Знайсці
09.05.2017 / 14:0075РусŁacБел

Дзень Перамогі ў Магілёве: трыкалоры, георгіеўскія стужкі, партрэты Сталіна ФОТА

Міліцэйскі БТР, вэтэраны на УАЗах, партрэты Сталіна, воіны-аўганцы з георгіеўскімі стужкамі, вялізны сьцяг Савецкага Саюзу — з такім антуражам у Магілёве адбылося сьвяточнае шэсьце «Вялікая перамога шчасьлівага мая».

Шэсьце мала чым адрозьнівалася ад парадаў мінулых гадоў. Ад плошчы Леніна, на якой маршам прайшлі воінскія часьці магілёўскага гарнізону да плошчы Славы, калёну з вэтэранаў, чыноўнікаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў віталі школьнікі, якіх вышыхтавалі ўздоўж Першамайскай вуліцы. Гукавое суправаджэньне было спрэс расейскамоўным.

Сьцяг Савецкага Саюзу велізарнага памеру.

Былыя воіны-аўганцы з георгіеўскімі стужкамі.

У параўнаньні зь леташнім Днём перамогі паболела георгіеўскіх стужак. Незадоўга да фармаваньня калёны гэтую атрыбутыку арганізавана раздавалі воінам-аўганцам.

Стужкі ім прынесьлі ў цэляфанавым пакеце. Чыноўнікі ў калёне на лацканы пачапілі чырвона-зялёныя стужкі зь яблыневым цьветам. Некаторыя гараджане прыйшлі зь вялікімі сьцягамі Савецкага Саюзу і расейскімі трыкалёрамі.

Партрэты Сталіна.

Маладыя людзі прыйшлі з расейскімі трыкалёрамі.

«Высілкамі Расеі была дасягнутая перамога над фашызмам», — патлумачыў малады чалавек, чаму ён прыйшоў на парад з сьцягам суседняй краіны. Пытаньня пра ўласаўцаў і іхны ўдзел у Другой усясьветнай вайне малады чалавек не зразумеў.

Расейскі сьцяг на партрэце вэтэрана.

Шэсьце скончылася на пляцы перад гарадзкой ратушай. Тут сабралася багата народу. Школьнікі, якія віталі шэсьце ўздоўж Першамайскай, разьбегліся, як толькі атрымалі на тое дазвол.

Неўзабаве за сьвяточным шэсьцем прайшла калёна сьмецяроў. Камунальнікі прыбіралі праезную частку Першамайскай ад ашмоцьця паветраных балёнікаў ды іншай атрыбутыкі.

Радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера