Знайсці
04.06.2017 / 16:5233РусŁacБел

Сакрэтная місія Манергейма: як былы разведчык расійскага Генштаба не даў Расіі захапіць сваю радзіму

Піша Якуб Лапатка. 

4 чэрвеня 2017 года спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння самага славутага фіна — Карла Густава Эміля Манергейма.

Шведскі барон з Фінляндыі, рускі генерал, белафінскі генерал і маршал Фінляндыі, а таксама яе прэзідэнт ад 4 жніўня 1944 да 11 сакавіка 1946 года — у самы цяжкі час выхаду краіны з вайны.

У савецкія часы імя Манергейма ўзгадвалі галоўным чынам з прычэпам — «лінія Манергейма». А проста гаварыць і пісаць нешта аб гэтым чалавеку лічылася, скажам так, непрыстойна.

Нават у дарожных нататках — а іх пісалі ўсе карэспандэнты, якіх выпускалі за мяжу, — ніколі не паведамлялі, што ў Хельсінкі ёсць праспект Манергейма. Пісалі проста: «цэнтральная вуліца Хельсінкі». І ўжо ніколі не ўспаміналі пра тое, што барон Манергейм, апрача ўсяго іншага, яшчэ і выбітны падарожнік, даследчык Цэнтральнай Азіі, чые гістарычныя, археалагічныя і этнаграфічныя ды іншыя матэрыялы не страцілі каштоўнасці да нашых дзён. 

Першы ваенны досвед Манергейм атрымаў на далёкім Усходзе. 

У 1904 годзе ён падаў рапарт аб пераходзе з гвардыі ў войскі, якія ваявалі з японцамі. Гвардзейцы пры пераходзе ў армію атрымлівалі на адзін чын вышэй. Такім чынам, кавалергард Манергейм з ротмістра стаў падпалкоўнікам 52 драгунскага Нежынскага палка і 9 кастрычніка адправіўся на фронт.

За смеласць і ўмелае кіраўніцтва аперацыяй па вызваленні з японскага «мяшка» 3-й пяхотнай дывізіі Манергейму датэрмінова прысвоілі чын палкоўніка.

Потым ён з коннай групай казакаў ды кітайскіх хунхузаў праводзіў рэйды па японскіх тылах, пранікаючы ўглыб варожай тэрыторыі на 150—400 кіламетраў. Тады ў барона і зарадзілася ідэя аб вялікай стратэгічна-выведнай экспедыцыі ў Манголію, аб чым ён напісаў рапарт у Генеральны штаб.

Вайна скончылася, рапарт заставаўся без адказу, а палкоўніка адправілі ў чатырохмесячны адпачынак залечваць раны і рэўматызм.

У Руска-японскай вайне Расія пацярпела поўную паразу. Але цікавасць да Кітая і Цэнтральнай Азіі засталася.

У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў там сыходзілся інтарэсы Японіі, еўрапейскіх дзяржаў і Расіі. Кітайскі ўрад праводзіў адміністратыўныя і вайсковыя рэформы, паступова пазбаўляючыся ад уплыву вялікіх дзяржаў.

Здольны і энергічны начальнік расійскага Генеральнага штаба Ф.Ф. Паліцын, які пры спрыянні вялікага князя Мікалая Мікалаевіча праводзіў пераўтварэнні ў арміі, лічыў, што Усход і Азію нельга пакідаць без нагляду.

Там ужо працавалі афіцэры Генеральнага штаба Л. Г Карнілаў, В.Г Ластачкін і іншыя. Але

патрабавалася глыбокая вайскова-выведная экспедыцыя, пажадана замаскаваная пад навуковую.

Тым болей, што там увесь час працавалі археалагічныя, геаграфічныя ды іншыя экспедыцыі розных краін, і невядома было, якая з іх вайсковая, а якая чыста навуковая. (Наогул, мушу заўважыць, што ўсе падарожжы і экспедыцыі арганізоўваліся найперш з чыста практычнымі мэтамі: эканамічнымі, ваеннымі ды палітычнымі. А навуковыя даследаванні з’яўляліся другаснай задачай. А потым ужо ішлі высокія словы аб адвечнай людской цікаўнасці ды радасці ад пашырэння кругагляду і вялікіх адкрыццяў.)

Генерал Паліцын успомніў аб дакладной запісцы барона Манергейма.

На думку Паліцына, Манергейм ідэальна падыходзіў для гэтай мэты: ён не быў выпускніком Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба, а значыць, не трапіў у поле зроку замежных разведак. Апрача таго, барон Манергейм меў фінскі пашпарт, а значыць, мог і не быць падданым Расійскай Імперыі.

Болей за тое, зрабіць яму яшчэ і шведскі пашпарт было не цяжка. З Генштаба неадкладна паслалі выклік Манергейму ў Фінляндыю. Той так і не адбыў цалкам свой чатырохмесячны адпачынак і выехаў у Пецярбург. 20 сакавіка 1906 года яго прыняў начальнік Генеральнага штаба Ф. Паліцын і паведаміў, што палкоўніка Манергейма чакае важнае дзяржаўнае даручэнне. А 29 сакавіка, у прысутнасці начальніка 2-га Азіяцкага аддзела генерал-маёра Васільева і начальніка 4-га Туркестанскага аддзялення палкоўніка Цэйля, ён сказаў:

«Кітайскія рэформы ператварылі Паднябесную ў небяспечны фактар сілы. Вам, Густаў Карлавіч, давядзецца правесці строга сакрэтную экспедыцыю з Ташкента ў Заходні Кітай, у правінцыі Ганьсу і Шэньсі да Пекіна.

Прадумайце маршрут і ўзгадніце яго з генералам Васільевым, арганізацыйныя пытанні — да палкоўніка Цэйля. Праўда, на гэты час давядзецца выключыць Вас са спісаў расійскай арміі».

Праз дзень Манергейм даў згоду і папрасіў два месяцы на падрыхтоўку. Ён па 12 гадзін працаваў з дакументамі ў архіве Генштаба, уважліва вывучаў закрытыя для публікацыі даклады і запіскі славутых даследчыкаў Азіі — Мікалая Пржэвальскага і Міхаіла Пяўцова. Днямі ён займаўся ў фондах Рускага геаграфічнага таварыства і Рускага музея, знаёмячыся з асновамі этнаграфіі, антрапалогіі ды антрапаметрыі.

Чалавек добрасумленны і старанны, а ў дачыненні да службы нават педантычны, Манергейм не саромеўся прасіць парадаў у такіх спрактыкаваных падарожнікаў, як даследчык Сярэдняй Азіі Пятро Казлоў і Эрланд Нордэншэльд, даследчык Паўднёвай Амерыкі, кансультаваўся з этнографамі і археолагамі Швецыі, Фінляндыі і Расіі.

 Адначасова з тым Манергейм актыўна займаўся матэрыяльным забеспячэннем. Найперш ён закупіў дзве фотакамеры «Кодак» і навучыўся імі карыстацца. У падарожжа Манергейм узяў 2000 шкляных фотапласцінак і матэрыялы для апрацоўкі здымкаў. Яго папярэдзілі, што ў Азіі на кожным кроку трэба даваць хабар і рабіць падарункі нават самым дробным чыноўнікам. Падабраць патрэбны асартымент яму дапамог выдатны знаўца японскай, кітайскай і мангольскай моваў фінскі даследчык Азіі Густаў Рамстэд. Манергейм закупіў безліч нажоў, сонечных акуляраў, компасаў, іголак, цукерак і парфумы. У Парыжы яму закупілі шмат люстэркаў, некалькі музычных шкатулак і нават паштовак з жаночымі выявамі, а таксама 15 гадзіннікаў на падарункі важным асобам. Але тыя важныя асобы так і засталіся без гэтых каштоўных падарункаў, таму што гадзіннікі немагчыма было завесці — ключы для заводкі прызначаліся для іншых марак гадзіннікаў. Таму іх раздалі тубыльцам як простыя бразготкі. Неабходнага рыштунку набралася каля пяцісот кілаграмаў.

