Знайсці
05.05.2017 / 06:292РусŁacБел

План на выходныя: топ-5 спектакляў, якія варта паглядзець на мінскім форуме вулічных тэатраў

Карнавальнае шэсце, шмат танцаў, хадулісты, інтэрактыў і клаўнада — якім будзе галоўны вулічны фестываль сталіцы ў гэтым годзе, што пройдзе ў Верхнім горадзе 7-8 мая?

Першы форум вулічных тэатраў адбыўся ў Мінску ў 2013-м. Паступова ён ператвараўся ва ўсё больш яркую і насычаную гарадскую падзею.

«Калі параўноўваць з мінулымі гадамі, зараз нас чакае яшчэ больш насычаная праграма: каля 200 удзельнікаў, шмат цыркавых і клоўнскіх нумароў. Пачнецца ўсё маштабным карнавальным шэсцем: 7 мая у 12.00 усе акцёры стартуюць з Кастрычніцкай плошчы і разам пройдуцца да плошчы Свабоды — на гэты час у горадзе спецыяльна перакрыюць рух аўто», — распавёў «НН» арт-дырэктар Уладзімір Галак.

А цяпер трохі падрабязней.

«Білінгвы. Брэст» тэатра «Насупраць»

Брэсцкія артысты працягваюць «флэшмоб» па збору меркаванняў наконт сітуацыі з двухмоўем у нашай краіне, распачаты ў Мінску рэжысёрам Андрэем Саўчанка. Гэта дакументальная пастаноўка, бо ў яе ўвайшлі маналогі сапраўдных жыхароў Брэста. «Хто я такі паміж дзвюх моў?» — менавіта такім пытаннем задаецца галоўны акцёр і прапануе паразважаць разам з ім.

Фота: moustache-theatre.org

«Стоп! Знята!» тэатра «Мусташ» (Мінск)

Тэатр «Мусташ» неаднаразова захопліваў беларускія вуліцы то ў вобразах іншапланетнікаў, то ў якасці паштавікоў. У сваёй апошняй творчай працы вусатыя акцёры запрашаюць гледачоў паўдзельнічаць у здымках сапраўднага фільма, галоўнай зоркай якога можа стаць любы прахожы! Калі марылі трапіць у кіно і апынуцца на здымачнай пляцоўцы — абавязкова прыходзьце.

Фота: katastrofaclown.it

«Katastrofa show» ад італьянскага клоўна Катастрофа

Андрэа Федзі горача любяць дзеці і дарослыя не толькі за тое, што ён адмочвае класныя фокусы і дасканала валодае майстэрствам выдзімання мыльных бурбалак, але і за магчымасць паваляць дурня без наступстваў. У Мінску тэмпераментны і гарачы італьянец абяцае зладзіць разам з гледачамі на плошчы Свабоды баксёрскі паядынак за дзяўчыну мары.

Фота: st-fest.org

«Pinezkologia» польскага тэатра «Pinezka»

Працягвае тэму клаўнады тэатр «Pinezka» з Гданьска. Іх сумесь пантамімы, танца, акрабатыкі, масак, марыянетак, жангліравання і імправізацыі з аўдыторыяй дапаможа прыгадаць светлыя і радасныя эмоцыі з дзяцінства. Цудоўнае сямейнае відовішча, якое абяцае вылечыць не толькі ад боязі клоўнаў, але і ад сумнага настрою.

Фота: kole.by

«Папяровыя людзі» тэатра «Кола» (Віцебск)

Вось ужо больш 10 гадоў моладзевы тэатр з паўночнага ўсходу Беларусі, які быў заснаваны наўпрост на базе студыі акцёрскага майстэрства ВДУ ім. Машэрава, стварае там непаўторную эксперыментальную прастору, падымае важныя сацыяльныя і псіхалагічныя тэмы.

Спектакль «Папяровыя людзі» пра тое, як складана іншы раз дасягнуць узаемаразумення ў калектыве. У ім адсутнічаюць словы, але самае галоўнае ў жыцці, як вядома, выяўляецца не імі.

З поўнай праграмай форума можна пазнаёміцца тут.

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера