Знайсці
03.05.2017 / 06:2727РусŁacБел

Ізноў пра паркоўкі: «Не разумею, чаму ў нас актыўна штрафуюць за грамадскую актыўнасць, а з парушэннямі на стаянках працуюць так марудліва?»

Кожны трэці дарослы беларус сёння валодае асабістым транспартным сродкам: толькі легкавых аўто, як сведчыць Белстат, у канцы 2016 года налічылі крыху менш за 3 мільёны. І іх колькасць працягвае расці. Паралельна з ёй падымаецца градус нездаволенасці пытаннем парковачных месцаў.

Мы далі магчымасць выказацца пра набалелае некалькім жыхарам Мінска і заклікаем вас працягнуць тэму ў каментарах.

Віталь Ліпніцкі, жыхар Кунцаўшчыны: «Як ні дзіўна, савецкае будаўніцтва больш улічвала патрэбы людзей, зараз жа на першым месцы — машыны»

— Калі паглядзець на новыя мікрараёны, то ўбачыш суцэльны паркінг, над якім узвышаецца шматпавярховік. Мы ахвяруем зялёныя зоны і вялікія дзіцячыя пляцоўкі на патрэбы машын, але праблема паркоўкі ўсё роўна не вырашаецца. Канешне, у савецкія часы ніхто не думаў пра тое, што людзі будуць мець так шмат аўтамабіляў, аднак, калі звярнуць увагу на Асмалоўку ці раён Трактарнага завода, бачна добрая задума, там улічвалі патрэбы людзей: невялікія дамы, шырокія вуліцы — усё для таго, каб жыхарам было камфортна.

Фота: перехват.бел

Я жыву на вуліцы Якубоўскага, дзе стаяць забудовы 80-х гадоў. Прыпаркавацца, здараецца, вельмі цяжка, але ў нас хаця б захаваўся нейкі кавалак прыроды. Зараз жа ўсе двары загортваюць асфальтам. А тыя газоны і клумбы, што застаюцца, таксама займаюць машыны, якія раніцай па 15 хвілін не могуць адтуль выехаць, а потым трапляюць у заторы…

Каб разгрузіць горад, развіваць метро, як, напрыклад, у Берліне, ці будаваць новыя паркоўкі, патрэбна шмат грошаў. Наўрад ці мы да гэтага хутка прыйдзем.

Самая галоўная памылка, якая прывяла да такіх праблем, здарылася, калі Мінск зрабілі цэнтрам усяго: тут лепшыя крамы, інстытуты і каледжы…

Калі нармальна развіваць не толькі сталіцу, а яшчэ і рэгіёны, мы зможам захаваць нейкі транспартны баланс і не ператварыцца ва ўмоўную Маскву.

Аляксандр Карніеўскі, жыхар Малінаўкі: «Як аўтамабіліст я разумею тых, хто хоча ставіць машыну бліжэй да сваіх вокнаў, аднак не як малады бацька»

— Усе прыдарожныя абочыны вакол пастаянна забітыя машынамі. Нават улічваючы, што ў нас новы дом, прыпаркавацца ў двары пасля 18.00 бывае цяжка. Ніхто не разлічваў, што адна сям’я можа валодаць нават некалькімі машынамі.

Як аўтамабіліст я разумею тых, хто хоча ставіць машыну бліжэй да вокнаў. Як малады бацька я яшчэ бачу, што ўся дзіцячая пляцоўка аблеплена транспартам: малыя могуць гуляцца ў пясочніцы ці катацца на арэлях. З тым, каб пабегаць з мячыкам, ужо праблемы.

Фота Кацярыны Карпіцкай

Зараз наша таварыства збірае дакументы, каб паставіць шлагбаум: у такім разе мы хаця б будзем ведаць, што паркоўкай карыстаюцца толькі жыхары нашага дома.

У цывілізаваных краінах усе кватэры адразу будуюць з падземным паркінгам. У нас такое жытло, калі і робяць, парковачныя месцы там каштуюць шалёных грошаў.

На мой погляд, трэба прымушаць забудоўшчыкаў уключаць іх у праект на заканадаўчым узроўні.

Фота Паўла Дзявятава

Настасся Курашова, жыве ў Каменнай горцы: «У мяне складваецца ўражанне, што большая частка машын ніколі не пакідае межы нашага дворыка»

— Час ад часу, у мяне складваецца ўражанне, што большая частка машын ніколі не пакідае межы нашага дворыка: яны там пастаянна! Добра, што ўладальнікі хаця б паркуюцца больш-менш па правілах, дзякуючы разметцы і бетонным паўсферам з камянямі, што не дазваляюць заехаць на газоны. Аднак месцы, якія прадугледжаны для людзей з інваліднасцю, займаюць усе, каму не лянота.

На мой погляд, перш чым пачынаць будаваць дамы, неабходна вызначыць патрэбную колькасць парковачных месцаў, а не адводзіць пад гэта стандартны, невялікі пятачок.

Пры гэтым не забываць і пра зону адпачынку: так, у нас на 7 дамоў маецца дзіцячая пляцоўка памерам усяго толькі 10 на 10 метраў.

Андрэй Рублеўскі, жыве побач з Акадэміяй навук: «Калі выязджаеш на працу — працэс нагадвае нейкі страшны атракцыён пад назвай «нікога не зачапі»

— Двухпалосная дарога ў раёне вуліцы Сталетава… Усе мы вучылі правілы дарожнага руху, але, відаць, забыліся, што паркаваць машыну насупраць іншай у такім выпадку нельга. У выніку ўся праезная частка кожны дзень, быццам ачэпленая аўтамабілямі. Калі выязджаеш на працу, то гэты працэс нагадвае нейкі атракцыён пад назвай «нікога не зачапі». Пешаход, які выходзіць з крамы ці хоча трапіць на іншы бок, відаць, павінен неяк пераскокваць машыны.

Фота Кацярыны Карпіцкай

Пра тое, як любяць суседзі паставіць сваё «карыта» натуральна пад вокны, на газон, я ўжо маўчу. І ніяк не зразумею, чаму ў нас актыўна штрафуюць за грамадскую актыўнасць, а гэтыя выразныя, штодзённыя парушэнні фіксуюцца так марудліва…

Супрацоўнікі ДАІ Мінгарвыканкама, у сваю чаргу, запэўніваюць, што ў сталіцы робіцца ўсё, каб яна не ператварылася ў Маскву з яе вечнымі пробкамі і заторамі.

«З 2014 года мы актыўна выкарыстоўваем сканер няправільнай паркоўкі «Паркрайт», які аўтаматычна фіксуе парушэнні адразу з машыны ДАІ. У лютым у Мінску стартаваў праект «Электронны пратакол», які дазваляе хутчэй праводзіць прымусовую эвакуацыю. Да 2020 года распрацавана праграма «Добрая дарога», згодна з якой у бліжэйшы час плануецца адчыніць новыя стаянкі прыблізна на 2000 дадатковых месцаў.Таксама хочацца павысіць ролю грамадскага транспарту ў жыцці грамадзян, развіваць веласіпедную інфраструктуру і гэтак далей. Але паралельна з гэтымі мерамі у нас і колькасць асабістых аўто расце на вачах: хтосьці хапае сабе па 2-3 машыны, куды ж тут паспееш за ўсімі прасачыць», — пракаментаваў начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Заранік.

На думку яго калег, за тое, наколькі камфортна і бяспечна будзе ў горадзе, адказны кожны чалавек.

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930