Знайсці
15.05.2017 / 11:0356РусŁacБел

Зміцер Дашкевіч у гадавіну рэферэндуму: Я памятаю, як я, 13-гадовы падлетак, тады плакаў

Пры арышце па г.зв. «справе патрыётаў» мяне прывезьлі дахаты рабіць ператрус. Трэба было бачыць, зь якой варожай радасьцю гэбэшныя оперы даставалі з шуфляды бел-чырвона-белыя сьцягі. «О, дык столькі сьцягоў ў цябе!» Перапісалі ўсе — 16 штук — і дадалі да іх раздрукаваны банэр «Пагоні». Тое ж адбывалася па месцы жыхарства і Арцёма Леўчанкі, у якога радасна канфіскавалі 15 сьцягоў.

«Во, — кажу я ім, седзячы ў кайданах у крэсьле, — бандыта знайшлі, дык да!» Кадэбэшнікі не разумелі маёй іроніі і патрасалі балаклавамі ў знак згоды — бандытызм быў навідавоку. Пачалі нават апісваць кавалкі нарэзанай чырвонай і белай тканіны, але потым вырашылі, што для доказнай базы па крыміналцы хопіць і 16-ці нашытых сьцягоў. Але я не зьдзівіўся б, каб і тканіну дапісалі ў злачынства, вунё ў Сяргея Пальчэўскага канфіскоўвалі тканіну — і дагэтуль ніводнай скаргай адбіць яе ня можа, бо крымінал гэта — захоўваць чырвоную і белую тканіну разам.

14 траўня споўнілася 22 гады з таго жахлівага, дзікунскага рэфэрэндуму, калі Лукашэнка чыніў свой першы антыканстытуцыйны пераварот. Быццам бы як праз туман, але я памятаю той дзень. Мне тады было 13 год. І я ніяк ня мог зразумець, чаму нацыя выракаецца свайго сьцяга і герба. Мне ніхто нічога не тлумачыў пра зьбіцьцё дэпутатаў парламента, пра незаконнасьць самога галасаваньня і нават пра тое, што сьцяг мяняецца на іншы. А можа, нешта і тлумачылі, але гэта не адбілася ў памяці. Мне тады здавалася, што нацыя проста выракаецца сваіх самых сьвятых сымбаляў — сьцяга і герба. І калі ўлічыць тое, што народ не паўстаў супраць чырвона-зялёнага гвалту і беззаконьня, то мо і ня так ужо памылялася дзіцячае сэрца — нацыя выракалася…

Я памятаю, як я, 13-гадовы падлетак, тады плакаў — 14 траўня 1995 года. І менавіта тая крыўда за зьдзек з нацыянальных сымбаляў прывялі мяне праз 5-6 год у «Малады фронт». Мяркую, каб не ганебны рэфэрэндум 1995 года, я ніколі не прыйшоў бы ў апазыцыйны рух. За што ахвяраваць сабою? За ліберальныя ідэі? За заробкі? За ўладу? На ўсё гэта было проста начхаць тады, калі мы, 13—18-гадовыя дзеці далучаліся да «Маладога фронту». Я размаўляў заўсёды і з многімі маладафронтаўцамі: што вас прывяло ў МФ? Амаль заўсёды адказ зводзіўся да аднаго — рэфэрэндум 1995 года. Я перакананы, каб не ганебны травень 1995 года, у Лукашэнкі і сёньня не было б апазыцыі.

Таму, можа быць, хлус і разважае пра першы рэфэрэндум як пра самую сваю пераможную бітву над іншадумствам, але я пэўны — гэта самая вялікая ягоная параза. Ілгун, па-злачынску апрануўшыся ў злачынную чырвона-зялёную кашулю, сам абазначыў сябе. Сёньня ніхто ня можа сказаць: я за праўду і за чырвона-зялёны сьцяг. Ці я за бел-чырвона-белы сьцяг і БРСМ/КДБ/Адміністрацыю.

І няхай сёньня за бел-чырвона-белы сьцяг затрымліваюць, б’юць, садзяць — гэта не надоўга. Бо 22 гады таму сьцяг быў толькі ў нашых сэрцах, а сёньня ён і ў сэрцах нашых дзяцей. Бо як сьцяг уваскрос пасьля 70 год савецкага забыцьця, так ён уваскрэсьне і праз 22, ці колькі б там ні было, гады забыцьця лукашэнкаўскага.

Зміцер Дашкевіч, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930