Знайсці
04.06.2017 / 15:2716РусŁacБел

Сем найлепшых серыялаў гэтай вясны

«Наша Ніва» прапануе традыцыйны рэйтынг найлепшых шматсерыйных фільмаў апошніх трох месяцаў. Якія прэм’еры нельга прапусціць ні ў якім выпадку — чытайце тут.

«Табу» (Taboo)

Драма. Вялікабрытанія, 1-ы сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,7

Лондан, XIX стагоддзе. Джэймс Дылэйні, якога даўно ўжо лічылі мёртвым, нечакана вяртаецца з Афрыкі пасля 10-гадовай адсутнасці. Вяртаецца акурат у той момант, калі памірае ягоны бацька і ідзе падзел спадчыны. Асаблівую цікавасць выклікае выспа Нутка. Здавалася б, непатрэбная нікому зямля дзесьці на заходнім узбярэжжы Канады.

Калісьці бацькі Дылэйні прывёз адтуль жонку, індыянку, якая ў выніку звар’яцела ў Брытаніі. Ад маці сыну — Джэймсу — перайшлі пэўныя містычныя здольнасці, якія ён яшчэ падмацаваў у Афрыцы. А Нутка аказваецца не такой ужо парожняй зямлёй, яна цікавіць усіх: карону, ЗША, Ост-Індскую кампанію — як месца, з якога можна весці гандаль з Кітаем.

Табу — гэта кампраметуючая сувязь Дылэйні з уласнай сястрой, якую ні адзін, ні другая не здольныя спыніць. Галоўную ролю выдатна сыграў Том Хардзі.

Тагачасны Лондан паказаны ва ўсім сваім заняпадзе — прайдзісветы, прастытуткі, рэкет, слабы кароль, бруд і нэндза. Атмасферная атрымалася стужка.

«Маленькая вялікая хлусня» (Big Little Lies)

Драма, камедыя. ЗША, 1-ы сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,7

Райскі гарадок Мантэрэй на ўзбярэжжы Ціхага акіяна. Куды ні кінь — паўсюль ці мільянер, ці хіпі. Жыць у такім ідэальным месцы павінна быць сапраўднай асалодай, але жыхары Мантэрэя ўвесь час жывуць нейкімі інтрыгамі і плёткамі.

У гарадок пераязджае Джэйн Чапман з сынам Зігі. Гэта адзінокая, прывабная, маладая жанчына. Яна кажа, што прыехала ў Мантэрэй, бо тут найлепшыя грамадскія школы. Насамрэч жа Джэйн бяжыць ад зданяў мінулага, якія не адпускаюць яе ні на хвіліну.

Увесь серыял мы ведаем, што ў школе адбылося забойства, але не ведаем да апошняга, хто стаў ахвярай і хто катам. Героі час ад часу выказваюць свае здагадкі. А на экране дзеянні, што адбываліся напярэдадні забойства.

«Маленькая вялікая хлусня» — гэта гісторыя пра тое, колькі бруднай бялізны хаваецца ў самых, здаецца, паспяховых і эталонных дамах. Звонку вам усе зайздросцяць, але на самай справе вы жывяце ў пекле. Няхай і ў райскім Мантэрэі.

«Трынаццаць прычын чаму» (13 Reasons Why)

Драма. ЗША, 1-ы сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,6

Школьніца-падлетак Хана Бэйкер вырашае скончыць жыццё самагубствам. Перад тым, як пайсці на гэткі адчайны крок, яна запісвае трынаццаць аўдыёкасет з тлумачэннем, што падштурхнула яе да суіцыду. Гэта не самы просты фільм для прагляду, за ім не будзеш сачыць з поп-корнам і кока-колай. Тут патрабуецца пэўная канцэнтрацыя.

Галоўны герой — Клэй Джэнсан — марудна прапускае праз сябе гэтыя касеты (адна з іх прысвечаная яму самому), рэфлексуючы і асэнсоўваючы ўсё пачутае. Рэакцыі Джэнсана самыя розныя: то ён хоча помсціць, то мірыцца з усім, то выбухае, то ўпадае ў дэпрэсію.

«Трынаццаць прычын» — гэта фільм-перасцярога. Ён пра ўважлівасць, спагадлівасць, пра тое, якая яшчэ крохкая псіхіка ў падлеткаў і як пэўныя рэчы могуць нанесці ёй знішчальны ўдар. Гэта таксама інтрыгі, страхі, комплексы, перажыванні.

На моладзь заўсёды прыемна глядзець, а тэма самагубстваў прыцягвае да сябе магнітам ужо не адно стагоддзе. Такая выбуховая сумесь і паспрыяла папулярнасці серыяла.

«Добрая барацьба» (The Good Fight)

Юрыдычная драма. ЗША, 1-ы сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,6

Дзіяна Локхарт (вы гэтую актрысу можаце памятаць па «Тэорыі вялікага выбуху» ў ролі мамы Леанарда) — паспяховы чыкагскі юрыст. Яна марыць выйсці на пенсію, весці ціхае і спакойнае існаванне за заробленыя за жыццё грошы. Дзіяна абвяшчае аб сваіх планах кампаніі, на якую працуе, у яе гонар праводзяць развітальную вячэру.

Але нечакана ўсе яе грошы прападаюць, лопаецца фінансавая мыльная бурбалка, куды яна ўкладвала сродкі па парадзе сябра. Цікава, што акурат у гэты час на Дзіяну працуе дачка дзялка, які прафукаў укладанні соцень людзей.

Назад на працу Дзіяну браць ніхто не хоча, хаця раней ёй абяцалі залатыя горы. Толькі галоўны канкурэнт працягвае руку дапамогі.

У «Добрай барацьбе» выдатна выпісаныя жаночыя персанажы. Моцныя, валявыя, разумныя, часам ранімыя, але ўсё адно непераможныя.

«Мільярды» (Billions)

Драма. ЗША, 2-і сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,4

У цэнтры серыяла супрацьстаянне федэральнага пракурора Нью-Ёрка Чака Роадса і маладога мільярдэра Бобі Аксельрода. Чак Роадс за сваю кар’еру не прайграў ніводнай справы, у яго ідэальны паслужны спіс, які ў будучыні можа дазволіць яму ісці ў губернатары, ці, хто ведае, нават у прэзідэнты.

Але журналісты і калегі папракаюць Чака, што ён возіцца з дробнай здабычай, замест таго, каб узяцца за справу па-сур’ёзнаму. І тады Чак вырашае ўзяць у абарот Бобі «Акса», уладальніка хедж-фонда. Гэта такія інвестыцыйныя фонды, якія працуюць на атрыманне максімальных даходаў у рызыкоўных момантах.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што жонка Чака Роадса працуе псіхолагам у кампаніі Бобі Аксельрода. А бацька Чака, таксама той яшчэ дзялок і вараціла, можа паставіць сына ў не самыя прыемныя сітуацыі.

«Мільярды» — адзін з тых серыялаў сучаснасці, дзе няма станоўчых герояў, якім хочацца суперажываць, хоць Чак і здаецца звышпрынцыповым. Бобі ж — увесь пазітыў, але за гэтым усё адно хаваюцца цёмныя махінацыі.

«Апошняе каралеўства» (The Last Kingdom)

Гістарычная драма. Вялікабрытанія, 2-і сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,3

Калі нехта маркоціцца, што пакуль не выйшаў новы сезон серыяла «Вікінгі», каб даведацца, што новага будзе ў Івара і Б’ёрна, рэкамендуем звярнуць увагу на падобны фільм, толькі ад іншых вытворцаў. Нехта выказваў думку, што брытанцы ў «Вікінгах» — самыя недарэчныя персанажы, якія толькі плятуць інтрыгі, здраджваюць ды не могуць нічога супрацьстаяць магутнай сіле з поўначы.

Тут іншы погляд на тую самую гісторыю. Утрэд Бабенбургскі выхаваны вікінгамі, якія перад гэтым забілі ягоную сям’ю. Утрэд не з’яўляецца сваім ні для брытаў, ні для вікінгаў. Ніхто не давярае яму напоўніцу. Утрэд — той яшчэ шэльма і круцель, але ў яго ёсць смеласць і адчай.

Такія людзі патрэбныя каралю Уэсэкса Альфрэду Вялікаму. Гэта апошняе каралеўства Брытаніі, якое яшчэ захоўвае пэўную незалежнасць ад варвараў з поўначы. І Утрэд павінен дапамагчы ў гэтым змаганні.

Канечне, героі «Апошняга каралеўства» часам падаюцца занадта саладжавымі і гламурнымі. Не надта верыцца, што людзі ў IX стагоддзі выглядалі менавіта так. Але для пэўнай рэтраспектывы паглядзець можна і гэтую стужку.

«У пустыні смерці» (Into the Badlands)

Прыгоды, баявік, баявыя майстэрствы. ЗША, 2-і сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,1

Гэтая антыўтопія знятая па матывах класічнага твора кітайскай літаратуры «Падарожжа на Захад». Сані — самы небяспечны баец у пустыні. Яго баяцца ўсе, а яго спіну ўпрыгожваюць татуіроўкі ў памяць аб забітых ім ворагах. Сані працуе на састарэлага барона Куіна, які паціху пачынае вар’яцець з прычыны пухліны мозгу.

Сані не мае на гэта права, але ён сустракае каханне. А таксама хлопчыка з неверагоднымі здольнасцямі. Разам з імі ён мусіць перасекчы «пустыню смерці», вырвацца з гэтага зачараванага кола, каб знайсці прасвятленне.

Ці здольны чалавек вырвацца за адведзеныя яму межы?

***

Глядзі таксама:

Сем найлепшых серыялаў гэтага лета

Сем найлепшых серыялаў гэтай восені

Сем найлепшых серыялаў гэтай зімы

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930