Экспедыцыю Манергейма фінансавалі Генеральны штаб расійскай імператарскай арміі, статс-сакратарыят Фінляндыі, Фіна-вугорскае таварыства, Музейная ўправа Фінляндыі ды некаторыя іншыя арганізацыі.

Шостага ліпеня 1906 года ён выехаў з Пецярбурга ў Ташкент, дзе павінен быў далучыцца да французскай экспедыцыі на чале з сусветна вядомым даследнікам і археолагам Полем Паліё. Спярша меркавалася, што саюзная Францыя дасць Манергейму французскі пашпарт. Але ў Францыі адмоўна паставіліся да таго, што ў іхняй экспедыцыі будзе рускі афіцэр-разведчык. Таму Манергейм выправіўся ў падарожжа шведска падданым фінам. А Поль Паліё, раззлаваны тым, што Манергейм не прывёз з сабой доўгачаканых 10000 франкаў з Францыі, прыгразіў, што раскрые ягонае інкогніта кітайцам. Напрамую ён таго не зрабіў, але ў размовах легкадумна прагаварыўся аб тым сваім сябрам — лекару маёру Луі Ваяну і фатографу Шарлю Нуэту.

Да кітайцаў дайшлі толькі нейкія няпэўныя чуткі, і пекінскія газеты цікавіліся, што гэта за такі дзіўны фінскі даследчык, які фатаграфуе вайсковыя аб’екты, робіць тапаграфічную здымку стратэгічна важнай мясцовасці і наогул паводзіць сябе як разведчык, а не мірны этнограф.

Аднак ні кітайцы, ні англічане, якія інтэнсіўна вялі разведку ў тых месцах, не даведаліся аб сапраўдным абліччы палкоўніка рускай службы Манергейма.

Сям'я багатага калмыка Насамбатына за працай каля юрты.

Чыноўнікі горада Аксу на чале з даатаем і Манергейм (у цэнтры). 

Гандляры ўзважваюць тавар (г. Аксу).

Экспедыцыя выправілася з Ташкента 29 ліпеня 1906 года і 12 ліпеня 1908 года дасягнула Пекіна, адолеўшы шлях даўжынёй каля 14 000 кіламетраў праз стэпы, горныя масівы і пустыню Гобі.

З Ташкента Манергейма праводзіў палкоўнік Карнілаў, які даў наваяўленаму даследчыку карысныя парады. Ён жа праз два гады сустрэў экспедыцыю ў Пекіне, дзе быў ваенным аташэ. Па ягонай просьбе Манергейм зрабіў двухтыднёвую рэкагнасцыровачную паездку ў Японію, дзе наведаў порт Сіманасекі і апісаў ягоную вайсковую вартасць. У Пекіне Манергейм з дапамогай Карнілава напісаў 150-старонкавую справаздачу для Генеральнага штаба. Дадаткі да яе склалі яшчэ 24 старонкі. У снежні 1908 года палкоўнік Карл Густаў Эміль Манергейм зрабіў закрыты даклад для афіцэраў Азіяцкага і Туркестанскага аддзелаў Генштаба. Вынікі прызналі вельмі добрымі, і славуты географ-падарожнік Сямёнаў-Цяньшанскі рэкамендаваў Манергейма ў ганаровыя члены Рускага геаграфічнага таварыства. Апрача таго, яго прадставілі да чарговага ваеннага звання, хаця на два гады ён быў выключаны са спісаў афіцэрскага корпуса імператарскай арміі. Рапарт Манергейма выдалі пад грыфам «Распаўсюджванню не падлягае». Тры экзэмпляры гэтага сакрэтнага даклада зберагаюцца ў Славянскай бібліятэцы Хельсінкскага ўніверсітэта.

У час падарожжа Манергейм даследаваў і картаграфаваў шляхі зносін (усяго болей за тры тысячы кіламетраў дарог), апісваў падыходы да населеных пунктаў, ацэньваў рэльеф мясцовасці з ваеннага пункту гледжання, падлічваў колькасць хатніх жывёл, коней, прыкідваў урадлівасць палёў на магчымасць пракорму войска і коней. Ён апісваў і фатаграфаваў масты, указваў глыбіню рэчак і брады, сезоны паводак і г.д. Карты, складзеныя Манергеймам, не мелі ніводнага прабелу.

Манергейм уважліва назіраў, а потым падрабязна апісваў норавы і звычаі розных народаў і плямён, іх вопратку, побыт, дамашняе начынне, сельскагаспадарчыя прылады і да таго падобнае. Так, апрача чыста ваеннай задачы, ён выконваў заданне Фіна-вугорскага таварыства і Музейнай управы Фінляндыі.

З падарожжа Манергейм прывёз каля двух тысяч старажытных кітайскіх ды уйгурскіх манускрыптаў, знойдзеных у руінах старажытных гарадоў, 429 замалёвак прадстаўнікоў розных рэлігій. Ён зрабіў 1353 фотаздымкі, 1300 з іх выдатнай якасці. Ім быў складзены фанетычны слоўнік народнасцяў, якія пражывалі ў Паўночным Кітаі. 

Апрача фотаздымкаў, у Нацыянальным музеі Фінляндыі зберагаецца болей за 1200 прадметаў з калекцыі Манергейма, якія да нашага часу маюць вялікую каштоўнасць для этнаграфіі, антрапалогіі і гісторыі Цэнтральнай Азіі і Паўночнага Кітая. Дарэчы, у Кітаі Манергейм у пашане і лічыцца славутым падарожнікам. Ягоныя нататкі там выдаваліся некалькі разоў. Выдаваліся яны і на англійскай мове. Некаторыя запіскі Манергейма проста зніклі. Існуе меркаванне, што да гэтай пары яны зберагаюцца ў расійскім ваенным архіве і недаступныя для шырокага выкарыстання.

Даклад Манергейма імператару Мікалаю ІІ заняў 80 хвілін, замест запланаваных 20-ці.

Затым ён камандаваў палком, брыгадай і дывізіяй, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія і пачэснай георгіеўскай зброяй. Пасля рэвалюцыі і адрачэння Мікалая ІІ ад улады Манергейм вярнуўся ў Фінляндыю, дзе стварыў армію, якая перамагла чырвоных, а пазней ваявала за незалежнасць сваёй краіны. Занадта палымяныя рускія патрыёты вінавацяць Манергейма ў здрадзе імператару, якому той прысягаў яшчэ маладым афіцэрам. Але яны сціпла маўчаць аб тым, што, адракаючыся ад трона, цар вызваліў усіх сваіх падданых ад прысягі.

Сканаў Манергейм 27 студзеня 1951 года і пахаваны на ваенных могілках Х’еталахці ў Хельсінкі. У цэнтры фінскай сталіцы яму пастаўлены конны помнік. Копія — у горадзе Лахці. Болей ніякіх конных помнікаў нікому ва ўсёй Фінляндыі няма.

Але галоўны парадокс заключаецца ў тым, што вайскова-стратэгічныя выкладкі Манергейма пры змене геапалітычных абставін хутка страцілі сваю актуальнасць і забыліся, а тыя, так бы мовіць, пабочныя, маскіровачныя заняткі этнаграфіяй і антрапалогіяй прынеслі яму сусветную славу падарожніка і даследчыка Цэнтральнай Азіі і Паўночнага Кітая.

4 чэрвеня фіны штогод адзначаюць дзень нараджэння Манергейма і фінскага войска.

А 6 снежня 2017 года будуць святкаваць стагоддзе незалежнасці сваёй краіны, што непарыўна звязана з імем адзінага маршала Фінляндыі Карла Густава Эміля Манергейма.

Якуб Лапатка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930