Знайсці
17.05.2017 / 18:375РусŁacБел

Унучка імператара Японіі выйдзе замуж і страціць тытул прынцэсы

У імператарскім доме Японіі паведамілі пра маючыя адбыцца заручыны прынцэсы Мака Акісіна — першай унучкі кіруючага імператара Акіхіта і старэйшай дачкі яго сына Акісіна, піша ВВС.

Мака Акісіна — першая ўнучка кіруючага імператара Японіі. Фота Reuters

Выбраннікам 25-гадовай прынцэсы стаў яе аднагодак Кей Камура, супрацоўнік юрыдычнай фірмы. Яны пазнаёміліся пяць гадоў таму, будучы студэнтамі Міжнароднага хрысціянскага універсітэта ў Токіо.

Паколькі будучы жаніх прынцэсы — не шляхетнага паходжання, з падачай заявы аб уступленні ў шлюб прынцэса Мака пазбаўляецца тытула і пакідае імператарскую сям'ю. Ёй будуць прадастаўленыя звычайныя грамадзянскія правы, уключаючы права голасу, а таксама выплачаная аднаразовая дапамога ад дзяржавы.

Вестка пра хуткія заручыны прынцэсы спарадзіла ў японскім грамадстве дыскусіі па пытанні аб неабходнасці выхаду прынцэс са складу імператарскай сям'і ў выпадку шлюбу з простымі людзьмі.

Акрамя прынцэсы Мака ў складзе імператарскай сям'і ёсць яшчэ шэсць незамужніх прынцэс. Адзіны прадстаўнік мужчынскага полу ў малодшым пакаленні імператарскай сям'і — прынц Хісахіта, малодшы брат прынцэсы Мака.

У Японіі гучаць асцярогі, што імператарская сям'я не зможа выконваць свае грамадскія абавязкі, калі прынцэсы так і будуць выходзіць замуж за простых людзей і губляць з-за гэтага свой тытул.

Экспертная група японскага ўрада заявіла аб неабходнасці прыняцця тэрміновых мер, якія дапамогуць захаваць імператарскую сям'ю дастаткова вялікай.

У прыватнасці, абмяркоўваецца магчымасць дазволіць прынцэсам ствараць уласныя галіны імператарскай сям'і пасля ўступлення ў шлюб.

Прынцэса Мака (злева) з бацькамі — прынцэсай і прынцам Акісіна. Фота ЕРА

Да афіцыйнага вяселля прынцэсы Мака і Кея Камура павінна адбыцца некалькі важных рытуалаў і працэдур.

Абрад заручын па традыцыі прадугледжвае візіт у імператарскі палац прадстаўніка жаніха з падарункамі. Пасля ён жа афіцыйна аб'яўляе дату шлюбу.

Па меры набліжэння дня вяселля праводзіцца яшчэ некалькі абрадаў, у адным з якіх будучая нявеста выказвае сваю ўдзячнасць імператару і імператрыцы.

У дзень вяселля прадстаўнік жаніха забірае нявесту з палаца, і толькі затым праводзіцца абрад шлюбу.

У адпаведнасці з законам Японскага імператарскага дома, калі жанчына з імператарскай сям'і выходзіць замуж не за арыстакрата, яна становіцца простай жанчынай, і ёй выплачваецца аднаразовая дапамога ад дзяржавы. Суму выплаты ўстанаўлівае дзяржсавет з удзелам прэм'ер-міністра.

Калі ў 2005 годзе Саяка Курода, адзіная дачка імператара Акіхіта і імператрыцы Міціка, выйшла замуж за гарадскога дызайнера, яна атрымала каля 150 млн іен (1,3 млн даляраў).

Іншая былая прынцэса Нарыка Сенге, стрыечная пляменніца імператара, пасля вяселля з сынам першасвятара сінтаісцкага храма ў 2014 годзе атрымала 100 млн іен (870 тысяч даляраў).

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930