Знайсці
23.05.2017 / 18:091РусŁacБел

Google працуе над стварэннем аўтаномных шлемаў віртуальнай рэальнасці

На канферэнцыі I/O 2017 кампанія Google распавяла пра стварэнне цалкам аўтаномнага шлема віртуальнай рэальнасці, якому не патрэбен ні камп’ютар, ні смартфон, ні нават сілкаванне па кабелі. Таксама такія шлемы не будуць мець патрэбы ў знешніх маркерах і камерах для адсочвання рухаў.

Праект развіваецца ў партнёрстве з двума вялікімі вытворцамі электронікі: HTC і Lenovo. Ужо сёлета яны прадставяць створаныя разам з Google шлемы пад уласнымі брэндамі. Прылады будуць аднымі з першых, што падтрымліваюць тэхналогію WorldSense, якая ўзмацняе эфект поўнай прысутнасці, дзякуючы магчымасці фізічнага перамяшчэння ў прасторы. Напрыклад, у такім шлеме можна гуляць у віртуальны футбол: рабіць рэзкія выпады, альбо, наадварот, ухіляцца ад нападу саперніка.

Таксама навінка будзе выкарыстоўваць сістэму візуалізацыі Seurat, якая дазваляе дасягнуць высокай прадуктыўнасці пры нізкім энергаспажыванні, эфектыўна аптымізуючы 3D-графіку.

Іншыя аналагічныя прылады патрабуюць складаных налад і залежаць ад працы знешніх датчыкаў. На канферэнцыі гледачам паказалі толькі контуры новых шлемаў, якія будуць працаваць на базе віртуальнай платформы Daydream.

Пра кошт прылады і дату выхаду афіцыйна не паведамляецца, хаця выданне TechCrunch мае інсайдарскія звесткі, што камерцыйная версія з’явіцца ўжо праз некалькі месяцаў і будзе каштаваць ад 500 да 700 даляраў.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера