Знайсці
25.05.2017 / 12:063РусŁacБел

Беларуска-латвійскі кантрабандыст спрабаваў узарваць сваё аўто на ўкраінскай мяжы

Ва Украіне працягваецца следства па крымінальнай справе, заведзенай у дачыненні да ўраджэнца Беларусі, грамадзяніна Латвіі Васіля Крупеніча. Латвійскія СМІ называюць Крупеніча «каралём прыбалтыйскай кантрабанды» па мянушцы Цыган. Справа ў тым, што падчас перасячэння мяжы Цыган ледзь не адправіў на той свет пяцярых украінскіх вайскоўцаў.

Васіля Крупеніча затрымалі ўвечары 19 сакавіка, калі ён на Mercedes-Benz спрабаваў уехаць у Польшчу праз украінскі міжнародны аўтамабільны пункт пропуску «Ягодін». У ходзе паглыбленага агляду аўтамабіля ў тэхнічнай адтуліне паліўнага бака мытнікі знайшлі нешта лішняе. Было прынята рашэнне адкрыць бак з салона «мэрса».

Падчас гэтай працэдуры Крупеніч знаходзіўся на пасажырскім сядзенні. Калі бак выявілі, ён, як адзначаецца ў пастанове, «усведамляючы грамадска небяспечны характар свайго дзеяння, жадаючы прычыніць смерць супрацоўнікам праваахоўных органаў у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, чыркнуў запалкай і кінуў яе ў адкрытую тэхнічную адтуліну паліўнага бака аўтамабіля з мэтай ажыццявіць яго выбух».

Крупеніч паспеў запаліць і кінуць некалькі запалак, пакуль яго не скруцілі. На шчасце, ні адна ў цэль не патрапіла. У машыне і побач з ёй у гэты момант знаходзіліся пяцёра вайскоўцаў. А бак быў запраўлены не толькі бензінам. З ёмістасці праваахоўнікі дасталі некалькі загорнутых у цэлафан пірапатронаў ПК-16М, якія выкарыстоўваюцца ў ваеннай авіяцыі для аварыйнага катапультавання крэсла пілота.

Дзе затрыманы іх набыў і з якой мэтай, цяпер высвятляе следства. Крупеніч падазраецца ў здзяйсненні трох злачынстваў: кантрабанда, незаконны вываз за межы Украіны ваеннай і спецыяльнай тэхнікі і замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа.

Прычым яго дзеянні з запалкамі на мяжы кваліфікуюцца як наўмыснае асабліва цяжкае злачынства, за ўчыненне якога прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 9 да 15 гадоў або пажыццёвае зняволенне. Магчыма, украінскаму правасуддзю ўдасца зрабіць тое, што латвійскаму не ўдалося.

Васіль Крупеніч (Vasilijs Krupeņičs) — асоба ў Латвіі вядомая, можна сказаць, медыйная. Пра сябе ён журналістам паведамляў, што нарадзіўся ў БССР у 1960 годзе ў вёсцы Церабень Пінскага раёна. З 1975 года жыве ў Даўгаўпілсе. Ваяваў у Афганістане, быў паранены і ўзнагароджаны медалямі СССР, Афганістана, Латвіі і Расіі. У той жа час ён не раз быў героем крымінальных гісторый. Латвійскія СМІ паведамлялі, што на Крупеніча неаднаразова заводзіліся крымінальныя справы, называлі яго «лідарам крымінальнай групоўкі» і «каралём прыбалтыйскай кантрабанды».

belaruspartisan.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера