Знайсці
29.05.2017 / 09:406РусŁacБел

«У нядзелю ўвечары ты пераязджаеш мяжу з кніжкамі, зубной шчоткай і едзеш па ўказаным адрасе. Прычым ніколі не знаеш, хто будзе тваім суседам»

Сёлета спаўняецца 25 гадоў Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту. Пра пакручастую гісторыю ЕГУ, перспектывы і крыніцы натхнення расказвае прарэктар, выкладчык магістарскай праграмы «Гістарычная і культурная спадчына» Аляксандр Калбаска.

«Чаму столькі прафесараў з-за мяжы, у нас што — сваіх не хапае?!»

— Аляксандр Мікалаевіч, як Вы трапілі ў ЕГУ?

— Сёлета 20 гадоў, як я працую ў ЕГУ. Мой сябар, ужо нябожчык, Сяргей Панькоўскі быў судэканам франка-беларускага факультэта. Мы сустракаліся, ён шмат расказваў пра гэты праект. Я ў той час быў дырэктарам Заслаўскага музея-запаведніка, адначасова працаваў выкладчыкам музейных дысцыплін у розных ВНУ і аднойчы запытаўся ў Сяргея, ці не патрэбны ЕГУ на факультэт мастацтваў выкладчык з практычным досведам. Сяргей прадставіў мяне дэкану, той сказаў, маўляў, ну, у нас тут зоркі, дырэктары расійскіх музеяў, мы ім па 40 даляраў за гадзіну плацім… Ну прыходзь, мы на цябе паглядзім — і даў мне 17 гадзін асноў музеязнаўства. І я стаў ездзіць з Заслаўя расказваць пра падмуркі музейнай дзейнасці.

Мая першая сустрэча з рэктарам ЕГУ акадэмікам Анатолем Міхайлавым была звязана з ідэяй пабудаваць у Заслаўі ІВВ, які цяпер ёсць у Мінску. А. Міхайлаў з прарэктарам У. Дунаевым прыязджалі ў Заслаўе, сустракаліся з тагачасным мэрам Васілём Баранавым. Але паразумення не знайшлі. Зразумець і адчуць маштаб асобы Міхайлава атрымалася пазней, калі я стаў працаваць побач і сутыкнуўся «з нябачнымі свету слязьмі» (гэта любімае выказванне Анатоля Арсеньевіча) штодзённай працы. Гэта не было з першых дзён ці гадоў працы ў ЕГУ.

А чаму ЕГУ закрылі ў 2004 годзе?

— Падставай стала тое, што будынак па Петруся Броўкі, 3а, які ЕГУ арандаваў, нібыта спатрэбіўся Міністэрству лясной гаспадаркі. Усе будынкі ў цэнтры гораду, гэты ў прыватнасці, належалі Адміністрацыі прэзідэнта. І ў нашай дамове з ёй быў такі пункт, што калі будынак спатрэбіцца дзяржаўнай інстытуцыі, дамову пра арэнду можна скасаваць у аднабаковым парадку. Дамову скасавалі.. І вось пасля скасавання дамовы кажуць: слухайце, але ў вас жа няма ўмоў, няма будынка! І скасавалі акрэдытацыю на 5 гадоў, якую мы атрымалі за месяц да таго.

Ёсць некалькі версій, чаму ўніверсітэт зачынілі. Вядучая рэспубліканская газета цытавала прэзідэнта Лукашэнку на нарадзе перад студэнтамі ў Брэсце: «Нам не патрэбны ўніверсітэт, які павядзе краіну на Захад».

Быў званочак, калі на нарадзе ў Міністэрстве адукацыі міністр сказаў: ну што гэта за прахадны двор — ЕГУ, чаму столькі прафесараў з-за мяжы, у нас што — сваіх не хапае?! Да таго ж, рэктарат ЕГУ размяшчаўся па дыяганалі ад Адміністрацыі прэзідэнта, і сюды, на Скарыны, 24, з’язджаліся ўсе еўрапейскія і амерыканская амбасады, тут была класная галерэя ЕГУ, дзе ладзілі выставы сучасных мастакоў. Гэта была кропка прыцягнення дыпламатычнай актыўнасці на вачах у прэзідэнта, які якраз быў персонаю нон-грата ў Еўропе. Але гэта версія не тлумачыць, чаму чапляліся да Анатоля Міхайлава, чаму яму ў міністэрстве казалі: прызнач на сваё месца каго хочаш — любога паставім — толькі сыдзі.

Думаю, А. Міхайлаў — гэта мая суб’ектыўная інтэрпрэтацыя — трапіў у пералік тых, хто быў прадстаўлены ўладзе як пагроза на наступных перавыбарах. І праз закрыццё ўніверсітэту яго, на ўсялякі выпадак, пазбавілі пляцоўкі і падтрымкі.

— Памятаеце свае адчуванні 27 ліпеня 2004-га, калі даведаліся, што ў ЕГУ забіраюць ліцэнзію і ўніверсітэт зачыняюць?

— Праблема ліквідацыі ЕГУ адразу падзялілася на некалькі. Па-першае, гэта праблема студэнтаў — бацькі абрывалі тэлефоны да ночы. Студэнтаў пераразмеркавалі на платныя аддзяленні дзяржаўных універсітэтаў, і да канца жніўня трэба было перадаць усе студэнцкія справы, а тамтэйшыя бюракраты былі ў адпачынках. Па-другое, будынак — нам далі два тыдні на эвакуацыю, і трэба было вывезці сталы, лавы, бібліятэку — 60 тысяч кніг. Таксама трэба было бараніцца — праводзіліся мітынгі, трэба было здзяйсняць бюракратычную камунікацыю — ліставацца з міністэрствам. Апошняя праблема — гэта і персанальная трывога: мая дачка скончыла 3 курс ЕГУ, а сын у тым годзе паступаў. Дзяржава пераўладкавала студэнтаў, дачка трапіла на гістфак БДУ, сын — на гуманітарны факультэт. Але трэба было плаціць, а бацька застаўся без працы! Так што гэта быў і вялікі сямейны стрэс.

Безумоўна, сапсаваны адпачынак, усе на нервах. Але прагучаў такі цвёрды голас спадара Міхайлава (не ведаю, адкуль была такая ўпэўненасць): я зраблю ўсё, каб праект быў адноўлены. І літаральна ў тым жа годзе пачалі асвойваць дыстанцыйнае навучанне, каб дапамагчы нашым студэнтам, якім застаўся год да завяршэння.

У той жа год было прынята прапанова Літоўскай дзяржавы, мы перабіраемся ў Літву, тут было зарэгістравана EHU international, ад імя якога і выдаваліся першыя дыпломы.

 

«У нас так холадна, што ў ваннай гель у душы замярзае»

— Як адбываўся пераезд у Вільню?

— Калі ў чэрвені 2005-га дэкан факультэта права Ала Анатольеўна Сакалова сказала, што мы ўвосень пачнем навучальны год, я настолькі ёй не паверыў, што мы пабіліся аб заклад, і я сказаў, што з мяне скрыня гарэлкі, калі гэта адбудзецца.

— І была скрыня гарэлкі?

— Была!

У кастрычніку першыя студэнты прыехалі вучыцца ў Вільню. Ацяпляльны сезон яшчэ не пачаўся, будаўнікі з інтэрнатаў сышлі і пакінулі бруд, і студэнты вымушаны былі адразу па прыездзе сутыкнуцца з бытавымі цяжкасцямі жыцця.

У мяне ёсць класны дакумент: у пачатку года я пусціў па радах паперу, дзе студэнты запісалі свае прэтэнзіі: «У нас так холадна, што ў ваннай гель у душы замярзае», «у нас няма халадзільніка», «патрэбна люстэрка»…

— Раскажыце пра быт выкладчыкаў.

— З выкладчыкамі таксама ніхто не няньчыўся. У першы раз у Вільні, я помню, шукаў у цёмным горадзе свой пакой на вуліцы Дзідлаўкю. З хатняга рыштунку ў тым пакоі аказалася толькі настольная лямпа. Потым для супрацоўнікаў пачалі здымаць кватэры: 3-4-5-пакаёвыя, у якіх сялілі па графіку прыезду.

У нядзелю ўвечары ты пераязджаеш мяжу, са сваімі кніжкамі, тапкамі, зубной шчоткай і ўсім іншым і едзеш па ўказаным адрасе. Маеш нумар дому і кватэру, а ўжо ложак — гэта які дастаўся. Прычым ніколі не знаеш, хто будзе тваімі суседзямі — кожны раз гэта новыя людзі з іншым тэмпераментам, іншага полу. Ты павінен пражыць тыдзень, пракарміць сябе і потым, забраўшы тапкі, зубную шчотку, вяртацца ў Беларусь.

Спачатку той, хто часцей прыязджаў, стаў прасіць сяліць яго у тую самую кватэру. Людзі пачалі прывязвацца да пэўных кватэр. Гады праз два, калі аказалася, што ў дэканаў ёсць неабходнасць з’яўляцца ў Вільні не на два тыдні ў месяц, а на даўжэй, мы атрымалі «дэканскі прывілей»: кватэру, дзе за кожным замацавалі пакой. Ужо не трэба было вазіць рэчы праз мяжу туды-назад. У нашай на траіх кватэры залу з балконам заняў Рыгор Якаўлевіч Мінянкоў (філосаф, цяпер старшыня Сената ЕГУ.— аўт.) — ён смаліць, яму патрэбна было паветра. У спальні, дзе было найбольш камфартабельна, уладкавалі жанчыну — Алу Анатольеўну Сакалову. А мне дастаўся дзіцячы пакой, з такім невялікім дзіцячым ложкам, бо я быў самым маладым дэканам і апошнім уладкаваўся ў гэту кватэру.

Паколькі жылі разам, вялі супольную гаспадарку, то рабілі і стравы на ўсіх: Ала Анатольеўна была майстрыхай па смажанай рыбе, я рабіў дранікі па нядзелях, калі ўсе заставаліся ў Вільні, Рыгор Мінянкоў больш адказваў за віно і напоі — так размяркоўваліся абавязкі. Гэта быў цікавы досвед пражывання трох дарослых разнаполых калег у адной кватэры.

Паспрабуйце ўявіць сабе, што такое ад 7 раніцы да 11 вечара быць на працы, бо любая гаворка — у калідоры, на кухні — усё пра працу. Гэта пачало сур’ёзна стамляць. Наступным крокам было аддзяленне. Замест таго, каб «ездзіць умацоўваць сем’і на радзіму», як гэта характарызавала Ала Анатольеўна, сталі перацягваць сем’і да сябе і здымаць асобныя кватэры. Універсітэт, дзякуй яму за гэта, дазваляў (і цяпер дазваляе) кампенсаваць расходы па здыме кватэр выкладчыкам, у якіх 5-гадовыя кантракты.

— Якія праблемы мае сучасны ЕГУ?

— Мы адбылі ў Беларусі 12 гадоў, цяпер прайшло 12 гадоў ЕГУ ў Вільні. Маем не самую лепшую фінансавую сітуацыю, донарская падтрымка змяншаецца. Любому ўніверсітэту, асабліва гуманітарнаму, цяжка сябе фінансаваць, і ні ў якой краіне ніводзін, нават дзяржаўны ўніверсітэт, не мае гарантыі, што яго матэрыяльнае становішча будзе захоўвацца. І БДУ, і Віленскі ўніверсітэт з яго багатымі традыцыямі перажываюць сітуацыю недахопу фінансавых сродкаў і адтоку студэнтаў, адпаведна змяншаецца аб’ём працы і колькасць выкладчыкаў. Мы стаім перад такім самым выклікам, але тым не менш працягваем набіраць студэнтаў на ўсе праграмы, ужо зараз адчынена падача дакументаў на набор 2017-га года.

* * *

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт

прыватны ўніверсітэт, заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. З 2005 года працуе ў Вільні. Выдае дыпломы еўрапейскага ўзору. Штогод выпускае больш за сотню выпускнікоў, што знаходзяць працу ў Беларусі, Літве і іншых краінах Еўропы.

Сёлета ЕГУ праводзіць набор на бакалаўрскія праграмы «Культурная спадчына і турызм», «Візуальны дызайн і медыя», «Медыя і камунікацыя», «Сусветная палітыка і эканоміка», «Міжнароднае права і права ЕС», а таксама ў вочна-дыстанцыйным фармаце рыхтуе магістраў на праграмах «Гістарычная і культурная спадчына», «Культурныя даследванні», «Бізнэс-адміністраванне», «Публічная палітыка», «Экзістэнцыйная псіхалогія». Выкладанне ў ЕГУ вядзецца на беларускай, расійскай і англійскай мовах.

 14 дзён 325 км адзін пешкі з заплечнікам

— Але між намі і пачаткам навучальнага года ляжыць час адпачынкаў. Ці маглі б вы, як спецыяліст, параіць нашым чытачам цікавы маршрут на гэтае лета?

— У мінулым годзе ў мяне быў складаны перыяд — давялося аперацыю перажыць і быў юбілей 60 гадоў. Давялося доўга думаць, які зрабіць сабе падарунак. Я выбіраў паміж двума тыднямі ў тыбецкім манастыры і нейкім падарожжам. І зяць параіў мне маршрут-пілігрымку па поўначы Іспаніі. Там ёсць некалькі маршрутаў, і ўсе яны вядуць у Санцьяга-дэ-Кампастэла, горад, у якім нібыта пахавалі парэшткі святога Якава. Большасць паломнікаў шпацыруюць па Camino frases — ён раўнейшы, насычаны культурнымі цікавосткамі. Але я выбраў шлях Camino primitivo: ён ідзе па гарыстай мясцовасці, людзей амаль няма. Толькі калі перад Санцьяга ўсе шляхі збліжаюцца, утвараецца натоўп, падобны да першамайскай дэманстрацыі — людзі ідуць суцэльнай плынню. Колькі шчаслівых людзей у адным месцы! Да таго ж, ёсць магчымасць пасля Санцьяга прайсці тры дадатковыя дні да акіяну і ўбачыць, як сонца садзіцца за Атлантыкай.

14 дзён 325 км адзін пешкі з заплечнікам я ішоў, кожны дзень думаючы пра аднаго са сваякоў, пра нейкую тэму, пра сябе. Пра тое, што можна яшчэ паспець зрабіць, а што ўжо зроблена. Гэта быў класны досвед знаёмства з самім сабой, са светам, з краінай. Колькі я цікавых мясцін і музеяў пабачыў! Зразумеў, хто такія іспанцы, што такое сіеста: там такая спёка ўдзень, што немагчыма выжыць, таму з 14 да 17-й гадзіны ўсё зачынена, вуліцы пустыя, а потым краіна ажывае, музеі працуюць да 21-22 гадзіны.

Гатэлі для паломнікаў размешчаныя досыць густа, і кожны выбірае па сабе, дзе спыніцца. Але вельмі жорсткія правілы: ты прыводзіш вопратку ў парадак, вячэраеш, а 10-й вечара ўсе кладуцца спаць, а да 8-й усе павінны сысці. А палове на 6-ю людзі ўжо ў цемры пачынаюць збіраць рэчы, каб паспець да спёкі трохі прайсці. Ісці мусіш абавязкова, незалежна ад надвор’я, толькі калі захварэў — можаш застацца яшчэ на ноч, а так — вызваляй месца новым паломнікам.

Часам ты з аднымі і тымі людзьмі начуеш або сустракаешся на шляху, і на 3—4 раз вы ўжо як родныя. Ты ніколі не ведаеш, з кім пазнаёмішся. Там быў магістрант з Нямеччыны, які не мог выбраць тэму магістарскай. Іншы пасварыўся з сяброўкай і шукаў хто вінаваты. 18-гадовы хлопец з Нідэрландаў, Віктар, не ведаў, куды падацца пасля школы, і я яму расказваў пра liberal arts college — унікальны каледж ліберальнай адукацыі ў Нідэрландах. Калі дакладна не ведаеш, куды табе падацца — ідзі за шырокай адукацыяй. Была жанчына з Францыі, гадоў сямідзесяці — 4 дзяцей, 8 унукаў, яна ішла і шукала адказ, чаму калі ёй было 50, яны разышліся з мужам.

Ёсць, канечне, і аматары, якія здзяйсняюць падарожжа for fun. Яны нават заплечнікі не нясуць — ёсць служба таксі, якая можа перавезці рэчы. Але гэта ўжо падман, тут трэба выпрабаваць сябе. Павага да сябе памнажаецца, калі ты гэта зробіш. Цяпер я «функцыяную» з новым пад’ёмам.

— Вы думалі пра падобныя пешаходныя маршруты па Беларусі?

— Канечне, Беларусі патрэбныя такія маршруты. Адпачываючы на выходных ў Заслаўі, я назіраю: спыняюцца турысты, пытаюцца пра лінію Сталіна. А я пытаюся: а вы ведаеце пра гэты горад? Яны здзіўленыя: а што, і тут таксама цікава? Дзве кабеты ў мяне на мінулым тыдні пыталіся, дзе заліць паліва, каб даехаць да лініі Сталіна. Я ім пра Заслаўе пачаў расказваць, і яны былі тааак здзіўленыя! Зрабіў такую рэкламную інтэрвенцыю.

Сёлета я з сябрам-археолагам Міколам Крывальцэвічам збіраюся ісці па Прыпяці. Штогод ён ходзіць у выведкі: назірае, дзе маглі быць паселішчы бронзавага веку, і потым прыводзіць туды экспедыцыю. Канечне, у Іспаніі табе гарантаваная інфраструктура: дах над галавой, гарачая вада — а тут прыйдзецца ўсё несці з сабой. Але, можа, гэта і добра.

— Вы пастаянна ездзіце па музеях свету. Якога музею Беларусі не стае?

— У Беларусі бракуе музею сучаснасці, які б паказаў як мяняюцца людзі, як мяняецца час, чаму перамены ў краіне ідуць менавіта такім шляхам. У канцэпцыю было б дарэчы ўключыць тое, што робіць Святлана Алексіевіч, асэнсоўваючы лёс беларусаў у 20 стагоддзі. Гэта мог бы быць музей «чырвонага чалавека», хоць мне вельмі не падабаецца такое азначэнне.

У Швецыі доўгі час існавала асацыяцыя музеяў SAMDOC, унутры якой музеі дамовіліся супольна музеефікаваць сучаснасць. Нехта падрабязна дакументуе дзень фермера, нехта — наркамана, нехта — дзень дзіцяці ў дзіцячым садку. Такое аб’яднанне намаганняў нават небагатых музеяў дае плён і матэрыял.

Так, музей сучаснасці — гэта архіскладана, гэта вельмі суб’ектыўна, але ў гэтым і выклік для сучасных музеяў! Чалавек вельмі адчувальны да таго, на якім фоне, у якім святле падаецца яго асоба. Мой досвед працы ў музеі народнай славы вёскі Іканы, дзе я сутыкаўся з рэальнымі ветэранамі, даў мне падставы заракчыся і не працаваць больш з сучаснасцю.

Але ў ЕГУ мы цяпер думаем над стварэннем віртуальнага EHU-zeum’а, які б паказаў 25 гадоў жывой гісторыі ўніверсітэту, а разам з тым і частку гісторыі сучаснай Беларусі.

Гутарыла ПК

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930