Знайсці
18.05.2017 / 09:4311РусŁacБел

Беларусы на службе ЦРУ: захоп групы Вострыкава

Улетку 1952-га, калі дэсантавалася група, вядомая ў дакументах ЦРУ як «AEQUOR Team II», Барыс Рагуля дамаўляўся з амерыканцамі пра стварэнне кадравай школы БНР з палітычнай і вайсковай секцыямі, што дазволіла б рэкрутаваць агентаў з большым поспехам: «Надзвычай цяжка пераканаць чалавека, які жыве ў камфорце, маючы дом, працу і дзяўчыну, каб ён аддаў гэта ўсё дзеля «патрыятызму» і заняўся скрайне непрыемнай працай, дзе галоўнай перспектывай з’яўляецца тое, што ён не пражыве доўга». Вярбоўка кандыдатаў гэтым разам мусіла адбывацца ў ЗША, і Рагулю, з увагі на кепскія вынікі рэкрутацыі еўрапейскіх эмігрантаў, яе не даверылі. У якасці кандыдатаў на ролю вярбоўшчыкаў у дакументах згадваюцца Алесь Марговіч, Уладзімір Цвірка і Янка Запруднік, якія, як адзначаецца, ужо мелі досвед падобнай працы пад кіраўніцтвам Рагулі. Таксама прайшлі сумоўі з Янкам Сурвілам і Аляксандрам Надсанам. Між іншага, у справаздачы аб арганізацыі кадравай школы згадваецца цікавы факт: у Нью-Ёрку па вядомым Францішку Кушалю адрасе жыве «беларускі партызанскі лейтэнант, які мае здымкі беларускіх партызанаў».

Мікола Абрамчык і Барыс Рагуля. Кадр з савецкага прапагандысцкага фільма «Людзі з чорнымі душамі» (1962). 

Хаця сёння найбольш вядомым удзельнікам дэсанту ў Налібоцкай пушчы з’яўляецца Цімох Вострыкаў, насамрэч роля лідара каманды прызначалася Генадзю Касцюку, былому жаўнеру батальёна Барыса Рагулі. Касцюк быў вызначаны эмісарам урада БНР на Бацькаўшчыне і атрымаў ад Рагулі адпаведныя дакументы.

Наведаў цешчу

Група дэсантавалася 27 жніўня 1952 года ля вёскі Кляцішча (у Налібоцкай пушчы, цяпер у Стаўбцоўскім раёне).

Паводле ўспамінаў Вострыкава, ужо на другі дзень яны з Касцюком наведалі Налібакі, потым вярнуліся на базу, дамовіліся з Кальніцкім ды Арцюшэўскім пра наступную сустрэчу 13 верасня і накіраваліся да Наваградка. Пад горадам яны раздзяліліся — Вострыкаў пайшоў у вёску Багудзенка, дзе наведаў цешчу Барыса Рагулі, Таццяну Гутар.

13 верасня 1952 года Вострыкаў прыехаў у Менск, дзе збіраўся наведаць прафесара Леаніда Барысаглебскага, адрас якога дала яму Таццяна, сказаўшы, што той дапаможа з уладкаваннем на працу. Ураджэнец Наваградчыны, Барысаглебскі скончыў Наваградскую беларускую гімназію і Віленскі ўніверсітэт, быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, падчас нямецкай акупацыі ўдзельнічаў у падполлі, ад 1944 года выкладаў у БДУ, займаўся ядзернай і атамнай фізікай, даследаваў тэорыю элементарных часціц. Але дамоўленасць пра сустрэчу была патрэбная толькі каб пазбавіцца «хваста» — тым жа вечарам Вострыкаў планаваў выехаць у Гомель. На чыгуначным вакзале яго і арыштавалі.

Застаецца таямніцай

ЦРУ свае архівы тых гадоў раскрыла, КГБ — дагэтуль не. Таму няма канчатковага адказу на пытанне, якім чынам місія «групы Вострыкава» была праваленая.

Паводле версіі даследчыка Ігара Валахановіча, акурат Вострыкаў выдаў савецкім спецслужбам усю інфармацыю аб групе, якая дазволіла затрымаць астатніх яе ўдзельнікаў. Аднак сам Вострыкаў успамінаў, як адразу пасля дэсантавання яны натыкнуліся ў глухой пушчы на шматлікіх «грыбнікоў», што сведчыць: Саветы маглі загадзя мець дакладную інфармацыю пра месца і час дэсантавання.

У кожным разе не Вострыкаў быў затрыманы першы, а Арцюшэўскі.

Існуе верагоднае меркаванне, што інфармацыя пра групу стала наперад вядомая спецслужбам СССР дзякуючы нейкаму савецкаму агенту ў заходніх разведках. Гучала меркаванне, што гэтым агентам мог быць знакаміты Кім Філбі, які каардынаваў супрацу ЦРУ і Мі-6 па дапамозе антысавецкім рухам ва Усходняй Еўропе і выдаў албанскіх падпольшчыкаў у выпадку, аналагічным вострыкаўскаму. Аднак сам Філбі вымушаны быў звольніцца з Мі-6 у ліпені 1951-га, г.зн. за год да дэсанту Вострыкава (Філбі тады ўпершыню западозрылі ў шпіянажы). Факт застаецца фактам, што савецкае Міністэрства дзяржбяспекі яшчэ два з паловай гады пасля дэсанту праводзіла радыёгульню ў межах аперацыі «Ракета» з удзелам перавербаванага Арцюшэўскага.

Як сведчаць дакументы, яшчэ 31 жніўня амерыканцы атрымалі два паведамленні ад Міхала Кальніцкага. Пасля кантакт перарваўся.

Ва ўспамінах, апублікаваных Алегам Гардзіенкам у «Запісах БІНіМ» № 31 ад 2008 года, Вострыкаў апісвае свой удзел у следчых дзеяннях, выказвае між іншага гіпотэзу, што Міхал Кальніцкі не быў забіты падчас затрымання, а таксама настойвае, што група была выкарыстаная для прыкрыцця дэсантавання іншага, больш важнага агента ЦРУ.

Пакет з дакументамі

Генадзь Касцюк у зняволенні. Кадр з савецкага фільма. 

Напачатку лістапада ў ЦРУ наракалі, што кантакту з групай няма. Але ўжо на пачатак студзеня 1953 былі атрыманыя 6 паведамленняў ад Арцюшэўскага. Паводле рапарту ад 5 студзеня 1953, дзе пераказваўся іх змест (паведамленні пісаліся пад дыктоўку супрацоўнікаў Міністэрства дзяржбяспекі), цягам тыдня пасля прызямлення Вострыкаў пакінуў каманду, каб звязацца з асобай, якая жыла ў вёсцы Багудзенка і была рэкамендаваная Рагулем як «надзейны беларускі патрыёт» (у радыёпаведамленнях гэтая асоба згадвалася пад мянушкай «Прося», а ў дакументах ЦРУ — пад крыптанімам CAVADOR 1 — пад ім меліся на ўвазе Мікола альбо Таццяна Гутары — цешча і цесць Барыса Рагулі, бо ў дакументах на гэты конт ёсць розначытанні). Увечары 9 верасня падчас разведкі астатнія ўдзельнікі групы, маўляў, сутыкнуліся з «групай узброеных асобаў», завязалася перастрэлка, у якой Кальніцкі быў смяротна паранены. «Узброеныя людзі», аднак, адступілі, што дало Касцюку і Арцюшэўскаму магчымасць схавацца ўглыб лесу, забраўшы з сабою Кальніцкага, які памёр на наступны дзень, паспеўшы паведаміць, дзе схаваў рацыю і дакументы. Рацыю яны адшукалі, а вось дакументы прапалі, і сярод іх — блакноты з кодамі і асноўная схема сігналаў. Таму Арцюшэўскі быў вымушаны выкарыстоўваць запасную схему і застацца ў лесе разам з Касцюком, дзе яны збудавалі зямлянку. 7 снежня Арцюшэўскі паведамляў каардынаты базы, паводле якіх выходзіла, што група хаваецца ля вёскі Камень Валожынскага раёна, на паўднёва-ўсходнім ускрайку пушчы, непадалёк ад Івянца. Вострыкаў у гэты час, маўляў, вандраваў па краіне: наведаў Любчу, Наваградак, Менск і ўрэшце асеў у Баранавічах. Паўторым: амаль уся гэтая інфармацыя была сфальсіфікаваная.

У маі 1953 года амерыканская выведка падрыхтавала перадачу з новымі дакументамі для групы. Тайнік з пакункам, які не перавышаў памерам бохан хлеба, мусіў закласці дэсантнік ЦРУ з ліку прыхільнікаў Народна-працоўнага саюза (НТС — расійская арганізацыя нацыянал-салідарыстаў, якая супрацоўнічала з амерыканскай разведкай). З увагі на гэта, амерыканцы лічылі неабходным прыхоўваць ад агента, што пакунак прызначаецца для «сепаратыстаў» — гэта магло «астудзіць ягоны імпэт». Пасля закладкі тайніка энтээсавец мусіў накіравацца ў Мінск.

Зброя і дакументы дэсантнікаў. 

Між іншага, у пакунку былі нумар газеты «Бацькаўшчына», прымеркаваны да святкавання 25 Сакавіка, зварот «да генерала Вітушкі» і ліст для ўдзельнікаў групы: «Мы часта думаем пра вас. Мы ведаем і разумеем, што вы працуеце ў цяжкіх умовах. Але гэтая праца надзвычай каштоўная, бо яна дапамагае не толькі вашаму народу і нам, але і ўсяму чалавецтву. Вы з’яўляецеся авангардам усіх, хто змагаецца супраць супольнага ворага. Без вашай адважнай падрыхтоўчай працы і працы такіх, як вы, перамога наўрад ці будзе магчымая. Мы дзякуем вам ад імя вашага народа і ад сябе». Ліст утрымліваў таксама інструкцыю да наступных дзеянняў групы, у тым ліку — да сувязі шляхам ліставання.

Тонкі ход

У Баранавічах, дзе, па легендзе МДБ, на той час знаходзіўся Вострыкаў, жыў таксама чалавек, які ліставаўся са знаёмымі на Захадзе. Ён не меў ніякага дачынення да ЦРУ, як і ягоныя адрасаты, але амерыканцы мелі магчымасць перахопліваць іх перапіску. Вострыкаў мусіў напісаць адкрытым тэкстам ліст («Напішыце, якая файная савецкая ўлада, якая ў вас добрая праца, як адбудоўваецца горад і г.д.»), а пасля змясціць у ім зашыфраванае паведамленне. Усе адрасы мелі быць перададзеныя па радыё. Супрацоўнікі ЦРУ прасілі перадаваць як мага больш дэталяў з досведу легалізацыі і дзейнасці групы, якія маглі дапамагчы ў падрыхтоўцы наступных агентаў. Скончваўся ліст нечаканай фразай: «Калі ведаеце, напішыце, што здарылася з Вітушкам». (Як вынікае з пазнейшых дакументаў, ліст «ад Вострыкава» на Захад сапраўды прыйшоў, але з няясных прычынаў амерыканцы не здолелі своечасова перахапіць і прачытаць зашыфраваную ў ім інфармацыю.)

У дакладзе ад 8 кастрычніка 1953 года паведамлялася, што група мусіла наладзіць сувязь з «міфічнымі групамі супраціву, якія, як мяркуе Рада БНР, знаходзяцца ў азначаным раёне», але не здолела іх выявіць — у выніку аўтары тэксту сумняваліся, што далейшае супрацоўніцтва ў межах праекта будзе паспяховым. Таксама адзначалася, што любое супрацоўніцтва з Радай БНР варта спыніць, пакуль не будзе сабраная дадатковая інфармацыя, каб упэўніцца, што яе прыхільнікі не парушаюць канспірацыю альбо не знаходзяцца ў кантакце з савецкай разведкай (у гэтай праверцы быў задзейнічаны таксама «таемны партнёр» у Нью-Ёрку, які меў доступ да архіваў БНР).

«Рагуля забранзавеў»

У студзені 1954-га супрацоўнік ЦРУ у лісце да калегі наракаў, што Рагуля, хаця і атрымлівае поўны заробак ад ЦРУ, насамрэч штодзень па восем гадзінаў заняты ў клініцы, і таму не надае ўвагі справам разведкі. Падчас асабістай сустрэчы амерыканец быў уражаны ягонымі дробязнымі пярэчаннямі і татальнай некампетэнтнасцю ў тэмах, якія абмяркоўваюцца: «здаецца, ён забранзавеў». Хаця, паводле словаў агента CAMBISTA-11, «уся «дванаццатка» інфармаваная настолькі ж», як Рагуля.

Тым часам працягвалася падрыхтоўка агентаў для чарговай беларускай групы, якая мусіла быць перакінутая ў БССР. Адным з дэсантнікаў меў быць Лявон Карась, аднак ужо ў справаздачы за люты 1954-га адзначалася, што дэсантаванне яго ў складзе групы непажаданае — перадусім з той прычыны, што ён валодаў канфідэнцыйнай інфармацыяй аб групе Вострыкава. Аднак залішняя абазнанасць Карася была толькі верхам айсберга — ЦРУ перадусім вінаваціла ў «парушэнні элементарных прынцыпаў канспірацыі» Барыса Рагулю, якога на той час адхілілі ад выканання абавязкаў, хаця працягвалі выплочваць заробак. Як мы ўжо згадвалі ў папярэдніх матэрыялах, Карась у верасні 1954 года быў знойдзены мёртвым пры таямнічых абставінах.

У справаздачы ЦРУ ад сакавіка 1954 года адзначалася, што пасля стварэння арганізаванай падпольнай сеткі ў БССР Вострыкаву варта прапанаваць перабрацца на Захад, перайшоўшы мяжу з Нарвегіяй. На канец 1954 года праверка бяспекі далейшага супрацоўніцтва з Радай БНР была амаль завершаная, і з вяртаннем агента з СССР мусіла быць прынятае канчатковае рашэнне — ці варта наогул працягваць такое супрацоўніцтва.

Усё стала ясна

Да студзеня 1955 года ад імя групы прыйшло 65 радыёпаведамленняў — апошнія з іх утрымлівалі толькі нараканні на нядбаласць і непрыхільнасць амерыканцаў, затым сувязь спынілася. У гэты час кіраўніцтва ЦРУ было ўжо амаль упэўненае, што група знаходзіцца пад савецкім кантролем.

На выпадак, калі дэсантнікі сапраўды патрапілі ў савецкую пастку, ЦРУ планавала захоўваць маўчанне і ўстрымлівацца ад каментароў. Урад ЗША мусіў адкідаць усе абвінавачанні, прытым імкнучыся выкарыстоўваць любую інфармацыю, якая кампраметавала б савецкі бок. Усю адказнасць за дзейнасць групы мела ўзяць на сябе Рада БНР, якая ў выпадку неабходнасці мусіла паведаміць, што ўдзельнікі групы трапілі ў БССР без усякай чужой дапамогі шмат гадоў таму, «а яшчэ лепш — што яна была пакінутая і дзейнічала з часоў вайны». Рада мела таксама заявіць, што выкрытыя агенты — «не адзіны антыкамуністычны элемент у БССР, дадаўшы, што тыя, хто застаўся, будуць працягваць няспыннае змаганне з камуністычнымі ўзурпатарамі Беларускай Рэспублікі».

Адна з публікацый у «Камсамольскай праўдзе», прысвечаная дэсанту Рады БНР. 

«Памерці сваёй смерцю»

2 студзеня 1957 года Мікола Абрамчык патэлефанаваў супрацоўніку ЦРУ і папрасіў аб тэрміновай сустрэчы. Ён быў у паніцы: у снежаньскіх нумарах «Камсамольскай праўды» за 1956 год з’явіўся расповед пра ўсю эпапею «групы чацвярых», які ў кароткай форме пераказалі New York Times, Herald Tribune і New York Post. Абрамчык не мог схаваць сваёй раздражнёнасці, калі супрацоўнік сказаў, што ўпершыню чуе аб гэтым. Сам Абрамчык даведаўся аб публікацыі ад саветолага Аляксандра Даліна і цяпер лічыў, што Рада БНР вымушаная даць абвяржэнне, бо ў артыкулах згадваліся ягонае і Рагулева прозвішчы. Аднак, звязаўшыся з начальствам, суразмоўца Абрамчыка пачуў, што савецкія абвінавачанні лепш ігнараваць — «гэтая справа мусіць памерці сваёй смерцю».

Наастачу Абрамчык не прамінуў нагадаць, што спраўдзіліся ягоныя падазрэнні ў сувязі з савецкімі спецслужбамі кліўлендскага літаратара Алеся Змагара-Яцэвіча — ён нібыта ведаў аб захопе групы да з’яўлення савецкіх публікацый і вёў сярод беларусаў антыбэнээраўскую прапаганду, сцвярджаючы, што Абрамчык і Рагуля выпраўлялі людзей на верную смерць, а самі прысабечвалі абяцаныя ім у якасці страхоўкі грошы.

Аналізуючы публікацыі ў «Камсамольскай праўдзе», амерыканцы прыйшлі да высновы, што ўдзельнікам групы здрадзіў Арцюшэўскі — толькі яму былі вядомыя згаданыя ў артыкуле «метады рэкрутацыі» агентаў ЦРУ ў Брытаніі. Такая выснова была зробленая, бо ў тэксце нічога не згадвалася аб метадах вярбоўкі ў Лювэне, якія былі вядомыя Вострыкаву ды Касцюку — «паколькі гэтая інфармацыя яшчэ больш кампраметуючая… ёсць адчуванне, што савецкім спецслужбам не ўдалося ўзяць [Вострыкава і Касцюка] жывымі альбо зламаць іх». Застаецца толькі здагадвацца, якія менавіта метады меліся на ўвазе. У лютым 1957 года Рада БНР атрымала чарговы ўдар: Абрамчык даведаўся, што ў Англіі з’явілася жанчына з СССР, якая распавяла пра арышт Янкі Філістовіча, лёс якога ўвесь гэты час заставаўся невядомым.

У верасні 1957 з’явіліся ў справе AEQUOR і копіі публікацыяў у менскай «Звяздзе» ад 27 мая — 25 чэрвеня, дзе была апублікаваная аповесць Макара Паслядовіча «Па воўчых сцежках», якая апісвала дзейнасць і захоп савецкімі спецслужбамі Янкі Філістовіча. Напачатку 1958 года парыжскія кнігарні былі заваленыя асобнікімі кнігі «Квадрат Б-52», якая распавядала аб выкрыцці савецкімі чэкістамі «групы чацвярых». Дачыненні паміж ЦРУ і Радай БНР рабіліся ўсё больш халоднымі.

Чуткі на чутках

Тым часам у студзені 1959 Кастусь Мярляк, колішні інтэндант батальёна Рагулі, паведамляў амерыканскай разведцы, што яму стала вядомая пэўная інфармацыя аб групе ад жанчыны, якая ведала яго і Касцюка з часоў навучання ў Наваградскай гімназіі і нядаўна перабралася з СССР у Польшчу, а адтуль прыляцела ў ЗША. Паводле расповеду ўцякачкі, Касцюк з’явіўся ў яе доме ў Наваградку ў жніўні 1954 года (з датай, як і з многім іншым у яе расказах, магла быць блытаніна) у форме савецкага маёра і папрасіў дапамогі і прытулку. Ён паведаміў, што яму з сябрамі ўдалося забіць савецкага «высокапастаўленага афіцэра» падчас вайсковых вучэнняў. Жанчына сцвярджала, што, як ёй удалося даведацца пазней ад вайскоўцаў, якія жылі ў яе хаце, забітым быў маршал Савецкага Саюза Сямён Цімашэнка (насамрэч, ён памёр сваёй смерцю ў 1970 годзе). Касцюк быў аддадзены за гэта пад суд, пакаяўся, выдаў сваіх супольнікаў і прасіў аб літасці, але ў апошні момант перад пакараннем смерцю выгукнуў «Жыве Беларусь!» і «Далоў савецкіх прыгнятальнікаў». Гэты ўчынак нібыта выклікаў масавыя беспарадкі ў Баранавічах. Як вынікае з іншых дакументаў у справе Мерляка, гэтую інфармацыю паведаміла Матрона Мазура — цешча Язэпа Сажыча. Яна распавяла і пра раскрыццё ў Наваградку падпольнай моладзевай арганізацыі (магчыма, маецца на ўвазе Саюз вызвалення Беларусі, які дзейнічаў у 1946—1947 гадах). Жанчына таксама прыгадала, як увесну 1954 года пачула ад савецкіх афіцэраў, што ў казармах у Скрыдлеве пад Наваградкам салдаты загінулі, з’еўшы ежы з катла, у які была падкладзеная атрута, і аналіз нібыта паказаў, што яна была амерыканскай вытворчасці.

Улетку 1960 года Радзе БНР была выплачаная поўная сума страхоўкі, якая вызначалася на выпадак гібелі ўдзельнікаў групы — 32 тысячы даляраў. Рада меркавала выдаткаваць гэтыя грошы на пабудову «мемарыяльнага цэнтра» ў памяць герояў, палеглых у змаганні за незалежнасць Беларусі, у тым ліку ўдзельнікаў групы. Супрацоўнікі амерыканскай разведкі, аднак, выказвалі здзіўленне, што гэтыя грошы будуць патрачаныя такім неадпаведным чынам: «Здаецца, такую прыстойную суму лепш было б патраціць на акцыі супраць Саветаў, чым на стварэнне мемарыяла недзе ў вольным свеце».

Доўгі лёс

10—14 лістапада 1955 года Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі прысудзіў Цімоха Вострыкава і Генадзя Касцюка да 25 гадоў зняволення, якое яны адбывалі ў Мардовіі. Менавіта там былі знятыя эпізоды з удзелам дэсантнікаў, якія ўвайшлі ў савецкі прапагандысцкі фільм 1962 года «Людзі з чорнымі душамі», прысвечаны дзейнасці беларускіх нацыяналістаў падчас нямецкай акупацыі і на Захадзе. Касцюк неўзабаве пасля гэтага моцна захварэў і памёр — як меркаваў Вострыкаў, гэта таксама здарылася невыпадкова. Сам ён будзе вызвалены ў 1975 годзе, пасля 23 гадоў зняволення. Памёр Цімох Вострыкаў у Гомелі 13 лістапада 2007 года. Ён паспеў пабачыць Беларусь незалежнай — дзеля чаго калісьці ўвязаўся ў вялікую гульню вялікіх дзяржаў і паклаў сваю маладосць. А амерыканцы, у сваю чаргу, строга вытрымалі свой абавязак і пасля краху СССР выплацілі сям’і Вострыкава належную суму страхоўкі з улікам гіганцкіх працэнтаў, што набеглі за гады зняволення.

Працяг будзе.

Чытайце таксама: Беларусы на службе ЦРУ. Частка ІІ. CAMBISTA і AEQUOR

Чытайце таксама: Беларусы на службе ЦРУ: беларуская інфармацыя ў рассакрэчаных дакументах амерыканскай разведкі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера