Знайсці
11.05.2017 / 13:03РусŁacБел

Сяргей Лапцэвіч. Плошча Калумба

12 мая ў холе каля кнігарні «Галіяфы» (ГЦ Няміга 3, цокальны паверх, пав. 66) адбудзецца прэзентацыя адразу дзвюх кніг Сяргея Лапцэвіча: «Плошча Калумба» і «Площадь Колумба». З нагоды прэзентацыі «Галіяфы» пагутарылі з самім Сяргеем Лапцэвічам на тэмы эміграцыі, дзівакоў, білінгвізму і абмеркавалі назву кнігі «Плошча Калумба».

1. Чаму «Плошча Калумба»? Што хаваецца ў гэтай назве, апроч плошчы ў Нью-Ёрку, дзе адбываюцца падзеі аднаго апавядання і, уласна кажучы, самой кнігі?

С.Л.: «Плошча Калумба» — гэта, вядома, не толькі назва аднаго апавядання ці цыкла ў кнізе. У Нью-Ёрку плошча Калумба — гэта нулявы кіламетр горада. А ўлічваючы, што горад населены з большага эмігрантамі, у гэтым ёсць нейкая паэзія, прыдуманая не мной. Нулявы кіламетр новага жыцця, новага лёсу, новай радзімы. У жыцці кожнага майго персанажа, ды і любога чалавека, абавязкова ёсць гэтыя чарговыя нулявыя кіламетры. А яшчэ ў апавяданні «Плошча Калумба» ненадоўга сыходзяцца многія персанажы кнігі.

2. Што вас натхніла на напісанне «Плошчы Калумба»? Якую ідэю і сэнс вы ўклалі ў гэтую кнігу?

С.Л.: «Плошча Калумба» складзена з аповесцяў і апавяданняў, якія пісаліся не адзін год. Наўрад ці калі я пачынаў першае апавяданне, меркаваў, што гэта будзе «Плошча Калумба». Зноў жа, кніга цалкам цяпер разумнейшая за аўтара, і паспрабуй сказаць, якая ідэя ў ёй галоўная? Скажу так: кніга — гэта спроба аўтара разабрацца ў пытаннях, якія яго хвалююць, у сучаснасці, калі хочаце. І, канешне, кніга пераважна пра людзей з гэтых мясцін. У ёй шмат усяго: вайна, канфлікт пакаленняў, змена эпох, рэаліі сучаснага сусвету, эміграцыя, лёс мастака, экзістэнцыйныя пакуты менеджара і г. д.

3. У кнізе часта фігуруе тэма эміграцыі ў ЗША і ўзаемаадносінаў між сябрамі, якія праз яе не бачацца шмат гадоў. Чаму?

С.Л.: Наўрад ці я ставіў перад сабой мэту напісаць аб эміграцыі. Я пісаў аб унутранай эміграцыі. Аб тым, што часам і радзіму пакідаць не трэба, каб стаць эмігрантам. Можна быць эмігрантам у часе, у культуры. Зноў жа, раз’ядноўвае зараз людзей не толькі геаграфія. Амерыка проста патрапілася мне пад руку. Яна фотагенічная, ці не так? Але тое ж самае я мог бы напісаць і пішу пра людзей, якія жывуць тут. Падобных эмігрантаў цяпер шмат вакол нас, хоць гэта і не феномен нашага часу ці краіны. Гэта людзі, якія не заўважаюць зменаў, тэндэнцый. Яны існуюць у межах сваіх успамінаў, якія ў канчатковым выніку ідэалізаваныя. Сёння гэты клас людзей даволі вялікі, і ўплывае ён на наша жыццё досыць істотна. Зразумела, што ўсе гэтыя людзі хочуць вярнуцца на нейкую радзіму, якой даўно ўжо няма.

4. Складваецца ўражанне, што ўсе героі вашай кнігі, нягледзячы на знешнюю незвычайнасць, насамрэч выступаюць зборнымі вобразамі, тыпажамі з той ці іншай сферы ды пэўных абставін. Ці так гэта?

С.Л.: Мастацтва — гэта заўсёды тыповае. Нават калі вы пішаце пра дзівака, пра поўнага фрыка, які складаецца з адных толькі дзівосаў і адхіленняў, недзе аддалена вы маеце на ўвазе фрыкападобны сусвет, які яго спарадзіў. Вялікі поспех, калі атрымліваецца ўхапіць прыватнае і стварыць з мноства асобнасцяў нешта агульнае і суцэльнае.

4. І ўсё ж такі, ці з’яўляецца «Плошча Калумба» аўтабіяграфічнай?

С.Л. Калі шчыра, мяне заўсёды насцярожвае гэтае пытанне. Падаецца, ёсць вялікая верагоднасць зблытаць мастацкую літаратуру з мемуарыстыкай — цалкам дакументальным жанрам (хоць і з ёй не так усё проста). Персанаж — а літаратура мысліць персанажамі — дзе б ён нінарадзіўся: у фантазіях аўтара, у трушчобах Брукліна ці ён — гэта сам аўтар — у літаратуры мусіць зажыць сваім жыццём. Мець асабісты верх і ніз, галаву і азадак, а таксама волю да дзеяння. Без усяго гэтага ён не пражыве і старонкі. І калі гэта атрымліваецца, мэта аўтара — толькі назіраць за яго жыццём і не навязваць яму сваю матывацыю. Накшталт «не нашкодзь». Уласна кажучы, я пра тое, што нават калі ў літаратурнага персанажа ёсць нейкі прататып, прабацька, у мастацкім творы ён жыве ўжо асабістым жыццём, часам здзіўляючы і ставячы ў тупік сваімі ўчынкамі нават аўтара. Ды і наўрад ці чалавек, нават калі ён інтэлектуал, здольны ацаніць сябе максімальна аб’ектыўна. То бок, ці ведаем мы самі сваю біяграфію? Ці можам патлумачыць сябе цалкам? Наўрад ці. Але спрабаваць разгадаць сваю біяграфію — гэта ўжо ўчынак.

5. Ваша кніга выйшла ў дзвюх моўных версіях: на беларускай і рускай мовах. Чаго вы хочаце гэтым дамагчыся? Гэта адданасць дзяржаўнаму білінгвізму або спроба прымірыць дзве мовы ў галіне літаратуры?

С.Л.: Думаю, тут другі варыянт. Тое, што «Плошча Калумба» выйшла адразу на дзвюх мовах — гэта найперш паклон сучаснай беларускай літаратуры. Я нешта выпусціў калісьці, і цяпер, некалькі год ужо, уважліва сачу за тым, што адбываецца ў беларускай літаратуры, спрабую разабрацца ў гэтым працэсе, і ён мяне вельмі натхняе. Я пішу па-руску, думаю па-руску, але ўсведамляю, што складаюся з мясцовых рэалій.

Пераклад — гэта яшчэ, вядома, спроба дастукацца да беларускамоўнага чытача. Чытача патрабавальнага, які ў большасці сваёй прыйшоў да мовы праз светапоглядны выбар. Тым цікавей прапанаваць яму сваю кнігу. Дарэчы, пераклала кнігу Марыя Мартысевіч, рэдагаваў Віктар Жыбуль. Аб лепшай кампаніі я і марыць не мог.

Шчыра запрашаем на прэзентацыю кніг Сяргея Лапцэвіча «Плошча Калумба» і «Площадь Колумба» 12 мая, якая адбудзецца ў холе каля кнігарні «Галіяфы» (ГЦ Няміга 3, цокальны паверх, 66 пав.)

Таксама прапаноўваем азнаёміцца з урыўкам першай главы кніжкі на беларускай мове на нашай старонцы ў ISSUU.

ПВУП «Галіяфы» УНП 190883852

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930