Знайсці
15.05.2017 / 10:25РусŁacБел

Топ-10 кампаній, якія атрымалі найбольш дзяржаўных падрадаў у Беларусі

«Ежедневнік» прааналізаваў вынікі завершаных у 1 квартале гэтага года тэндарных таргоў і склаў топ-10 прыватных падрадчыкаў, якія атрымалі найбуйнейшыя кантракты на пастаўку сыравіны, матэрыялаў і паслуг дзяржпрадпрыемствам і арганізацыям.

У якасці крытэра былі ўзятыя аб'ёмы кантрактаў, якія былі падпісаныя прадстаўнікамі беларускага дзяржсектара па выніках праведзеных на працягу студзеня-сакавіка 2017 гадоў таргоў. Ход і вынікі таргоў былі размешчаны на афіцыйным сайце дзяржзакупак icetrade.by (да 9.05.2017). У ходзе даследавання ўлічваліся сумы кантрактаў, якія альбо ў эквіваленце адразу перавышалі 1 млн даляраў, альбо складалі гэты аб'ём і вышэй па некалькіх лотах, якія таргаваліся ў адзін і той жа дзень.

У выніку адпаведнымі гэтым патрабаванням аказалася каля 30 закупак, пастаўшчыкамі па якіх выступаюць прыватныя кампаніі з Беларусі, Расіі, Індыі, Украіны, Літвы, Чэхіі і Эстоніі. Галоўнымі аб'ектамі закупак дзяржаўнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі сталі сыравіна для металургіі і сама металапрадукцыя, сыравіна і паўфабрыкаты для хімічнай індустрыі, камплектуючыя, фармацэўтычная сыравіна і гатовыя лекі, нафтапрадукты і кармы для сельскагаспадарчых арганізацый.

Такім чынам, топ-10 тэндарных чэмпіёнаў Беларусі па выніках першага квартала 2017 года.

1.Група кампаній «ТАУ» (Расія)

Стэрліматацкі нафтахімічны завод, які ўваходзіць у склад шматпрофільнага башкірскага холдынгу «ТАУ», стаў пераможцам тэндару на пастаўку буйной партыі сінтэтычнага каўчуку для «Белшыны».

Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце дзяржзакупак, аб'ём кантракту складае 1 млрд расійскіх рублёў, або каля 17,5 млн даляраў.

2. «Псковвтормет» (Расія)

Санкт-пецярбургская кампанія «Втормет», якая ўваходзіць у структуру буйнога расейскага загатоўшчыка лому чорных металаў «Псковвтормет», выйграла тэндар на яго пастаўку аднаму з самых значных перапрацоўшчыкаў — холдынгу «Беларуская металургічная кампанія». Аб'ём кантракту склаў 4,15 млн даляраў.

3. «Олд Мех» (Расія)

Трэцяе месца па аб'ёме кантракту ў першым квартале бягучага года заняў расійскі дыстрыб'ютар падшыпнікаў і камплектуючых да іх маскоўская кампанія «Олд Мех». Кампанія стала пераможцам па некалькіх лотах для Гомельскага вагонабудаўнічага завода. Гэта сумеснае прадпрыемства, у якім кантрольны пакет належыць дзяржаўнаму Гомельскаму вагонарамонтнаму заводу, а 15% — аднаму з найбуйнейшых у СНД вытворцу пасажырскіх вагонаў Крукаўскаму вагонабудаўнічаму заводу (Украіна). КВСЗ кантралююць Уладзімір і Павел Прыходзька.

«Олд Мех» павінен паставіць у Гомель падшыпнікаў на агульную суму каля 3,9 млн даляраў. Раней гэтая кампанія, асноўным уладальнікам якой у інтэрнэце называецца грамадзянка Беларусі Ірына Палішчук, пастаўляла іх іншым суб'ектам гаспадарання на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці Мінскаму метрапалітэну.

4. Aurobindo Pharma (Індыя)

Рампрасад Рэдзі, фота: livemint.com

Aurobindo Pharma, адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў субстанцый для фармацэўтычнай галіны і генерыкаў, стаў пастаўшчыком сыравіны для «Белмедпрэпаратаў». Згодна з інфармацыяй з сайта дзяржзакупак, сума кантракту складае 3,57 млн даляраў.

Уладальнікам Aurobindo Pharma з'яўляецца Рампрасад Рэдзі, чыё багацце ацэньваецца ў 2,5 млрд даляраў. У актуальным рэйтынгу мільярдэраў Forbes ён займае 782-е месца.

5. ТМК (Расія)

Дзмітрый Пумпянскі, фота: pobedpix.com

На 1468-м месцы з багаццем 1,4 млрд даляраў размяшчаецца расійскі бізнэсмен Дзмітрый Пумпянскі, для якога рынак Беларусі займае далёка не апошняе месца. У першым квартале гэтага года яго Трубавая металургічная кампанія, якая ўваходзіць у тройку сусветных вытворцаў у гэтым сегменце, выйграла тэндар на пастаўку «Беларуснафты» насосна-кампрэсарных труб. Сума — 2,9 млн даляраў.

6. «Хімічныя сістэмы» (Беларусь)

Найбуйнейшым пастаўшчыком рэзідэнтам Беларусі па дзяржзакупках у першым квартале стала кампанія «Хімічныя сістэмы». На беларускім рынку яна прадстаўляе інтарэсы Башкірскай содавай кампаніі. З яе рэсурсам — кальцыніраванай содай — «Хімічныя сістэмы» сталі пераможцамі таргоў на пастаўку гэтай прадукцыі для Даманаўскага вытворча-гандлёвага камбіната. Аб'ём кантракту склаў 2,76 млн даляраў.

7. «Северсталь» (Расія)

Аляксей Мардашоў, фота: pryaniki.com

Адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў металапракату «Северсталь» Аляксея Мардашова выйграла ў першым квартале таргі на пастаўку паўфабрыката Мінскаму трактарнаму заводу. Расійскі вытворца паставіць прадукцыі на суму каля 2,7 млн даляраў.

Аляксей Мардашоў — яшчэ адзін тэндарны чэмпіён Беларусі са спісу Forbes. З расейцаў у ім ён займае другое месца (у агульным рэйтынгу — 51-ы) з багаццем у 17,5 млрд даляраў.

8. «Польмед» (Беларусь)

Перамогшы ў таргах па некалькіх квотах, якія праводзіла «Белфармацыя», дыстрыб'ютар «Польмед» сфармаваў сабе кантракт на пастаўку лекаў у аб'ёме амаль 2,5 млн даляраў у эквіваленце. Кампанія ўвязе ў Беларусь, у прыватнасці, мікафенолавую кіслату, «Эвералімус», «Базіліксімаб ліяфілізат» і «Цыкласпарын».

9. «Рэмус-Дэкор» (Украіна)

Буйны ўкраінскі дыстрыб'ютар керамічнай пліткі паўдзельнічаў у тэндары свайго беларускага партнёра — «Бярозабудматэрыялы». У выніку ён стаў пастаўшчыком вогнетрывалай гліны на суму каля 2 млн даляраў у эквіваленце.

10. «ВіН» (Беларусь)

У дзясятку пастаўшчыкоў для дзяржпрадпрыемстваў і дзяржпатрэб у першым квартале бягучага года аказалася невядомае бабруйскае прадпрыемства «ВіН». Кампанія паставіць асаджаны дыяксід крэмнію на суму каля 1,74 мільёнаў еўра для «Белшыны».

Віктар Вексельберг, фота: promdevelop.ru

Бабруйская фірма ў нашым рэйтынгу абышла даччыную структуру расійскага холдынгу «Рэнова» — Каменск-Уральскі завод па апрацоўцы каляровых металаў. Кампанія, якая належыць Віктару Вексельбергу (100-е месца ў рэйтынгу Forbes), стала пастаўшчыком медных анодаў для Беларускай металургічнай кампаніі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера