Знайсці
17.05.2017 / 13:5215РусŁacБел

Метро «Тучынка»: успамін пра катастрофу

Новая станцыя — шанец аддаць даніну памяці знішчаным беларускім габрэям.

Мінскі метрапалітэн вынес на агульнае абмеркаванне назвы станцый чацвёртай, кальцавой лініі метро. Ідэалогіі ў найменнях, на першы погляд, не праглядаецца — яны нейтральныя, прывязаныя да мясцінаў, дзе будуць збудаваныя. Сучасныя мінчукі збольшага тыя тапонімы ці зусім не ведаюць, ці даўно на іх забыліся. Хто, напрыклад, скажа, як правільна ставіць націск: ТУчынка ці ТучЫнка? Дый мала хто чуў пра трагедыю, якая разгарнулася ў гэтай мясціне без малога восем дзясяткаў гадоў таму. 

Новая станцыя метро мае паўстаць на вялікім перакрыжаванні шырокіх праспектаў Пушкіна-Жукава ды вуліцы Панамарэнкі. Варта аддаць павагу густу адмыслоўцаў з метрапалітэна, якія прапанавалі прывязацца не да іх, а менавіта да Тучынкі, гістарычнага ўрочышча, якое некалі было на ўскрайку места. Адсюль, з узвышша, добра праглядаецца мясцовасць, якая, імаверна, і падорыць станцыі сваё імя. Сядайма ў тралейбус, які паволі спускаецца па вуліцы Харкаўскай. Злева на пагорках цягнуцца «хрушчоўкі», справа — хаатычны абшар з паркоўкамі, прамзонамі ды рэшткамі драўлянай прыватнай забудовы сярод зеляніны здзічэлых садоў у ярах. Гэты кавалак горада, нібы беспрытульны, ляжыць паміж вірлівым цэнтрам і спальнымі ўскраінамі.

Тучынка на плане Мінска 1928 года.

Недзе тут, у раёне былых цагельняў, нацысты, якія толькі-толькі атабарыліся ў Мінску, пачалі знішчаць нашых габрэяў. Шлях недалёкі — «унтэрмэншаў» хапалі, скажам, каля Замчышча ці ў Ракаўскім прадмесці, гналі праз чыгунку і расстрэльвалі ў гэтым зацішным кутку. Такім чынам «вызвалілі» ад насельнікаў кварталы ў раёне цяперашняй станцыі метро «Фрунзенская», і зрабілі там гета, закрытую зону, куды гналі габрэяў з усёй Беларусі ды з іншых куткоў Райху. Прадуманая, эфектыўная, пачварная лагістыка. Больш падрабязна пра гэта напісаў гісторык і паэт Антон Рудак. Аднак калі «Яму», месца масавых расстрэлаў габрэяў з мінскага гета каля сучаснага праспекта Пераможцаў, больш-менш ведаюць, дык Тучынка збольшага застаецца невядомай, са сваімі непралазнымі нетрамі саматужных аўтамайстэрняў, гаражоў ды зарасцяў кустоўя. 

Станцыя метро — гэта сімвал. Узгадайце, наколькі грунтоўна, класічна аформленая керамічнымі кампазіцыямі станцыя «Плошча Якуба Коласа». Ці як тонка, густоўна адлюстраваны ўспамін пра вёску, якую праглынуў горад, на больш новай станцыі «Грушаўка». А сімвалам чаго будзе «Тучынка»? Ёсць час задумаца.

Мабыць, не варта рабіць са станці метро мемарыялу. Чалавеку, які штодня едзе на працу і дахаты, не хочацца два разы на дзень спускацца ў змрочны склеп. Хай бы лепей «Тучынка» была лёгкім успамінам пра цікавую, жывую культуру, якую паглынула карычневае бяздонне. Скажам, можна аздобіць падземны хол станцыі вітражамі з шагалаўскімі матывамі. Каляровыя козачкі, драўляныя хаткі і людзі, якія лятуць у нябёсах, што свецяцца знутры цёплым святлом… Прыгожа. 

Нехта скажа: ну вось, зноў вы з гэтымі габрэямі. А колькі знішчаных беларусаў не ўганаравана як след — ні рэпрэсаваныя, ні дэпартаваныя, ні замораныя голадам… Аднак тое, кім мы ёсць, вызначаецца ў тым ліку і праз тое, пра каго мы памятаем. Як і праз тое, пра каго мы лічым за лепшае забыцца. 

Шкада будзе не ўзгадаць ані словам сем'і тых, хто забіты ў Тучынцы — калі ўжо вырашылі даць станцыі метро такую назву. Гэтыя людзі, суседзі нашых дзядоў, не мелі шанцу зрабіцца часткай нашай агульнай нацыі. Дык няхай яны застануцца ў нашай агульнай, штодзённай памяці. Хоць бы і на новай станцыі метро.

Васіль Кроква

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930