Знайсці
09.05.2017 / 19:1618РусŁacБел

Беларуска пераехала ў Тайланд: «Я проста хацела пажыць у цёплай краіне!»

Пра Таццяну Поклад можна без перабольшання сказаць, што яна — чалавек свету: нарадзілася ў Казахстане, большую частку жыцця правяла ў Літве, шмат вандравала, але ад галавы да кончыкаў пальцаў на нагах адчувае сябе беларускай, бо менавіта адсюль паходзяць яе бацькі. Разам з сынам Таццяна амаль два гады жыве ў Тайландзе. Яна пагадзілася падзяліцца з «НН» сваімі назіраннямі за азіяцкімі буднямі, некаторым складнікам якім усім нам варта павучыцца.

«Наша Ніва»: Як сталася, што вы, амаль не жывучы ў Беларусі, размаўляеце на мове?

Таццяна Поклад: Я дакладна памятаю, што да гадоў пяці размаўляла па-руску. І калі ўпершыню прыехала на радзіму маці, у вёску Рачныя, што ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, сутыкнулася з тым, хто мяне ніхто не разумее. Людзі там карысталіся хай і дыялектам, але беларускім. Я вельмі дзівілася: мы жывём у савецкай краіне, як гэта так атрымліваецца? З таго моманту, нягледзячы на тое, што я вучылася ў рускамоўных установах, беларуская гаворка стала неад’емнай часткай мяне.

На гістфаку я вучылася ў гады перабудовы, тады якраз мела месца хваля нацыянальнага адраджэння. Я выпісвала ўсе нацыянальныя часопісы, а калі атрымала дыплом, загарэлася тым, каб займацца беларускай адукацыяй. У той час у літоўскім універсітэце эдукалогіі (адукацыі — Рэд.) факультэт рускай філалогіі задумалі перарабіць ў факультэт славянскіх моў. Мяне ўзялі на працу для таго, каб стварыць беларускае аддзяленне: арганізаваць набор, скласці навучальны план і гэтак далей. Там з 1992 я выкладала гісторыю Беларусі. Напрыканцы 90-х нейкі час працавала ў Скарынаўскай гімназыі.

А потым мяне захапіла журналістыка. Разам з іншымі рабіла штодзённы вечаровы навінны выпуск на ЛРТ падчас акупацыі будынку тэлерадыё, крыху пазней стала віленскім фрылансерам беларускай службы «Радыё Свабода».

На «Свабодзе» цягам некалькіх гадоў я вяла перадачу «Беларускае замежжа», дзе пастаянна ад розных людзей самых розных прафесій чула, што менавіта за мяжой да іх прыходзіла ўсведамленне важнасці беларускай мовы, таго, што яны — беларусы, не савецкія і не рускія.

Свет глабальны, але ўсім цікавыя іншыя культуры, нейкая адметнасць. Каб быць беларусам, натуральна, трэба размаўляць па-беларуску. Ці хаця б захоўваць беларускасць недзе побач, бо аднойчы яна абавязкова спатрэбіцца.

Тайскае Купалле: свята Лой Кратонг, калі усе пускаюць кошыкі з кветкамі, свечкамі, садавінай і духмянымі палачкамі па рэках і азёрах.

«НН»: Чаму вы вырашылі замяніць ўсю вашу дзейнасць на Тайланд?

Таццяна Поклад: Я проста хацела паспрабаваць пажыць у цёплай краіне, але не ведала, у якой: прыглядвалася, разбіралася. Калі, нарэшце, абрала Тайланд, добра ўсведамляла, куды еду. Гэта не была краіна, вядомай многім па стэрэатыпам накшталт мекі сэкс-турызму ці месца, дзе можна жыць з пратэрмінаванымі візамі. Насамрэч, нейкая разбэшчанасць — гэта толькі частка тамтэйшага жыцця. Галоўнае, што Тайланд дае магчымасць існаваць так, як табе хочацца. Не трэба глыбока інтэгравацца і ператварацца ў тайца — проста заставайся самім сабой. Я планавала прабыць тут толькі зіму, але пакуль, як бачыце, асела.

Умовы для таго, каб патрапіць сюды, застаюцца даволі мяккімі, калі ты прыязджаеш з багацейшай краіны: жыхары Еўропы і беларусы трапляюць пад такую катэгорыю. Трэба зрабіць звычайную візу на паўгода, а потым абіраць: проста адпачываць, калі ёсць грошы, вучыць тайскую ў школе і лічыцца студэнтам, ці пайсці, напрыклад, выкладаць ангельскую мову — гэта самая простая магчымасць заробку для іншаземцаў. Настаўніку ў Тайландзе працуецца куды прасцей: за дысцыплінай назірае дадатковы чалавек, рыхтавацца да заняткаў не трэба, бо ўсё рухаецца па адзінай праграме. Ад вас патрабуецца толькі добрае веданне мовы без акцэнту, агульная адукаванасць і прыстойнасць. Такая лёгкасць — гэта адначасова і плюс, і мінус, бо ў любы момант цябе могуць замяніць іншым спецыялістам, які пагодзіцца не на 500 еўра заробку, а на 400, напрыклад.

Дзе дакладна не чакаюць замежнікаў, дык гэта на пасадах гідаў, кіроўцаў тук-тукаў ды на працы ў сэрвісе — для нас гэтыя прафесіі забароненыя.

Тыповая вуліца ў Бангкоку.

«НН»: Марачы жыць у цёплай краіне, вы знайшлі сапраўдную спёку: кажуць, на тайскім сонцы можна нават ежу смажыць…

Таццяна Поклад: Так, мае тайскія сябры і знаёмыя расказвалі, што ў вёсках такое практыкуюць: мясцовыя жыхары наўпрост робяць прыстасаванні з фальгі, кладуць туды рыс ці мяса — і праз некаторы час усё гатовае. Так гатуюць і яйкі, сасіскі розныя: такі сонечны грыль.

«НН»: А што ўвогуле можаце сказаць пра мясцовую кухню?

Таццяна Поклад: Магу адзначыць, што вегетарыянцам, як я, тут прасцей. Дома я не гатую нічога тайскага, бо куды танней і хутчэй нешта замовіць ці набыць. Раю ўсім, хто сутыкнецца з мясцовай кухняй абавязкова паспрабаваць знакаміты суп Том Ям, Пад Тай (тоненькія смажаныя макароны са спецыямі) і Сом Там — салат, які робіцца з зялёнай папаі. Вельмі раю бананавыя кветкі — іх даюць дарма ў дадатак да страў, і Morning glory — водны шпінат.

Наконт перцу: замежнікам даўно не кладуць шмат перцу, а вось чаго хапае і ў напоях, і ў стравах — так гэта цукру. «Меней цукру, калі ласка», — бадай, самая важная тайская фраза для турыста.

Паўтарыць самастойна тайскую кухню амаль немагчыма: у іх шмат сакрэтных інгрэдыентаў, напрыклад, як саламяныя грыбы, лемонграс, кафір-лайм — расліна, якая спалучае ў сабе свежыя ноты лімону і мяты. А вось еўрапейскія рэцэпты тайцам не даюцца: паста заўсёды перавараная, піца з дзіўным смакам…

«НН»: Што тайцы ведаюць пра Беларусь?

Таццяна Поклад: Я заўважыла, што мясцовае насельніцтва ў прынцыпе вельмі любіць пытацца: адкуль вы? Гэта іх любімае пытанне, якое можна пачуць, куды б ты не зайшоў, ці то ў краму, ці то ў кавярню. Пасля адказу ідзе тыповая тайская рэакцыя з усмешкай на вуснах: «О, як цікава! Вельмі прыгожая краіна!». Я не адразу зразумела, што яны могуць не мець уяўлення пра вымаўленую вамі назву, аднак чыста з ветлівасці скажуць нешта добрае. У цэлым беларусаў яны ўспрымаюць як еўрапейцаў, ці, калі растлумачыш, што гэта побач з Расіяй ці Украінай, зразумеюць каардынаты крыху лепей. Украінцаў тут жыве шмат, дзяржава набывала там танкі, а нядаўна ў Тайландзе выбухнула некалькі гучных скандалаў, звязаных з украінкамі, якія нелегальна працавалі ў мадэльным бізнэсе, так што, дзякуючы ўсім гэтым складнікам, іх ведаюць больш, чым нас.

«НН»: А чаму нам варта павучыцца ў тайцаў?

Таццяна Поклад: Знакамітае тайскае сабай-сабай, ці салодкае жыццё, павінна прысутнічаць ва ўсім. Праца працай, вучоба вучобай, праблемы праблемамі, але неабходна і радасць. Як толькі настрой збіваецца, тайцы адразу спрабуюць яго выправіць, нават банальна нечым смачным. Яны амаль не сварацца, не крычаць на дзяцей і заўсёды пасміхаюцца. Мы ж заўсёды імкнёмся нешта палепшыць, даказаць, не прапець лета, не спаць, каб не змерзнуць… У іх такой напружанасці няма.

Азіяты доўга жывуць у сваёй спякотнай тэмпературы і неяк прызвычаіліся. І я ўсё не зразумею, чаму мы гэтак не можам: зіма для нас — катастрофа, спёка таксама не па душы… Мы ніяк не ўжывёмся з кліматам.

Тут, канечне, шмат хаосу, на тых жа дарогах. Але разам з тым столькі ж і парадку, які ў свабодных умовах сам сябе рэгулюе.

«НН»: Асобна спынімся на азіяцкіх жанчынах. Наколькі актуальнае змаганне за раўнапраўе полаў у Тайландзе?

Таццяна Поклад: Калі казаць пра групу інтэлектуалаў, адукаваных дзяўчат, то яны па сваіх жаданнях, паводзінах і патрабаваннях амаль нічым не адрозніваюцца ад еўрапеек. Калі ж казаць пра сярэднестатыстычную тайку — яе адразу пазнаеш, нават са спіны, няважна, як яна апранутая ці нафарбаваная, пасля пластычных аперацый, якія тут вельмі папулярныя, ці без іх. Тайкі ўвесь час стараюцца спадабацца, падкрэсліць сваю сэксуальнасць.

Тут нават у чайлдфры свой варыянт — жанчыны, якія самастойна зарабляюць, усё роўна стараюцца быць мілымі, прывабнымі. Усё гэта патрэбна, каб упісвацца ў агульнапрынятую сістэму, дзе дзяўчына павінна адмысловым чынам выглядаць, паводзіць сябе, сядзець і нават хадзіць. І гэта не адставанне, я думаю. Проста такі азіяцкі варыянт фемінізму, з адметнасцю.

Тайцы — чысцёхі, аднак да жывёл у кафэ і рэстаранах ставяцца спакойна.

«НН»: Вяртацца назад не плануеце?

Канечне, у Тайландзе можна жыць да глыбокай старасці. Але, як і ў любой эміграцыі, ты ўсё ж будзеш адчуваць сябе чужым.

Я б пераехала ў Беларусь, але не ўяўляю сябе ў сучасным яе варыянце: з дыктатурай, незразумелымі арыштамі, неадэкватнай рэакцыяй на мірныя мітынгі і апазіцыю. Мяне палохае не тое, што я не змагу соевага малака ў краме набыць, а вось гэты ўвесь неадэкват.

Калі будуць нейкія змены, думаю, шмат хто з вялікай ахвотай вернуўся б дамоў, таму што гэта сваё, роднае. Канечне, эканамічна спачатку было б цяжка, але ж мы выжылі ў Вільні ў 90-я гады, калі першымі выйшлі з СССР. У кватэрах не было ацяплення, гарачай вады, бензіну не ставала, вельмі шмат чаго яшчэ. Мы заплацілі за незалежнасць вялікі кошт. Перажыць такое я нікому не жадаю. Аднак, мне здаецца, можна выжыць і без нейкай ежы, без ацяплення. Тое, што людзей хапаюць наўпрост на вуліцы, маўчанне паловы краіны куды страшней за ўсё гэта…

Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераіні

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930