Знайсці
04.05.2017 / 00:206РусŁacБел

У Мінск прыехала выстава World Press Photo 2017 — найлепшыя ФОТЫ

З 4 да 24 мая ў Мінску праходзіць міжнародная выстава World Press Photo 2017.

На выставе можна будзе пабачыць найлепшыя сусветныя прэс-фатаграфіі 2017 года. Экспазіцыя будзе адкрытая для наведвання з 12:00 да 21:00 у прасторы ЦЭХ, Кастрычніцкая 16.

Сусветнае прэс-фота года:

19 снежня турэцкі афіцэр паліцыі Меўлют Мерт Алтынташ забіў расійскага амбасадара Андрэя Карлава падчас выступу дыпламата ў мастацкай галерэі ў Анкары (Турцыя).

«Забойства ў Турцыі» Бурхан Эзбіліджы, The Associated Press

Пераможца ў намінацыі «Актуальныя тэмы» — першае месца

9 ліпеня 27-гадовая амерыканка Аіша Эванз адстойвае сваё меркаванне ля паліцэйскага дэпартаменту Батан-Руж падчас дэманстрацыі супраць паліцэйскага гвалту ў дачыненні чорнага насельніцтва ў Луізіяне.

«Адстойванне меркавання ў Батан-Руж», Джонатан Бэкмэн, Reuters

Штодзённасць — першае месца, адзінкавае фота:

Сакавік. Наджыба трымае свайго двухгадовага пляменніка Шабіра, якога параніла выбухам бомбы. Выбух у сталіцы Афганістану Кабуле забіў ягоную сястру. Бомба здэтанавала, калі дзеці ішлі ў школу.

«Маўклівыя ахвяры забытай вайны» Пола Бранштэйн, рэпартаж Getty Images для Pulitzer Center on Crisis Reporting

Пераможца ў намінацыі «Агульныя навіны» — першае месца, адзінкавае фота

Дзяўчынка стаіць знадворку, пакуль члены антытэрарыстычнага батальёна Іракскіх войскаў адмысловага прызначэння (ІВАП) абшукваюць дамы ў прамысловай зоне Гугжалы — усходнім прадмесці Масулу — падчас вызвалення гэтага іракскага горада.

«Наступ на Масул», Ларан Ван дэр Стокт, фотарэпартаж Getty Images для Le Monde

Спорт — першае месца, серыя фота. Фрагмент

Рэгбі-клуб «Брудны Ёрк» (Muddy York), заснаваны ў 2003 г. — першая ў Таронта прыязная да геяў каманда. Яна паўстала, каб зняпраўдзіць думку, што мужчыны-геі не прыдатныя для жорсткіх відаў спорту накшталт рэгбі, і каб змагацца са стэрэатыпамі што да спартоўцаў-геяў. У Канадзе цяпер ёсць тры прыязныя да геяў каманды.

«Хлопцы застаюцца хлопцамі», Джаванні Капрыёці

Прырода — першае месца, серыя фота. Фрагмент

У Азіі імкліва расце попыт на рогі насарога, якія здаўна цэняцца за іх медычныя вартасці. Рост дабрабыту ў рэгіёне азначае, што ўсё больш людзей могуць дазволіць сабе гэты тавар, нягледзячы на надзвычай вялікі кошт.

«Насарогавыя войны», Брэнт Стэртан, рэпартаж Getty Images для National Geographic

* * *

Астатнія фотагісторыі вы можаце ўбачыць у прасторы ЦЭХ, Кастрычніцкая 16, Экспазіцыя будзе адкрытая для наведвання з 12:00 да 21:00. 

Сёлета на прэстыжны сусветны конкурс фатаграфіі падаліся 19 беларускіх фатографаў, але, на жаль, ніхто з іх не патрапіў у спіс пераможцаў.

ІА

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера