Знайсці
28.05.2017 / 09:1640РусŁacБел

Топ-10 беларускіх суполак Укантакце, на якія варта падпісацца

Забарона ва Украіне расійскіх сацыяльных сетак падштурхнула да дыскусіі і ўнутры Беларусі. Ці Укантакце карысная для нас з’ява, ці наадварот прыносіць больш шкоды. «Наша Ніва» склала спіс найбольш цікавых і масавых суполак Укантакце.

Чай з малінавым варэннем

127 тысяч падпісчыкаў

Самы жывы і актыўны навінны паблік беларускага сегменту Укантакце. Ужо з самой назвы можна здагадацца, што суполка іранічная і саркастычная. Шмат увагі дастаецца і аўтару фразы пра «чай». У чым сакрэт поспеху гэтай суполкі? У просты і запамінальных мемах і відэа. Прыклад для многіх, як лёгка і смешна можна падаваць самыя сур’ёзныя навіны.

Мая краіна Беларусь

106 тысяч падпісчыкаў

У адрозненні ад «Чая» гэтая суполка цалкам беларускамоўная, яна мае свае акаўнты ў іншых сацыяльных сетках і мэсэнджэрах, але нідзе не з’яўляецца настолькі папулярнай, як Укантакце. «Мая краіна Беларусь» — гэта своеасаблівы мікс з бягучых навін, гістарычных цікавостак, відэа з беларусацэнтрычнай тэматыкай, фотак прыгожых беларускіх краявідаў і гарадоў. На палітыцы суполка засяроджваецца не так шмат.

National Geographic Беларусь

22 тысячы падпісчыкаў

Пра папулярны часопіс з такой назвай чулі ўсе, а ёсць яшчэ аднаіменнай суполка Укантакце выключна пра нашую краіну. Калі хочаце натхніцца прыгажосцямі Беларусі, то вам яўна сюды. Незабыўныя світанкі ў Гарадоцкім раёне, незвычайныя ракурсы Лошыцкага парка ці Мінскага мора, азёры, рэкі, лясы, замкі, касцёлы. Калі праглядаеш гэтую суполку, то ў галаве круціцца, якая ж прыгожая, вялікая і розная наша краіна.

Спосабы вандраваць амаль задарма

309 тысяч падпісчыкаў

Усё аб акцыях на самалёты, цягнікі і аўтобусы. Куды можна злётаць з Вільні за 20 еўра ў два бакі? Альбо калі наступны распродаж аўтобусных квіткоў з Мінска да Кіева? Тут вы знойдзеце ўсю актуальную інфармацыю. З апошняга — у жніўні з Варшавы можна злётаць туды-назад у Парыж за 26 еўра, а ў Стамбул са Львова — за 38. І гэта не падманкі, усе акцыі рэальна існуюць. Калі вы не баіцеся падарожнічаць самастойна з заплечнікам, то вам сюды. Адметна, што сайт суполкі мае беларускамоўную назву Vandrouki.by.

Lit.bel.

151 тысяча падпісчыкаў

«Прытулак для душы», — так характарызуюць суполку яе стваральнікі. Яе канцэпт вельмі просты: паверх нейкай натхняльнай фатаграфіі кладзецца нейкі выраз. Напрыклад, «Хочаш быць шчаслівым — будзь ім». І такія няпростыя фразы адгукаюцца ў сэрцах адначасова ў соцень карыстальнікаў. Лайкі і рэпосты сыпяцца адзін за адным. Асабліва прыемна, што гэта ўсё робіцца па-беларуску. Суполку «Літ.бел» можна знайсці ў падпісках людзей, якія болей не карыстаюцца ніводным белмоўным паблікам.

Калі ласка — Беларусь

42 тысячы падпісчыкаў

Суполка зручная ў навігацыі. Ужо пры заходзе на старонку вам адразу прапануюць прайсціся па некалькіх тэгах — вершы, музыка, апытанкі, Што? Дзе? Калі?, інтэлектуальная гульня. З гэтага можна зразумець, што група накіраваная найперш на культурніцкі кантэкст. Можаце праверыць і сябе, вось адна з загадак суполкі: «Берасце, Беласток, Баранавічі, Пінск, Вілейка, Менск, Віцебск, Магілеў, Смаленск, Гомель. У спісе адзін горад лішні і аднаго не хапае, назавіце іх!»

Арт-Сядзіба

6 тысяч падпісчыкаў

Калі хочаце быць у курсе апошніх культурніцкіх падзей у сталіцы, то суполка «Арт-Сядзібы» цудоўна дапаможа вам у гэтым. Самыя свежыя навіны пра беларускамоўныя канцэрты, паб-квізы, лекцыі і дыскусіі. Кожны можа абраць нешта на свой густ.

Беларуская мова — Белорусский язык

12 тысяч падпісчыкаў

Хочаш навучыцца беларускай мове, але не ведаеш як? Падпішыся на гэтую суполцы. У шапцы групы замацаваны файл правіламі беларускай пунктуацыі і арфаграфіі. А ў самой суполцы шмат практыкаванняў на правільнае напісанне і вымаўленне тых ці іншых словаў. Ёсць беларускія загадкі, ілюстрацыйныя малюнкі як па-беларуску сказаць пра той ці іншы прадмет. Можа быць, для сталага карыстальніка беларускай мовы — гэта будзе і не надта карысная суполка, але для неафітаў цалкам прымальная.

Еўрапейскі футбол

3 тысячы падпісчыкаў

На буйных спартыўных сайтах чытаць пра спорт па-беларуску пакуль немагчыма. І «Прессбол», і «Трыбуна» амаль заўсёды аддаюць перавагу рускай. І тут у справу ўступаюць энтузіясты. Усё аб чэмпіянатах Англіі, Італіі ці Германіі можна пачытаць тут. Для футбольных заўзятараў, якія не абнаўляюць кожныя пяць хвілін стужку sports.ru — гэта вельмі добры варыянт дазнавацца аб апошніх падзеях.

Беларуская музыка

6 тысяч падпісчыкаў

Усе апошнія трэкі айчынных музыкантаў вельмі аператыўна выкладаюцца ў дадзенай суполцы. Прычым перавага групы ў тым, што тут прадстаўлена ўсё самае свежае і актуальнае, а не выкладаюцца найлепшыя песні мінулых гадоў. Каб быць у курсе таго, што сёння адбываецца ў нашай музыцы, трэба абавязкова падпісацца на гэты паблік.

Наша Ніва

16 тысяч падпісчыкаў

На суполку нашага сайта Укантакце падпісацца можна тут.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера