Знайсці
16.05.2017 / 17:2934РусŁacБел

Карпаў адказвае Халезіну: Гэта эмігранцкая траўма — развесціся, але не развітацца

Размаўляю я з адным фрэндом на «Фэйсбуку». Ён даўно з'ехаў у Швецыю і адтуль жывапісуе побыт і вядзе гаспадарку. Дзве асноўныя тэмы: нянавісць да бежанцаў (агучаная з бяспечнай адлегласці) і «беларусы — лохі і цярпілы». Ну, пытаю: а чаго ты сам дабіўся ў галіне сваіх грамадзянскіх правоў?

А той мне адказвае, што ён дабіўся, каб ягоныя правы выконвалі ў іншай краіне. Эміграваў. Піша, як гэта было цяжка, як ён пакутваў і пераадольваў. Піша і нервуецца. Бо страшна сабе суперажывае.

Я пытаю, ці не падаецца яму, што паміж ім і беларусамі ёсць розніца. Бо ты скарыстаўся наяўнай, створанай для цябе, хай сабе і няпростай, але празрыстай працэдурай атрымання правоў, а ў беларусаў такой працэдуры няма. Я не ведаю, што мне трэба зрабіць, якую чаргу адстаяць і якія паперы падаць, каб Беларусь стала прававой дзяржавай. З іншага боку, я не думаю, што за права атрымаць грамадзянства людзей б'юць ці саджаюць на суткі ў шведскім консульстве.

Тут чувак пасылае мяне нах*й, адфрэнджвае і наша сувязь перарываецца.

Чаму перарываецца? Таму што былы муж (жонка) — с*ка.

Таму, што калі ты развёўся, то не важна, што было да таго, і не важна, што будзе пасля. Ты — ахвяра, муж/жонка — с*ка, чмо. Ты з'ехаў і стаў ахвярай. Беларусь засталася жонкай-паскудай, якой нельга даць пра гэта забыць.

Ты як бы можаш думаць пра што заўгодна — пра балет, пра перспектывы, — але замест гэтага думаеш пра сваю крыўду і ў гэтым разрэзе можна ўсё апісаць наперад: твая былая жонка — паскуда, яна была паскудай ад нараджэння і, значыць, паскудай і памрэ. А значыць, яе новы муж, які ў яе будзе, — будзе такім жа паскудам. І іх дзеці народзяцца паскудамі. І ўнукі будуць паскудамі. І ўсё, што яны скажуць, — будзе паскудна, усё, што зробяць, — будзе паскудна. А я? А я — маладзец. Калі са мной нешта адбываецца добрае, то гэта дзякуючы мне, а калі кепскае — то гэта таму, што жонка была паскудай.

Гэта эмігранцкая траўма: развесціся, але не развітацца. Не забыць, не разлюбіць, і таму бясконца абражаць, прыдумваючы ўсё новыя і новыя факты мінулага і будучага.

Бо аднаму — сумна. Бо новай сям'і усё ніяк не ствараецца, а са старой — няма пра што пагаварыць. Застаюцца толькі крыўды, за якімі хаваецца жаданне мець магчымасць хоць раз на месяц прыйсці да былой жонкі, каб звыклым рухам узяць яе за задніцу.

Таму, калі я чытаю ў Халезіна пра «опущенное общество», я бачу чарговы тэкст не пра грамадства, а пра сябе.

Хрэн з ім, як бы з сабжам, то бок Седзюком і ягонай сракай на «Еўрабачанні», якога Мікалай называе «пранкерам, а значыць, клоўнам». Праўда, калі чалавек у 2017-м годзе паказвае задніцу, каб рассмяшыць, — ён непрофпрыдатны як клоун, а значыць — не клоун.

Пяцёрачка ў выглядзе пакарання і анальныя дыскусіі — гэта, канешне, не крута. Тут я згодны і ўсё такое. Але хачу — пра іншае.

«Славутая надуманая беларуская талерантнасць — гэта мікст з антысемітызму, ксенафобіі, расізму і гамафобіі», — піша Халезін. От так. Ён мог бы напісаць, што беларусы не такія ўжо і талерантныя. Ён мог бы напісаць, што сярод беларусаў многа гамафобаў, але ён напісаў, што беларуская талерантнасць — ГЭТА мікст гамафобіі, анысемітызму і блаблабла. А яшчэ ён напісаў пра «опущенное общество», прапануючы кожнаму самому нафантазіраваць укладзеныя сэнсы.

Пачаў з фразы ўкраінца Авакава, перайшоў на падтрымку Авакава нейкімі сваімі беларускімі фрэндамі і вынес вердыкт: беларускае грамадства — апушчанае.

То бок прыгожа і звязна, лірычна і таленавіта напісаў, што — былая жонка — паскуда. І муж, і дзеці, і вапшчэ.

Многія беларускія эмігранты пакутуюць ад няўмення знайсці агульную тэму з тымі, што засталіся, і ім падаецца, што «жорская крытыка» — гэта той самы пачатак дыялогу. Але на самай справе гэта — пытанне паручыка: «Ці не білі вас, Наташа, вяслом па прамежнасці», зададзенае для «падтрымання размовы».

Наогул, ведаеце, чым адрозніваюцца глыбокія разумныя людзі ад проста разумных? Разумныя мысляць глыбока, а глыбокія ўсведамляюць ступень разумнасці. Яны бачаць, у які бок мысляць, і карэктуюць накірунак, каб, напрыклад, не ператварацца ў інтэлектуальную пакрыўджанку.

Таму, калі я пачытаў Халезіна, я падумаў, што Мікалай — бясспрэчна разумны чалавек. Проста разумны чалавек.

Апытанка

Стась Карпаў, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера