Знайсці
17.05.2017 / 14:09112РусŁacБел

Дэпутат-гісторык Марзалюк: Русіфікацыя да нас прыйшла не з Расіі

Газета «Звязда» надрукавала вялізнае інтэрв’ю з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, гісторыкам Ігарам Марзалюком. Гэта рэкламны артыкул, які аплацілі ААТ «Дамброва» і Шчучынскае ўнітарнае прадпрыемства ЖКГ. Таму матэрыял выйшаў на рускай мове, хоць і ў беларускамоўнай газеце.

Гаворка зайшла аб старонках гісторыі Расійскай Імперыі і Савецкага Саюза ХIX—ХХ стагоддзяў. Марзалюк не сквапіцца на цёплыя словы на адрас лідара Кастрычніцкай рэвалюцыі Уладзіміра Леніна: «Ленін — палітык нумар адзін у ХХ стагоддзі. Яго веліч, фундаментальнасць і маштаб маюць наднацыянальны характар».

А таксама на адрас Кастрычніцкай рэвалюцыі: «Тое, што сёння называецца еўрапейскімі каштоўнасцямі, — гэта наступствы Кастрычніка 1917 года. Усеагульнае выбарчае права, васьмігадзінны працоўны дзень, сацыяльныя гарантыі для людзей і многае іншае. У Еўропе гэта называецца заваёвамі еўрапейскай сацыял-дэмакратыі, але, па сутнасці, гэта ўрокі Вялікага Кастрычніка».

Адзінай памылкай Леніна гісторык называе разгром Рускай праваслаўнай царквы. Праект СССР ён лічыць паспяховым.

«Бальшавіцкі праект федэратыўнай дзяржавы, вядомы ва ўсім свеце пад назвай СССР, — гэта адзіная магчымасць на той час захаваць у цэласнасці дзяржаўнасць на адной шостай частцы сушы. Для многіх малых народаў ленінскі мадэрнісцкі праект стаў адзінай магчымасцю стварэння ўласнай нацыянальнай культуры — пісьменства, мовы, гісторыі. Гэта была сапраўдная культурная рэвалюцыя зверху. Над гэтымі праблемамі працавалі шматлікія навукова-даследчыя інстытуты ў СССР.

Праблема была вырашана настолькі паспяхова, што многія малыя народы пасля распаду Савецкага Саюза настолькі паверылі ў сваю выключнасць, што ва ўсіх сваіх бедах і праблемах сталі вінаваціць рускіх».

У чарговы раз дастаецца лібералам і еўрапейцам. «Любоўныя шматкутнікі, адмова ад сямейных каштоўнасцяў, артыстычная хваравітасць, падкрэсленае павага да нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, ваяўнічы атэізм і многае іншае далі свае шматлікія ўсходы не на сваёй радзіме, а ў Еўропе. Сучасныя еўрапейцы так да канца і не зразумелі разбуральны характар таго, што прыйшло да іх з Расіі, якая, перахварэўшы на Сярэбранае стагоддзе і пераасэнсаваўшы ўсё створанае ў той час, прыйшла да таго, ад чаго прапанавала адмовіцца ўсім, — да вечных сямейных каштоўнасцяў і прымата духоўнага». Амаль што гаворка пра «скрэпы», пра якія гэтак любяць цяпер згадваць у Расіі.

Цікава, што Марзалюк адназначна трактуе вайну 1812 года як «айчынную», а тых людзей, што ішлі ваяваць у падтрымку Напалеона, лічыць «калабарантамі».

«Беларусь — гэта еўрапейскі паўстанак, злучнае звяно паміж Усходам і Захадам. З прыроджанай на генетычным узроўні нацыянальнай і канфесійнай памяркоўнасцю. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе не было антысемітызму. У нас немагчымы быў Бабін Яр у прынцыпе. Вільгельма Кубэ ўзарвалі менавіта ў Мінску. А гэта быў не самы няздатны і дурны палітык у Гітлера. З Эрыхам Кохам падобнага ва Украіне не адбылося», — мяркуе Марзалюк.

Пасля гэтага ідзе наскок на Апазіцыю БНФ у Вярхоўным Савеце. «Большую шкоду, чым гэта зрабіла нацыяналістычная фракцыя 12-га склікання, уявіць сабе цяжка. Бальшавіцкі наскок у моўным пытанні выклікаў поўнае адрыньванне ў грамадстве».

«Традыцыйнае аграрнае грамадства па сваёй прыродзе мае мову тытульнай нацыі. Індустрыяльная эпоха прыносіць у штодзённае жыццё двухмоўе — у тэхнічнай вобласці пачынае дамінаваць мова той нацыі, тэхнічная культура якой вышэйшая або ў колькасных адносінах якой больш. Русіфікацыя прыйшла да нас не з Расіі, яе крыніца — індустрыялізацыя Беларусі ў пасляваенны час. У шматнацыянальнай краіне мова міжнацыянальных зносін выступае сродкам камунікацыі сярод тэхнічнай інтэлігенцыі», — перакананы Марзалюк.

Напрыканцы не абышлося без кампліментаў на адрас цяперашняга кіраўніцтва краіны. «Беларусь сёння застаецца на ўсёй постсавецкай прасторы адзіным месцам для бяспечнага асабістага пражывання. І ў гэтым несумненная заслуга нашага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Эканамічныя цяжкасці часовыя, а мы, тыя, што жывуць на гэтай зямлі, вечныя».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930