Знайсці
31.05.2017 / 18:592РусŁacБел

Юлія Несцярэнка плануе стаць дзіцячым трэнерам

Юлія Несцярэнка плануе стаць дзіцячым трэнерам. Пра гэта алімпійская чэмпіёнка паведаміла журналістам перад цырымоніяй развітання са спартыўнай кар'ерай, перадае БЕЛТА.

«Вельмі хвалюючы для мяне дзень. Я расстаюся з прафесійным спортам са спакойнай душой. Настаў той час, калі спартсмен ува мне супакоіўся, і я закрываю гэтыя дзверы і адкрываю новыя. У маіх планах служыць і працаваць на карысць беларускага спорту», — адзначыла Юлія Несцярэнка.

Яна прызналася, што ў будучым хоча быць дзіцячым трэнерам. «Наведваючы мерапрыемствы, калі я была спартсменам, сапраўды была рада падзяліцца сваімі ведамі і досведам з дзецьмі. Я хацела б гэтым займацца», - расказала алімпійская чэмпіёнка. Паводле яе слоў, каб падрыхтаваць паспяховага спартсмена, павінны сысціся шмат складнікаў. «У дзіцяці павінен быць характар пераможцы, мэтанакіраванасць, трэба любіць сваю справу, важна падтрымка на ўсіх узроўнях. Трэба разумець, што ў школах павінен быць не набор, а адбор. Неабходна мэтанакіравана выяўляць таленавітых дзяцей і весці іх. Трэба над гэтым працаваць», — лічыць яна.

Сёння на тэрыторыі спарткомплексу «Брэсцкі» стартавалі Кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы і чэмпіянат па кіданнях. На адкрыцці спаборніцтва адбылася цырымонія развітання з Юліяй Несцярэнка. З кар'ерай прафесійнага спартсмена алімпійская чэмпіёнка Гульняў-2004 у Афінах развіталася, прыняўшы ўдзел у сімвалічным забегу на 100 м — яе кароннай дыстанцыі. Кампанію на дарожцы легендарнай «Белай маланцы» склалі брэсцкія бягухі-пачаткоўцы.

«Тая алімпійская перамога дала стымул многім спартсменам. Яны паверылі ў сябе, што можна трэніравацца ў нас і заваёўваць самыя высокія ўзнагароды. Цяпер ёсць дзяўчаты-спрынтары, якія паказваюць даволі высокія рэзультаты», — падкрэсліла Юлія Несцярэнка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера