодар Кляшторны. Ягоную жонку Яніну Германовіч з 4-месячнай Маяй этапавалі ў Акмалінскі лягер жонак здраднікаў радзімы. Пяць гадоў маленькая Мая правяла разам з маці ў Акмалінскім лягеры, яшчэ шэсьць — у дзіцячым спэцпрыёмніку НКВД, і яшчэ сем гадоў — разам з маці ў ссылцы ў Сыбіры. Толькі ў 18 гадоў, вярнуўшыся ў Беларусь, Мая Кляшторная ўсьвядоміла, што ёсьць іншае, вольнае жыцьцё.

Амаль праз 80 гадоў Мая Кляшторная ізноў прыехала ў «Алжыр». Разам з унучкай Хрысьцінай. Калісьці прыяжджала сюды з дачкой Тамарай. Да апошняга моманту Мая Тодараўна ня верыла, што атрымаецца выправіцца ў Казахстан, бо былі праблемы са здароўем.

«Я ляжала доўга ў шпіталі. Мяне паклалі ў інстытут траўматалёгіі і артапэдыі ў Менску. Зрабілі дыягностыку і інтэнсіўнае лячэньне. Дактары нічым добрым мяне не падтрымліваюць, сказалі, што спачатку будзе горш, потым лепей, але не надоўга».

Мая Кляшторная мае даўнюю хваробу пазваночніка праз косныя сухоты, на якія захварэла яшчэ ў дзяцінстве ў ГУЛАГу. Сем гадоў яна праляжала ў ложку.

«Разбурэньне двух пазванкоў было поўнае. Мне зрабіў апэрацыю хірург, які падчас вайны салдатаў з перабітым пазваночнікам ставіў на ногі, каб тыя маглі дабрацца да тылу. Кавалак костачкі з нагі выразаў і ў пазваночнік уставіў».

У тэлерэпартажах казахскіх тэлеканалаў бачна, што падчас жалобных урачыстасьцяў у «Алжры» Мая Тодараўна ўвесь час сядзіць, нават калі жанчыны, былыя вязьні размаўляюць з Нурсултанам Назабраевым.

«Назарбаеў пытаецца ў мяне. «Адкуль вы?» Я кажу: «Зь Беларусі». Я прыгадала, як мы раней зь ім сустракаліся сустракаліся сем гадоў таму на падобных урачыстасьцях. Вельмі цёплая ўвага ў яго да тых людзей, якія былі ў «Алжыры». Гэта вельмі знакавы музэй, мэмарыял, у які ўвесь час ідуць людзі. І таму ў любым стане, якім бы я не была, туды мне трэба было ляцець», — кажа Мая Тодараўна.

Мая Кляшторная вельмі высока ацэньвае захады прэзыдэнта і ўладаў Казахстану ў справе ўшанаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій:

«Назарбаеў застаецца тым магутным прэзыдэнтам над усімі прэзыдэнтамі постсавецкіх краінаў, які і памяць ахвяраў ушаноўвае, і добра ведае і называе колькасьць рэпрэсаваных, і згадвае колькі было выратавана людзей. 10 гадоў таму ён гэты помнік адкрываў. А праз тры гады я прыехала туды разам зь іншымі былымі вязьнямі і іх нашчадкамі, і Назарбаеў прымаў нас у сваіх апартамэнтах».

У Казахстане ў часы сталінскіх рэпрэсій было арыштавана больш за 103 тысяч чалавек, расстраляна каля 25 тысяч чалавек. «Увесь колер казахстанскай інтэлігенцыі, усё кіраўніцтва рэспублікі было зьнішчана», — казаў Нурсултан Назарбаеў падчас урачыстасьцяў 31 траўня.

У 2007 годзе зь ініцыятывы і пры падтрымцы ўладаў Казахстану ў пасёлку Акмол быў пабудаваны мэмарыяльны комплекс, які так і называецца — Алжыр. Работнікі музэю па драбніцах зьбіралі інфармацыю аб вязьнях лягеру ў архівах НКВД, а частку экспанатаў перадалі сваякі жанчын-зьняволеных.

Пачынаючы з 1937 году, на тэрыторыі Казахстану знаходзіліся самыя буйныя лягеры структуры ГУЛАГы — Алжыр, Степлаг (Особлаг № 4, лягер для палітычных зьняволеных у пасёлку Кенгір Карагандзінскай вобласьці Казахстана), Карлаг (Карагандзінскі папраўча-працоўны лягер). Рэспубліка практычна ператварылася ў адну вялікую турму. За гады рэпрэсіяў у лягеры Казахстану толькі афіцыйна былі сасланыя больш за 5 млн. чалавек. Але неафіцыйныя дадзеныя значна перавышаюць гэтую лічбу.

«31 траўня адзначаецца Дзень агульнанацыянальнай памяці і смутку па ахвярах палітычных рэпрэсій, — кажа Мая Кляшторная. — І гэта быў мой дзень нараджэньня. Так атрымалася, што ён з жахлівай датай зьвязаны, гэта быў пачатак дэпартацыі ў Казахастан…».

Мая Кляшторная вярнулася ў Беларусь 1 чэрвеня. Пытаюся, як яе павіншавалі ў Беларусі зь 80-годзьдзем. «Саюз архітэктараў павіншаваў паштоўкай, Таварыства беларускай мовы павіншавала, учора наведалі прыходзілі мяне павіншаваць археолягі…». (Валянціна Вяргей, Мікола Крывальцэвіч ды іншыя — РС).

***

3 чэрвеня спаўняецца 29 гадоў, як у 1988 годзе ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.

За амаль за 22 гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ніколі не наведваў урочышча Курапаты, дзе карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 300 тысячаў бязьвінных людзей.

Радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930