Знайсці
27.05.2017 / 17:293РусŁacБел

Спартыўныя федэрацыі ператрэслі. Для каго і для чаго?

Галоўны рэдактар By.tribuna.com Алег Гаруновіч — пра перамены без пераменаў.

Беларусь — краіна светлых ідэй і простых элегантных рашэнняў. Сказалі наверсе пачынаць школьныя заняткі ў 9 раніцы - і ўжо дактары з педагогамі распавядаюць, як гэта добра і правільна (як раней не дадумаліся — загадка). Сказалі усіх працаўладкаваць да вызначанай даты — працаўладкавалі. На паперы.

Сказалі змяніць уладу ў спартыўных федэрацыях - наогул не пытанне. Памятаеце двух з куфэрка, якія ў мульціку дагаджаюць капрызнаму маленькаму Воўку? Ну вось увесь наш дзяржапарат па сваім функцыянале нагадвае гэтую парачку. Атрымалі заданне — сказалі «ага!» — нешта па-хуткаму збацаць — а вы там здзіўляйцеся. Прычым збацаць нават не для Воўкі, а наогул незразумела для каго.

Магчыма, я памыляюся і чагосьці не разумею, але давайце возьмем перастаноўкі ў федэрацыях, якія навідавоку. У чым іх сэнс?

У біятлоне старшыня КДБ Валерый Вакульчык перадаў паўнамоцтвы Андрыяну Цыбульскаму, які ў зборнай ужо шмат гадоў. Вось так абнаўленне! Прычым старшыня КДБ узначаліў нейкі назіральны савет.

У тэнісе наогул усё добра. Радуюць і мужчынская зборная, і тым больш жаночая. Бізнесмен Аляксандр Шакуцін ставіўся да справы з сэрцам, але працу трэба правесці — і вось ужо на чале федэрацыі стаіць Сяргей Цяцерын. Яшчэ адна «новая рука», як і Наталля Цылінская, якая не першы год падымае веласпорт.

Магчыма, і Вакульчыку, і Шакуціну не патрэбна федэрацыйная руціна, магчыма, іх занятасць у іншых сферах спыняе нейкія працэсы. Але наўрад ці гэтыя двое адыдуць далёка ад біятлона і тэніса. І перастаноўкі, якія адбыліся ў федэрацыях, ужо сапраўды не цягнуць на «сур'ёзнае перафарматаванне» і «капітальнае ператрэсванне», якія анансаваў Аляксандр Лукашэнка. Гэта так, касметыка.

Ладзіць капітальнае ператрэсванне зверху наогул цяжка, асабліва калі адказваеш ў краіне за ўсё.

Больш натуральна, калі працэсы ідуць ўнутры арганізацый - калі там з'яўляюцца новыя ідэі і новыя лідары, калі там ёсць канкурэнцыя. Так перамены выглядаюць арганічна і дораць нейкую надзею. А так гэта чарговы маштабны эксперымент і практыкаванне ў перасаджванні кветак у межах адной клумбы. Чакаць, што астра раптам стане ружай, наіўна.

Зрэшты, новых лідараў і ідэй няма не толькі ў спорце. Чаму там павінна быць інакш?

А яшчэ надакучылі размовы пра тое, хто ўсё ж такі павінен кіраваць федэрацыямі. Паспяховыя ў мінулым спартсмены ці чыноўнікі з адміністрацыйным рэсурсам? Бог яго ведае, з чаго павёўся такі звужаны выбар, але нас чамусьці ўвесь час кідае ў крайнасці. Або паўсюль чыноўнікі, ці раптам спартсменаў на царства. Але ж па-добраму ўсё проста: кіраваць павінны тыя, хто прыносіць карысць - у каго ёсць ідэі, прыхільнікі, уменне знаходзіць магчымасці. І пофіг, спартсмен гэта, чыноўнік або ў нядаўнім мінулым пастух. Але хлопцы з куфэрка ўжо сказалі «ага!».

Нешта падобнае на рэальныя выбары неспадзявана здарылася ў федэрацыі фехтавання. Там знайшоўся чалавек, які пераканаў сваімі прапановамі за яго прагаласаваць. Але ўсё скончылася сумна. Чалавек не быў узгоднены наверсе, а няўзгодненыя людзі, як і іх ідэі, не патрэбныя. На жаль, і гэтая гісторыя не толькі пра спорт.

І напрыканцы свежае ўражанне ад дзяржаўна-спартыўнага «партнёрства» - нарады ў прэзідэнта па пытаннях хакея.

Міністр унутраных спраў, экс-губернатар і трэнер, што генеруе выпадковыя ідэі, абмяркоўвалі самую важную праблему для краіны. І добра б прыдумалі нешта талковае, але не — спрадвечная шарманка. У вачах спартсменаў зеляніна, у вачах прэзідэнта — ліхаманкавая прага выніку, каб парадаваць народ (о, як жа ён узрадуецца!). І ніводнай талковай прапановы, як гэтага можна дасягнуць хоць бы ў сярэднетэрміновай перспектыве.

Калі з падобнай крэатыўнасцю абмяркоўваюцца і неспартыўныя праекты, гэта наогул бяда.

Алег Гаруновіч, Tribuna.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930