Знайсці
13.05.2017 / 14:293РусŁacБел

Папа Францішак прылічыць сведкаў «цуду ў Фаціме» да ліку святых 

Папа Францішак у суботу прылічыць да ліку святых двух дзяцей-пастухоў, якім, паводле пераканання каталіцкай царквы, у партугальскім горадзе Фаціма роўна 100 гадоў таму —13 мая 1917 года — з'явілася Панна Марыя і распавяла пра падзеі, якія адбудуцца ў XX стагоддзі, піша ВВС.

AFP

Цырымонія кананізацыі партугальскіх пастушкоў Жасінты і Франсішку Марту адбудзецца ў Фаціме падчас імшы, якую ўзначаліць пантыфік.

У пятніцу папа Францішак прыбыў з паломніцкай паездкай у Партугалію, каб наведаць мястэчка Фаціма, дзе, па перакананні каталіцкай царквы, адбылося аб'яўленне Панны Марыі.

У гэтыя дні ў Фаціме сабраліся каля мільёна паломнікаў. Пантыфік прыбыў у Фаціму на верталёце з Лісабона і ўвечары ў пятніцу здзейсніў паездку па горадзе ў сваім папамабілі.

У пятніцу падчас вігіліі (усяночнага чування) у капліцы, пабудаванай, як лічыцца, на месцы аб'яўлення Панны Марыі, пантыфік казаў пра неабходнасць гармоніі паміж усімі людзьмі і перасцерагаў ад войн, якія «раздзіраюць свет на часткі».

Як сцвярджае рымска-каталіцкая царква, 13 мая 1917 года каля Фацімы дзецям-пастухам — Франсішку і Жасінце, а таксама іх стрыечнай сястры Люцыі з'явілася Багародзіца. Яна распавяла ім аб будучай рэвалюцыі ў Расіі, аб заканчэнні Першай сусветнай вайны, аб Другой сусветнай вайне, а таксама аб замаху на папу.

Франсішку і Жасінта памерлі ў 1918 годзе падчас эпідэміі іспанкі, якая ахапіла тады Еўропу.

Абрад далучэння Франсішку і Жасінты да ліку блажэнных (беатыфікацыя), які папярэднічае кананізацыі, адбыўся ў 2000 годзе пры папу Яне Паўле II. Беатыфікацыя Люсіі душ Сантуш, якая запісала так званыя «тры таямніцы Фацімы», пачалася пасля яе смерці ў 2005 годзе і пакуль што не завяршылася.

Што такое «тры таямніцы Фацімы»?

Як сцвярджае рымска-каталіцкая царква, 13 мая 1917 года каля Фацімы дзецям-пастухам — Франсішку (у цэнтры) і Жасінце (справа), а таксама іх стрыечнай сястры Люсіі (злева) з'явілася Багародзіца. Фота AFP

Гэта прароцтвы, запісаныя Лусіяй праз гады пасля таго, як ёй і яе кузенам з'явілася Панна Марыя. Лусія правяла ўсё астатняе жыццё манашкай у манастыры ў Каімбры. Вакол гэтых прадказанняў да гэтага часу існуе велізарная колькасць чутак і спрэчак.

Першыя дзве таямніцы былі раскрытыя ёю ў 1942 годзе.

  • Першая з іх апісвае жудаснае бачанне пекла, мора агню, дэманаў і чалавечых душ;
  • Другая таямніца тлумачыцца як прадбачанне таго, што Першая сусветная вайна неўзабаве скончыцца, а Другая сусветная вайна пачнецца пры папу Піі XI;
  • Багародзіца заклікала тады да «навяртання Расіі», сказаўшы: «Калі мае пажаданні будуць задаволеныя, Расія будзе звернутая і настане мір; калі гэтага не адбудзецца, Расія распаўсюдзіць свае памылкі на ўвесь свет, выклікаючы войны і ганенні на царкву»;
  • Запіс трэцяй таямніцы Люсія запячатала ў канверт, які быў перададзены ў Ватыкан у 1957 годзе і адкрыты толькі ў 2000 годзе;
  • У ёй апісваецца анёл, які патрабуе пакаяння, а таксама папа і іншыя святары, якія ідуць угару, і гібель пантыфіка ад куль і стрэл, якія пасылаюць салдаты;
  • Існуе версія, што трэцяе прароцтва не было прадстаўленае публіцы ў поўным выглядзе, і спачатку Ватыкан заяўляў, што, магчыма, яно захаваецца ў таямніцы назаўжды.

Каталіцкая царква афіцыйна прызнае фацімскія адкрыцці годнымі даверу.

Таямніцы Фацімы разглядаюцца рымска-каталіцкай царквой як прыватнае адкрыццё. Іх мэта — садзейнічанне больш поўнаму жыццю ў адпаведнасці з вучэннем Хрыста.

Папа Ян Павел II, паранены турэцкім экстрэмістам 13 мая 1981 года, меркаваў, што выжыў тады толькі дзякуючы цудоўнаму ўмяшанню Панны Марыі, і што ў трэцяй таямніцы Фацімы гаварылася аб замаху на яго. Папа падараваў вынятую з яго цела кулю гораду Фаціма, і яна была ўштукаваная ў вянок статуі Маці Божай, усталяванай у гэтым горадзе.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера