Знайсці
25.05.2017 / 16:1071РусŁacБел

Дырэктар адказвае крытыкам: Праблем з беларускай мовай у гімназіі №4 я не бачу

Настаўніца чэшскай мовы Алена Лазоўская, якая апошнія тры гады выкладала ў гімназіі №4, пачала збіраць подпісы бацькоў супраць русіфікацыі школы. Пасля гэтага ёй паведамілі пра звальненне.

Дзень адкрытых дзвярэй у гімназіі №4. Фота gymn4.minsk.edu.by

Алена кажа, што сітуацыя ў гімназіі нездаровая: бацькі і настаўнікі запалоханыя, беларускамоўнасць умоўная і заканчваецца дзвярыма кабінетаў, а часам і раней. Скульптар Гэнік Лойка таксама доўгі час ваюе са школай і нядаўна судзіўся з дырэктарам праз тое, што настаўнікі фізкультуры не ведаюць родную мову.

Мы звярнуліся да дырэктара гімназіі №4 Андрэя Гоцмана і папрасілі выказаць сваю думку на гэты конт.

Чытайце таксама: У мінскай гімназіі №4 з незадаволеных ляцяць галовы, бацькі пратэстуюць супраць русіфікацыі

Андрэй Гоцман, дырэктар гімназіі №4.

«НН»: Галоўнае пытанне бацькоў у тым, што адбываецца паступовая русіфікацыя школы. Так гэта ці не? Многія прасілі запытацца ў вас пра лёс Статута. Бацькі хвалююцца, што будуць унесеныя змены, звязаныя з рускай мовай.

АГ: Статут сапраўды перагледжаны, таму што ён быў прыняты шмат гадоў таму. Змянілася заканадаўства ў сферы адукацыі, з улікам гэтых зменаў і Кодэксу аб адукацыі наш Статут прыведзены ў адпаведнасць з дзейсным заканадаўствам. Кардынальных зменаў у Статуце не можа адбыцца.

Спадару Лойку хочацца падняць бацькоў, маўляў, гімназія будзе рускамоўнай. Усе бацькі ведаюць, што гэтае пытанне ніколі не стаяла. У нашай гімназіі тым больш, яна адна ў Фрунзенскім раёне. У нас вельмі шмат вучняў. Да мяне цяпер прыйшло больш за 120 бацькоў, якія просяцца ў першы клас. Сярод іх нават ёсць грамадзяне, якія жылі ў Расіі, а цяпер павядуць дзяцей у першы клас нашай гімназіі, каб яны навучаліся на беларускай мове, бо маюць беларускія карані.

У нас учора адбылося свята, дзе прысутнічаў амаль увесь мікрараён. Тут было больш за тысячу чалавек. Выступалі нашы калектывы, гралі на беларускіх музычных інструментах, усе былі задаволеныя. Столькі вусных падзяк я атрымаў ад бацькоў! Ні адной крыўды не атрымаў увогуле! Таму ніякай гаворкі пра тое, што не будзе беларускай гімназіі, не ідзе.

Дзень адкрытых дзвярэй у гімназіі №4. Фота gymn4.minsk.edu.by

«НН»: Алена Лазоўская распавяла, што вы сказалі ёй, маўляў, збіраеце пакет дакументаў на спадара Лойку, каб праверылі яго псіхічны стан. Гэта праўда?

АГ: Я так не казаў.

Я сказаў, што сёння спадар Лойка выклікае ў мяне жаданне сабраць пакет дакументаў, каб праверылі яго стан. Бо Гэнік Лойка ў гімназію звяртаецца ўжо год сем. Я ж працую тут крыху больш за шэсць месяцаў. Ён сябе як паводзіць: дазваляе крычаць на дырэктара, на намеснікаў. Ён запісваецца на вахце і кажа: «Я пайду да дырэктара». Сам у гэты час ідзе ў класы, пытаецца ў настаўнікаў тое, што яму хочацца, адцягвае іх ад працы.

Настаўнікі, канечне, крыўдзяцца на гэта, прыходзяць да мяне і кажуць: «Андрэй Міхайлавіч, ну хай ідзе да вас. Але чаго ён з пытаннямі прыстае да настаўнікаў?» Мала таго, ён спыняе дзяцей, пачынае ў іх пра нешта пытацца. Гэта ўвогуле парушэнне заканадаўства аб правах дзіцяці. Я яго папярэдзіў: «Генадзь Станіслававіч, так не робіцца, у дзяцей ёсць бацькі. І калі да мяне яшчэ адзін выпадак такі дойдзе, я буду звяртацца ў пэўныя структуры, каб вамі заняліся ўшчыльную. Калі ідзяце да дырэктара — калі ласка». Ці кажа, што ідзе да сына, каб нешта перадаць. Сам жа, пакуль дойдзе да сына, задасць пытанні яшчэ дзесяці чалавекам.

«НН»: Бацькі кажуць, што на агульных бацькоўскіх сходах вы параілі ім у выпадку чаго звяртацца менавіта да вас, інакш вы прымеце пэўныя меры. Яны расцанілі гэта як шантаж.

АГ: Дырэктар сёння ў прысутнасці ўсёй залы, дзе сядзіць 200 чалавек, будзе пагражаць бацькам? Вы лічыце, што гэта магчыма?

Дырэктар цяпер заўсёды стаіць на вахце. Да мяне можа падысці любы бацька, маці, я стаю заўсёды разам з дзяжурнымі ў панядзелак і пятніцу ад восьмай раніцы. Калі ў кагосьці ёсць пытанні, дырэктар заўсёды даступны. І на бацькоўскім сходзе я казаў бацькам, што, калі ёсць нейкія пытанні, якія яны не вырашылі з настаўнікамі альбо намеснікамі, мой кабінет заўсёды адкрыты. Прыходзьце да мяне, я не зачыняюся ні ад каго.

«НН»: Некаторыя бацькі прасілі не згадваць іх імя ў матэрыяле, паколькі баяцца, што іх дзеці могуць не паступіць у гімназію.

АГ: А якім чынам іх дзеці могуць не паступіць у гімназію? Якім чынам дырэктар можа паўплываць на паступленне? Сёння адукаваныя людзі ведаюць, што ўсе работы на ўступных іспытах шыфруюцца. Нават дырэктар не ведае, чыя гэта работа. Іх правярае камісія, прысутнічае прадстаўнік Упраўлення адукацыі, Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Дырэктар да гэтых работ практычна не дакранаецца. Ён толькі падпісвае вынікі, правярае, каб там сапраўды стаяла адзнака, якая павінна быць. Можа, бацькі самі сабе думаюць, што дырэктар можа нешта зрабіць, выгнаць ці яшчэ што. Але ў нас ёсць Статут, ёсць Кодэкс аб адукацыі. Канечне, калі будуць нейкія значныя парушэнні, за якія прадугледжаная такая мера, то так. Але я не ведаю яшчэ ніводнага чалавека, які пайшоў з гімназіі менавіта па такіх прычынах.

Дзень адкрытых дзвярэй у гімназіі №4. Фота gymn4.minsk.edu.by

«НН»: Алена Лазоўская кажа, што вы звальняеце яе праз тое, што яна пачала збіраць подпісы. Гэта так?

АГ: Алена Лазоўская працуе ў нас па сумяшчальніцтве. Згодна з Працоўным кодэксам, калі прыходзіць чалавек на пастаянную працу, сумяшчальнік павінен быць звольнены. Алена Лазоўская яшчэ дзесьці працуе. Улічваючы запыты, якія сёння ёсць у бацькоў, а ў тым ліку і скаргі на Алену Лазоўскую, яна дапрацоўвае гэты навучальны год, а з наступнага будзе пастаянны настаўнік па чэшскай мове.

«НН»: То бок подпісы ні пры чым?

АГ: Мне распавялі настаўнікі, што Алена Лазоўская даганяла бацькоў, спыняла іх, чакала каля нашага плоту і прымушала нешта падпісваць. Да мяне звярнуліся некалькі бацькоў, якія сказалі: «Андрэй Міхайлавіч, нешта яна збірае абы-што, мы пад гэтым не будзем падпісвацца. Але вы ведайце, што нешта яна там піша, хоць мы нават не чыталі». Бо бацькі ж да настаўнікаў заўсёды адносяцца з павагай, і ў нас бацькі настаўнікаў паважаюць.

Дзень адкрытых дзвярэй у гімназіі №4. Фота gymn4.minsk.edu.by

«НН»: Цяпер сітуацыя вакол вашай гімназіі актыўна абмяркоўваецца, гучыць шмат негатыўных каментароў. Што б вы хацелі сказаць шырокай грамадскасці?

АГ: У кожным раёне ў нас ёсць установы адукацыі, дзе выкладаюць на беларускай мове. Сёлета ў Фрунзенскім раёне плануецца адкрыць у кожным мікрараёне па класе з беларускай мовай навучання. Праблемных пытанняў з беларускай мовай я не бачу. Да мяне цяпер звярнуліся больш за 120 бацькоў, якія хочуць трапіць у першы клас. Пра што гэта гаворыць? Сёння каля нас знаходзіцца гімназія з рускай мовай навучання, але 120 бацькоў прыйшлі сюды, хоць у нас па плане набор — 112 чалавек у чатыры першыя класы. У наступным навучальным годзе нас ужо будзе больш за тысячу. Як вы думаеце, калі б усё было так дрэнна, ішлі б гэтыя бацькі сёння да мяне, каб іх узялі ў першыя класы? Канечне, не ішлі б.

Сёння мы маем шмат перамог, у тым ліку па беларускай мове. У нас на ўзроўні краіны ў прадметнай алімпіядзе пахвальны водгук па беларускай мове. Сярод прадметных алімпіяд мы занялі трэцяе месца па колькасці дыпломаў. Калі б былі дрэнныя настаўнікі, змаглі б яны падрыхтаваць так вучняў? Не. У другой палове дня ў нас працуе музычная школа. У нас два ўзорныя калектывы, адзін з іх харэаграфічны, дзе танцуюць беларускія танцы. Беларусы — людзі разумныя. Калі б яны бачылі, што ў нас штосьці не так, яны б не вялі сюды дзяцей.

* * *

А што наконт татальнай русіфікацыі?

Калі Гэнік Лойка падаў у суд на Андрэя Гоцмана, мы размаўлялі з дырэктарам гімназіі. Тады мы пыталіся, ці насамрэч настаўнікі размаўляюць у школе па-беларуску толькі на ўроках.

Дырэктар, спасылаючыся на Канстытуцыю, тлумачыў, што не можа забараніць настаўнікам на перапынках размаўляць па-руску. 

«Спадар Лойка патрабуе, каб настаўнікі нават пад коўдрай размаўлялі па-беларуску, — казаў Андрэй Гоцман. — У нас сёння настаўнікі дзеляцца на рускамоўных і беларускамоўных? У нас сёння выдаецца дыплом вызначанага ўзору ўсім настаўнікам, і там такога падзелу няма».

Настасся Роўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930