Знайсці
16.05.2017 / 12:4732РусŁacБел

Праваслаўных у Беларусі больш, чым тых, хто верыць у Бога?

Чырвоным колерам пазначаны праваслаўныя краіны.

Згодна з рэлігійным даследаваннем цэнтра Pewresearch, 73% апытаных беларусаў лічаць сябе праваслаўнымі хрысціянамі, 12% — католікамі, і гэта пры тым, што верыць у Бога меншая колькасць людзей, моліцца штодзень увогуле толькі кожны чацвёрты. Наколькі можна давяраць гэтым лічбам, абмяркоўваем з Наталляй Васілевіч, экспертам па канфесійных пытаннях, дактарантам Бонскага ўніверсітэта.

— Ці сапраўды можна казаць, што 73% беларусаў лічаць сябе праваслаўнымі?

— Усё так. У даследаванні чатыры катэгорыі: праваслаўныя, католікі, іншыя і тыя, хто не адносіць сябе ні да якіх канфесій. Сапраўды, сусветныя даследаванні і беларускія сацыялагічныя апытанні паказваюць такія лічбы: 70—75% праваслаўных, 12—15% католікаў і іншыя. З канца 90-х колькасць тых, хто сябе не адносіць да рэлігіі, скарачаецца, такая тэндэнцыя ёсць, апытанні гэта паказваюць. Тут пытанне ў тым, наколькі ў жыцці людзей, якія сябе вызначаюць праваслаўнымі, рэлігія мае значэнне і наколькі гэта ўплывае на іх побыт, каштоўнасці і палітычныя погляды.

— Але пры гэтым у Бога вераць меней за 60 працэнтаў!

— Гэта тыповая праблема ўсіх вынікаў такіх апытанняў. Галоўным крытэрыем, што чалавек адносіцца да канфесіі, з‘яўляецца яго заява пра гэта. Калі чалавек кажа, што ён праваслаўны, яго запісваюць праваслаўным. Ён можа быць антыправаслаўным у сваіх перакананнях — не верыць у асноўныя дагматы праваслаўнай царквы, нават не быць хрышчоным, быць з поглядамі, якія супярэчаць праваслаўнаму вучэнню. Але гэта даследчыкаў не цікавіць. Іх цікавіць, як чалавек да чагосьці ставіцца. Таму спыняюцца на тым, што чалавек сам сябе называе.

— Зменшылася колькасць атэістаў і павялічылася колькасць праваслаўных у краінах з пераважным праваслаўем, а колькасць католікаў у краінах пераважна каталіцкіх, наадварот, знізілася. Чаму?

— Гэта зноў пытанне крытэрыяў. Каталіцкая царква выстаўляе больш жорсткія крытэрыі да сваіх вернікаў і пастаянна нагадвае, што значыць быць католікам. Напрыклад, у Германіі, калі ты не плаціш падатак на каталіцкую царкву і не рэгіструеш сябе католікам, ты не маеш права ўдзельнічаць у таемствах і не лічышся членам каталіцкай царквы. Ты можаш верыць у Бога, быць хрышчоным, але вось табе крытэрый. І людзі кажуць, ну ладна, нам такое не падабаецца, мы не будзем плаціць падатак, і хай лічаць нас кім хочуць. Каталіцкая царква пастаянна выстаўляе нейкія патрабаванні. Больш абавязковым з‘яўляецца ўдзел у таемствах для каталікоў, у каталіцкіх сем‘ях на гэтым робіцца большы акцэнт. Тут пытанне ў тым, што католікі ў Беларусі — меншасць, і ім трэба больш падмацоўваць сваю ідэнтычнасць, ці таму што каталіцкая царква больш арыентаваная на дысцыпліну, чым праваслаўная.

Але сапраўды, праваслаўным быць лёгка. Дастаткова назваць сябе праваслаўным. Праваслаўная царква не спрабуе абмежаваць сваю колькасць і сказаць: «Не, калі вы так робіце альбо не робіце таго і таго — вы не праваслаўны». Нават колькасць людзей, якія прыйшлі на Вялікдзень асвячаць прадукты, наадварот, царква спрабуе гэтую масу сабе прыпісаць. І не важна, як часта ты ходзіш. Можа, і лепей, што ты такая ананімная маса і не знаходзішся ў вельмі блізкай сувязі з праваслаўнай царквой. Мы бачым: сярод тых, хто вызначае сябе праваслаўнымі, толькі 54% прызнаюць Маскоўскага патрыярха ў якасці вышэйшага аўтарытэта ў сваёй царкве. То бок толькі 54% з усіх праваслаўных.

Быць каталіцкім атэістам цяжэй, чым быць праваслаўным атэістам. Таму католікам лепей сказаць, што я не адношу сябе да царквы і неяк дыстанцыявацца. А ў праваслаўных такога няма. Калі ўзяць гэтыя дадзеныя, то можна заўважыць, што праваслаўная ідэнтычнасць не столькі царкоўная, колькі культурная, а каталіцкая ідэнтычнасць больш звязаная непасрэдна з царкоўнай інстытуцыяй касцёла.

— З краін у даследаванні найбольш выдзяляецца Чэхія, дзе 72% кажуць, што не маюць дачынення ні да якой рэлігіі. Такіх лічбаў нават блізка няма ў іншых краінах.

— Там людзі больш сур‘ёзна ставяцца да рэлігіі. Гэта неабходнасць падзяляць вучэнне і праяўляць сябе ў рэлігійным жыцці. З даўніх часоў Чэхія паказвала не вельмі высокі ўзровень тых, хто сябе вызначае прыналежным да нейкай рэлігіі. Там высокая колькасць атэістаў, але ў Беларусі такія атэісты называюць сябе праваслаўнымі. Калі чалавек кажа: я не веру ў Бога, але я праваслаўны, я не веру ў Бога, але я не атэіст. У яго няма сувязі паміж зместам веры і тым, як ён сябе вызначае. Але калі цябе спытаюць ты хто? Ну, я праваслаўны.

— На якія лічбы яшчэ варта звярнуць увагу?

Мне было цікава параўноўваць Беларусь з Украінай і Расіяй. Беларусь практычна па кожным пункце не паказала ні самай вялікай лічбы, ні самай маленькай. Беларусь заўсёды знаходзіцца недзе пасярэдзіне. І такія краіны, як Беларусь, яны залежаць ад тэндэнцый, у тым ліку ў рэлігійным жыцці, якія адбываюцца ў іх суседзяў.

Вельмі цікавыя лічбы па Украіне, дзе да 2014 года ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхата была асноўнай канфесіяй і найбольшая колькасць людзей вызначала сябе прыналежнымі да гэтай царквы. Цяпер ва Украіне адбыўся калапс Маскоўскага патрыярхата. Толькі 17% вызначаюць патрыярха Кірыла як духоўнага лідара, а 46% — свайго нацыянальнага патрыярха Кіеўскага Філарэта, які ўзначальвае кананічна непрызнаную ў праваслаўным свеце царкву. Фактычна пасля падзеяў 2014 года (Майдан, Крым, вайна) Маскоўскі патрыярхат страціў свае пазіцыі ва Украіне, і з сур‘ёзнай сілы ён пераўтварыўся ў невялічкую групу паслядоўнікаў. Страціў усе свае пазіцыі. Мы бачым што за 2—3 гады гэта стала магчымым. Людзі мяняюцца, і нейкія знешнія падзеі ці сур‘ёзныя падзеі ў іх жыцці змяняюць стаўленне да рэлігійных арганізацый вельмі значна. Пры тым што Беларусь пакуль захоўвае высокую ступень лаяльнасці да Маскоўскага патрыярхата, гэта можа вельмі хутка змяніцца. Хаця і 54% не так шмат. Людзі не так зацікаўленыя ў патрыярху Кірыле як у лідару, і, думаю, тэндэнцыя будзе ўзрастаць.

У Беларусі праваслаўныя і католікі шмат у якіх пытаннях падобныя. Нельга сказаць, што ёсць нейкая праваслаўная палітычная ідэнтычнасць ці каталіцкая. Погляды чалавека не вельмі залежаць ад рэлігійнай прыналежнасці. Хаця ёсць стрэатып, што праваслаўныя супраць дэмакратыі, а католікі больш празаходнія. Насамрэч, такой розніцы няма.

Віталь Ругайн, euroradio.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930