Знайсці
27.05.2017 / 15:098РусŁacБел

Мікола Нікалаеў: Толькі Скарына друкаваў свае партрэты ў Бібліі

Колькі гадоў самай старажытнай беларускай кнізе? З чаго вырабляўся атрамант, які ня выцьвіў за 700 гадоў? Чаму не сустракаюцца выданьні Скарыны ў кнігазборах беларускіх магнатаў? Госьцем перадачы — беларускі кнігазнавец з Санкт-Пецярбургу Мікола Нікалаеў.

— Спадар Мікола, вядомая дакладная дата зьяўленьня на сьвет першай друкаванай беларускай кнігі — 6 жніўня 1517 году. Неўзабаве адзначацьмем 500-годзьдзе. Але ж і да Францішка Скарыны кнігі існавалі, хай сабе і рукапісныя. Вы можаце назваць самую старажытную рукапісную кнігу?

— Такіх кніг дзьве. Старонкі адной зь іх знайшлі на сьметніку ў Тураве, зь цягам часу датавалі іх ХІ стагодзьдзем. Старонкі тыя з Тураўскага Эвангельля. А другая кніга цалкам захавалася — Полацкае Эвангельле, ХІІ стагодзьдзе. Прычым Полацкіх Эвангельляў захавалася некалькі, я ў сваіх руках трымаў тры — ХІІ і ХІV стагодзьдзя, яны маюць больш позьнія дапіскі. Усе тры знаходзяцца ў Пецярбургу — у Расейскай Нацыянальнай бібліятэцы.

— Перапісваў кнігу адзін перапісчык, ці працавала цэлая брыгада?

— Часьцей за ўсё адзін перапісчык — ад пачатку да канца. Кнігі калектыўна на продаж пачалі вырабляць толькі ў ХVІ стагодзьдзі. Узьніклі манастырскія скрыпторыі. Такія скрыпторыі былі ў Супрасьльскім і Лаўрышаўскім манастырах. Хутчэй за ўсё, быў скрыпторый і ў Наваградку, дзе знаходзілася рэзыдэнцыя кіеўскіх мітрапалітаў. Так-так, Наваградак быў сталіцай Кіеўскай мітраполіі. Звычайна людзі, пачуўшы выраз «Кіеўская мітраполія», адразу перакідваюцца думкамі на Кіеў. А кіеўскі мітрапаліт у ХV і ХVІ стагодзьдзях сядзеў у Наваградку. І каля мітрапаліта мусіў быць скрыпторый, павінны былі перапісваць кнігі.

— А колькі часу перапісчык працаваў над адной кнігай?

— Ад паўгоду да году. Бывала і даўжэй. Скажам, шыкоўную Біблію перапісчык Мацей Іаанавіч (Мацей Дзясяты) перапісваў з 1502 да 1507 году. Пяць гадоў, што называецца, без адрыву ад вытворчасьці.

Ён быў пісарам у канцылярыі ВКЛ, і начальства вызваліла яго ад усіх абавязкаў, думаю, з захаваньнем заробку. Ён быў добры каліграф, і яму даверылі перапісваць Біблію, 700 старонак вялікага фармату, каляровым атрамантам. Рыхтаваўся падарунак каралеве, жонцы караля Аляксандра Ягелёнчыка — яна была праваслаўная. Але кароль памёр, яго жонка стала неактуальнай палітычнай фігурай, і перапіску біблейскага зводу перанесьлі зь Вільні ў Супрасьльскі манастыр. Усё ж Мацей Дзясяты закончыў сваю працу. Пра ягоную Біблію мусіў ведаць Францішак Скарына. Бо родны брат Мацея Дзясятага быў у Полацку настаяцелем манастыра. А сьвет тады быў цесны. Калі мы сёньня маем мільённыя і статысячныя гарады, то ў Полацку ў той час жыло каля 8 000 чалавек. Ды і Вільня была маленькая. Калі ўжо родны брат настаяцеля манастыра перапісваў Біблію, гараджане думаю, ведалі пра гэта.

«Яко же рад заец тенета избегши, так рад писец, остатнюю строку даписавши»… Заканчэньне працы для перапісчыка было сьвятам?

— Як і дажынкі. Людзі радаваліся, што сабралі ўраджай, што перажывуць зіму. Толькі дажынкі паўтараліся штогод, а перапісчык, чалавек духоўны, ведаў, што робіць кнігу, можа, адну на ўсё жыцьцё. Таму і зьяўляліся традыцыйныя вобразныя прыпіскі, адну зь іх вы працытавалі. А яшчэ пісалі, маўляў, «як карабель доўга не прыходзіў у гавань, так і я ўзрадаваўся, што вярнуўся з бурнага мора, дапісаўшы кнігу».

— У Максіма Багдановіча ёсьць верш пра перапісчыка: «І бачу я ў канцы няхітрую прыпіску, / што кнігу гэтую раб Божы дзяк Гапон / дзеля душы сьпісаў у месьце Ваўкавыску / у рок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён». Дык усё ж займаліся гэтай цяжкой працай дзеля заробку, ці дзеля душы?

— Пераважная большасьць перапісчыкаў — дзеля душы. Як тады зьяўляліся кнігі? Прыходзіць сьвятар у царкву служыць, глядзіць, а там сярод маёмасьці — ніводнай кнігі. А ў царкве без Эвангельля немагчыма служыць. І сьвятар мусіў альбо купіць, альбо перапісаць, дзесьці пазычыўшы. Гэта яго жыцьцё, яго заробак, яго хлеб. Першыя кнігі перапісваліся найперш дзеля духоўных патрэбаў. Што да згаданага вамі верша Багдановіча… Думаю, што паэт меў на ўвазе нейкую канкрэтную кнігу, магчыма, нават трымаў яе ў руках. Верагодна, недзе ў віленскім Музэі Івана Луцкевіча. Я ўжо даўно тую «ваўкавыскую» кнігу шукаю, шмат псалтыроў перабраў, не знайшоў пакуль. Але некалі знайду.

— Не сьпішаш грахі яго на валовай скуры, сем валовых скур сьпісаў… Прыказкі гэтыя дайшлі да нашых дзён. А колькі на адну кнігу ішло тых самых валовых скураў?

— Валоў стараліся ня браць — у іх тоўстая скура. Стараліся браць маладых цялятак, козаў. У залежнасьці ад памеру кнігі колькасьць жывёлаў магла даходзіць да дзясятку — цэлы статак.

Вельмі цікавая тэхналёгія вырабу. Часам маладыя дасьледчыкі не разумеюць, што азначае прыпіска на кнізе: «Хто забудзецца зашпількі зашпіліць, таго хай Бог пакарае!». А справа ў тым, што скура мае схільнасьць скручвацца, прычым толькі ў адзін бок. Ёсьць два бакі — дзе поўсьць была, і бліжэйшы да мяса. Дык скура скручваецца ў «мясны» бок пры высыханьні. Таму дасьведчаны кнігапісец чаргаваў старонкі, даваў іх рознымі бакамі. І ўсё роўна кніга пасьля гэтага яшчэ зашпільвалася альбо завязвалася, і рабіўся цьвёрды пераплёт з дошак, каб утрымаць скуру ад скручваньня. Таму і прыпіска зьяўляліся накшталт: «Хай у таго рукі адсохнуць, хто не зашпіліць кнігу». Гэта тэхналягічная інструкцыя для карыстальніка, бо іначай кніга высахне і сапсуецца.

— У маёй калекцыі ёсьць аўтограф Зьмітрака Бядулі 1939 году, дык яго ледзьве можна прачытаць — атрамант выцьвіў. А кнігі, пісаныя 600-700 гадоў таму, чытаюцца лёгка. З чаго вырабляўся такі даўгавечны атрамант?

— Атрамант даўгавечны, бо вырабляўся з добрага натуральнага матэрыялу. Выкарыстоўваўся льняны ці сланечнікавы алей, звычайная сажа, часам адвар дубовых арэшкаў. Усе малюнкі і літары ў такіх кнігах сапраўды не выцьвітаюць. Пэргамін і папера (у ХVІ стагодзьдзі ўжо дзейнічалі папяровыя млыны ў Вільні, у Смаргоні) добра прымаюць такі атрамант і захоўваюць. Першыя папяровыя рукапісныя кнігі так добра выглядаюць яшчэ і таму, што папера там вельмі высокай якасьці. Сёньня грошы з горшай робяць. Паперу тады выраблялі з натуральных анучаў. Вы кажаце, аўтограф Зьмітрака Бядулі выцьвіў. Бо ў 30-я гады паперу ўжо рабілі зь пілавіньня.

— Чаму рукапісныя кнігі працягвалі зьяўляцца і пасьля Скарыны? Навошта іх перапісвалі яшчэ і ў ХІХ стагодзьдзі?

— Дык і сёньня рукапісная кніга ў модзе. Сучасныя каліграфы, перапісваючы кнігі, зарабляюць неблагія грошы. Хоць гэта ўжо не масавая прадукцыя, а твор мастацтва. А ў ранейшыя часы… Калі ты можаш перапісаць патрэбную табе кнігу, і тое абыдзецца дзешавей, чым купіць… Гэта як боты пашыць. Таму і перапісвалі. Потым, ня трэба забываць, што ў Беларусі здаўна існавалі розныя канфэсіі. І, скажам, пратэстанты ці кальвіністы дзе маглі купіць патрэбную ім літаратуру? Вось і яны перапісвалі. Ці, прыкладам, правінцыйны сьвятар, які служыў недзе наводшыбе ў Наваградскім павеце, пазычаў Эвангельле і перапісваў — для сябе.

— А само зьяўленьне друкарскага варштату Скарыны — з чым яго можна параўнаць у гісторыі культуры?

— Велізарнае значэньне для нашай культуры ў тым, што Біблія пайшла ў народ. Пасьля рукапісьніка Мацея Дзясятага (ён закончыў перапісваць Біблію ў 1507 годзе) зьявілася друкаваная кніга. Гэта вельмі важна, каб у гісторыі былі дзьве кропкі, празь якія можна правесьці лінію, а яна ўжо дае накірунак руху. І вось Мацей Дзясяты і Скарына дзьве такія кропкі пазначылі, менавіта гэтыя дзьве асобы, але ж і народ за імі стаіць. Іх жа фундавалі, Скарына ж у Празе працаваў, значыць, грошы трэба было яму падвозіць. Кнігі тады каштавалі дорага, і ён, напэўна, зарабляў на гэтым. Карыстаючыся сваім службовым становішчам (я працую ў адной з самых багатых у сьвеце бібліятэк), я зацікавіўся, як аздобленыя кнігі скарынаўскай эпохі. Бо калі выйшлі першыя друкаваныя кнігі, узьнікла палеміка сярод багасловаў — а ці можа быць сьвяшчэнная выява надрукаваная, а не напісаная, як абраз. Аляксандар Навумаў (гісторык, філёляг і багаслоў беларускага паходжаньня, які працуе ў Венэцыі) давёў, што тая дыскусія вельмі хутка закончылася на карысьць прызнаньня сьвятасьці друкаваных абразоў.

А кнігі Скарыны размаляваныя цалкам па канонах ілюмінацыі эўрапейскай — найперш чэскай і нямецкай. Я ўзяў інкунабулу — «Хроніку» Шэдаля 1496 году, чэскую Біблію 1506 году — расфарбаваныя экзэмпляры, асобнік Бібліі з Гёрліца (ён выстаўляўся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і нават трапіў у факсымільную сэрыю) — там зусім іншы прынцып расфарбоўкі малюнкаў. І я думаю, што Скарына частку сваіх накладаў рабіў каляровымі, хоць вядомыя нам чорна-белыя гравюры — асноўная маса яго прадукцыі. Аздабляліся колерамі, думаю, падарункавыя выданьні, больш дарагія.

— Мне яшчэ незразумела, чаму Статут ВКЛ так доўга ня мог трапіць на друкарскі варштат?

— Шмат каму гэта незразумела. На маю думку, нашкодзіў Мікалай Радзівіл Чорны. Шляхта ВКЛ хацела мець друкаваны Статут. І Мікалай Радзівіл Чорны як канцлер павінен быў забясьпечыць друкаваньне. А ён замест гэтага арганізаваў друкарню, якая выдавала пратэстанцкія кнігі.

Ён зрабіў унёсак у адну галіну культуры, але зьняважыў усю шляхту, якая на сойміках патрабавала ад караля надрукаваць Статут. Кароль даручыў справу канцлеру, а той прывёз пратэстантаў і пачаў друкаваць Біблію на польскай мове… І толькі канцлер Леў Сапега пазьней даў загад, адмашку, як цяпер кажуць, Мамонічам, падтрымаў іх, і яны пачалі варушыцца, заказваць шрыфты, паперу, ілюстрацыі рыхтаваць. І — тры выданьні Статута ВКЛ зьявіліся на сьвет.

— Вы трымалі ў руках дзясяткі старажытных Біблій. Ці хто-небудзь яшчэ асьмельваўся зьмяшчаць там свае партрэты? Ці толькі Скарына быў такі сьмелы?

— Не, сваіх партрэтаў больш ніхто ў Бібліі не друкаваў, толькі Скарына. Праўда. у адной нямецкай Бібліі ёсьць партрэт выдаўца, але невялічкі, ня вынесены на цэлы аркуш. Сьмеласьць Скарыны была прадыктаваная адсутнасьцю традыцыі, ён акурат яе і фармаваў. Дарэчы, я ня схільны лічыць, што Скарына сам сябе намаляваў, думаю, гэта зрабіў прафэсіянал. Нават калі ён змог намаляваць, дык вырэзваў, напэўна, адмысловец. Думаю, што партрэт Скарыны ў Бібліі ня мог зьявіцца без узгадненьня з фундатарамі, з «браціяй русьсю». Ніводзін глябальны праект немагчыма ажыцьцявіць аднаму чалавеку. Адзін чалавек толькі выконвае.

— Вы працавалі з магнацкімі бібліятэкамі. А як яны камплектаваліся? Мяне дзівіць, што, скажам, у бібліятэцы Сапегаў не было той жа Скарынавай Бібліі.

— Камплектаваньне кнігазбораў залежала ад густу магнатаў і ад тагачаснай моды. Прыкладам, захаваўся ліст Паўла Сапегі з Парыжу ў Ружаны да маці, дзе ён піша: «Мамачка, я накупіў у Парыжы многа добрых кніг, таму тыя, што ў нас ёсьць, ты выкінь, я прывязу лепшыя». З другога боку, разумныя беларускія магнаты стваралі родавыя бібіліятэкі, з пакаленьня ў пакаленьне іх папаўняючы. Скажам, у нясьвіскіх Радзівілаў ардынацкая бібліятэка папаўнялася з розных родавых бібліятэк і нават мела права абавязковага асобніка выданьняў, якія зьяўляліся ў ВКЛ. Гэта можна назваць пачаткам абавязковага экзэмпляру. Думаю, Радзівілы і тыя ж Сапегі мелі і скарынаўскія выданьні. Проста калі бібліятэкі рассыпаліся, рабаваліся, то найчасьцей зьнікалі мясцовыя кнігі. Кнігі Скарыны ці Буднага ў магнацкіх кнігазборах былі. Проста іх першымі ўкралі, калі прыйшоў час.

— Сапегаўскую бібліятэку вывезьлі зь Дзярэчына пасьля паўстаньня 1831 году, як і ўсе творы мастацтва, каштоўнасьці і г. д. Трапіў той кнігазбор у Санкт-Пецярбург, у бібліятэку, дзе вы сёньня працуеце. Зь якім пачуцьцём вы бераце ў рукі кнігі зь Беларусі?

— Знайсьці кнігу з прыкметамі прыналежнасьці да беларускіх бібліятэк заўсёды радасна, асабліва з майго роднага Наваградку. Гартаеш нейкую лацінскую кнігу-інкунабулу і раптам бачыш, што яна зь Берасьця. Такія сустрэчы прыемныя, ты проста радуесься, пішаш пра знаходку сябрам. Страта гэтых кніг як носьбітаў інфармацыі для нас ужо неактуальная, бо інфармацыя даступная з самых розных крыніцаў. Але іх музэйная, а часам і сакральная вартасьць, застаецца. Ці магчымае вяртаньне такіх старадрукаў? Тут трэба падумаць. Скажам, мы маем прыклад Польшчы, вельмі нэгатыўны. Калі Польшча выйграла вайну з бальшавікамі, і ў 1921 годзе быў падпісаны Рыскі мір, то па ягоных умовах палякі вярнулі кнігі, вывезеныя некалі Расейскай імпэрыяй. Ленін распарадзіўся аддаць усё.

Але палякі не змаглі абараніць свае кнігі. Немцы спалілі Варшаву і Нацыянальную бібліятэку Польшчы, дзе згарэла нямала і нашых кніг. Калясальныя духоўныя каштоўнасьці, польскія і беларускія, на жаль, загінулі.

Але на пазасталыя старадрукі палякі проста моляцца. Адносна нядаўна і Беларускі экзархат ажыцьцявіў вельмі добры праект па факсымільным перавыданьні Полацкага Эвангельля. Была распрацаваная тэхналёгія вырабу плястыку, які нагадвае пэргамін. Лязэрам выпільваліся краі, усё вытачылі, усё паўтарылі. Каманда адмыслоўцаў прыяжджала ў Пецярбург, выдатны беларускі фатограф Георгі Ліхтаровіч рабіў копіі. І потым выдавецтва Экзархату па нэгатывах зрабіла тое, што робяць найлепшыя гішпанскія і францускія фірмы па вырабе муляжоў.

— Мне даводзілася бываць у кватэрах адукаваных людзей, дзе зусім няма кніг — іхнія бібліятэкі ў кампутары. Друкаваная кніга сыходзіць у гісторыю?

— Эра Гутэнбэрга заканчваецца, але друкаваная кніга ня зьнікне. Проста прайшоў яе пік. Інтэрнэт забраў чытацкую аўдыторыю, па ўсім сьвеце людзі адмаўляюцца ад друкаваных кніг. Але электронная кніга іх цалкам не заменіць. За сорак гадоў працы ў бібліятэцы я працаваў з усімі варыянтамі. Скан у руках не патрымаеш, тактыльная інфармацыя зьнікае. Друкаваная кніга сыходзіць у іншую нішу, і беларусы, мне здаецца, не заўсёды асьцярожна і ўдумліва вырашаюць гэтую праблему. Скажам, нават у такіх гарадах, як мой Наваградак, зьніклі кнігарні. Гэта, відаць, зьвязана з цэнтралізацыяй, з савецкай мадэльлю — калі ўжо робяць глупства, то адразу паўсюль. Шкада, што тут няма прыватнай ініцыятывы, дзяржава не дае якому-небудзь дзядку-букіністу зарабіць. Людзі ж паміраюць, бібліятэкі выкідваюцца на сьметнік. Дзецям яны не патрэбныя, яны звыкліся з кампутарнай культурай. Я нядаўна ехаў з Горадні ў Наваградак, перада мною сядзелі дзьве дзяўчыны і чыталі. Я пацікавіўся — што? Адна чытала расейскую кніжку, другая — польскую. І мне падумалася — горкая доля беларускай культуры працягваецца, Беларусь не дала тым мілым дзяўчатам сваю кнігу, тое, што іх цікавіць, яны знайшлі ў польскай і расейскай кніжках.

— Дык ці ёсьць будучыня ў друкаванай кнігі?

— Будучыня ёсьць абавязкова, і значэньне папяровай кнігі ніколі ня зменшыцца. Маштабы выданьняў зьменшацца, але надрукаваны наклад робіць кнігу неўміручай. А электронныя кнігі будуць залежаць ад наступнага пакаленьня кампутараў. Калі зьменяцца носьбіты, прыйдуць кампутары іншага пакаленьня, перанесьці, перапісаць кнігі можа стацца праблемай. Неяк у Пецярбург прыяжджаў калега з Токіа Такуакі Банай — ён вывучаў расейскія сядзібы, у тым ліку бібліятэкі, цікавіўся і беларускімі кнігазборамі. І ён мяне ў такую гульню ўцягнуў.

Едзем мы ў мэтро, і ён кажа: «Паглядзіце, у вас вельмі многа людзей чытае газэты і кнігі на паперы. У нас у Токіа ўжо гэтага няма». З таго часу прайшло гадоў восем, і я часам спрабую падлічыць, колькі людзей чытае з мабільнікаў і колькі на паперы.

Цяперашняя прапорцыя — 3 чалавекі чытаюць на паперы, а 7 — гаджэты.

І ўсё ж сёньня толькі 20% інфармацыі пераведзена ў электронны выгляд, і часам узьнікаюць сур'ёзныя праблемы з захаваньнем, зь вірусамі і г. д. І як мне патлумачылі нашыя бібліятэчныя кампутаршчыкі, далей будзе яшчэ горш — менавіта з апрацаваньнем і пераносам на наступныя носьбіты. А кніга на паперы — гэта вечная форма захаваньня інфармацыі.

Міхась Скобла, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930