Знайсці
29.05.2017 / 18:334РусŁacБел

У Баранавічах пачынаецца набор у беларускамоўны клас

У новым навучальным годзе ў адной са школ горада можа адкрыцца беларускамоўны 1-ы клас. Ці з'явіцца ён наогул і на базе якой з устаноў адукацыі размесціцца, залежыць ад колькасці ахвотных вучыцца на роднай мове. 

Сёння ў Баранавічах ёсць адзіны беларускамоўны клас — у гімназіі №4. Ён быў створаны па ініцыятыве бацькоў і спачатку існаваў у сярэдняй школе №14.

У гэтым годзе аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама вырашыў набраць першакласнікаў у беларускамоўны клас, адкрыццё якога плануецца ў школе №13.

— Ведаю са свайго досведу, што беларускамоўныя класы — нешматлікія. Таму ствараць іх у перапоўненых школах будзе нерацыянальна. Тым больш што ў нашым горадзе ёсць установы адукацыі, дзе колькасць вучняў дазваляе адкрыць такі клас, — тлумачыць Сяргей Пузікаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама.

Аднак бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове, лічаць, што беларускамоўны клас павінен з’явіцца ў прэстыжнай навучальнай установе — у адной з баранавіцкіх гімназій. І пажадана, каб установа размяшчалася ў цэнтры горада, куды могуць дабрацца вучні з розных мікрараёнаў.

Сяргей Пузікаў адзначае, што стварыць беларускамоўны клас магчыма і ў гімназіі. Але для гэтага трэба сабраць поўны клас — 26 вучняў. Для стварэння беларускамоўнага класа на базе, напрыклад, школы №13, дастаткова 5—7 ахвотных.

Жыхарка горада Вікторыя Ермаленка — адна з тых, хто хоча, каб яе дачка вучылася ў беларускамоўным класе.

— Я сама карыстаюся дзвюма мовамі — рускай і беларускай. І, на мой погляд, валоданне не толькі рускай, але і беларускай мовай вельмі карысна. Да таго ж беларуская мова дазваляе спасцігнуць ментальныя моманты нашай культуры, — тлумачыць Вікторыя.

Дачка Вікторыі цяпер ходзіць у рускамоўную групу садка, але раз на тыдзень у іх праводзяць беларускамоўны дзень. Дзяўчынка ўжо чытае па-беларуску, а калі чагосьці не разумее, пытаецца ў маці.

— Я не думаю, што ў дачкі будуць праблемы ў зносінах з аднагодкамі з-за беларускамоўнага навучання. Наадварот, гэта перавага, таму што дзіця будзе аднолькава добра ведаць рускую і беларускую мовы, — лічыць Вікторыя Ермаленка.

Усе, хто жадае, каб яго першакласнік навучаўся па-беларуску, з 2 чэрвеня па 28 жніўня могуць напісаць заяву падчас падачы дакументаў у навучальную ўстанову.

Аднак прадстаўнікі Баранавіцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, якія выступалі ініцыятарамі стварэння беларускамоўнага класа ў нашым горадзе, прапануюць стварыць бацькоўскі камітэт. Такі камітэт, як лічыць Таццяна Малашчанка, старшыня камісіі па выкарыстанні беларускай мовы і адукацыі Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы, дазволіць аб’яднаць бацькоў і калектыўна выказаць свае інтарэсы.

Ахвотных просяць патэлефанаваць па нумарах: 41-65-65, 8 (029) 723-53-60 да 1 чэрвеня.

Сем плюсаў навучання па-беларуску:

1. Якасны дагляд дзяцей: павышаная ўвага да невялікай групы дзетак будзе спрыяць лепшаму выхаванню i развіццю.

2. Дазваляе свабодна валодаць рускай і беларускай мовамі.

3. Развівае здольнасць да вывучэння замежных моваў.

4. Стварае асяроддзе аднагодак, якія карыстаюцца беларускай мовай. А гэта спрыяе выхаванню сучаснага беларуса, здольнага канкурыраваць у шматнацыянальным і шматмоўным свеце.

5. Вылучае ваша дзіця сярод іншых.

6. Развівае камунікабельнасць: папераменнае знаходжанне ў розных моўных асяродках здымае бар’еры ў кантактах з рознымі людзьмі.

7. Стварае лепшыя ўмовы для канкурэнцыі за працоўнае месца: усё часцей патрабуюцца людзі з валоданнем дзвюх дзяржаўных моў.

intex-press.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера