Знайсці
02.05.2017 / 10:285РусŁacБел

Пачаўся серыял «Амерыканскія багі» паводле культавай кнігі — што ў ім?

30 красавіка адбылася сусветная прэм'ера серыяла паводле Ніла Геймана.

Серыял ствараўся шэсць гадоў.

Спачатку Ніл Гейман планаваў працаваць са студыяй НВО. Ад 2011 да 2013 ішлі перамовы, пасля разладзілася, і правы на экранізацыю нібыта набыла паўночнаамерыканская філія брытанскай студыі FremantleMedia. А летась стала вядома, што здымае «Багоў» амерыканскі кабельны канал Starz.

Як тлумачыў прадзюсар Браян Фулер, на «Старз» іх каманда спынілася таму, што прапанаваная каналам сума на здымкі серыяла ўдвая перавышала самы вялікі бюджэт за ўсю ТБ-кар'еру Фулера.

А Фулер прадзюсаваў «Зорны шлях», «Герояў», «Ганібала» — бачыў вялікія бюджэты.

Брытанец Ніл Гейман — адзін з найвыбітнейшых пісьменнікаў сучаснасці.

Праўда, Нобеля ён наўрад ці атрымае, бо працуе ў «лёгкім» жанры фантастыкі. (Хаця, пасля выпадка з Бобам Дыланам…)

У «Амерыканскіх багах» ёсць штосьці ад дакументальных рэчаў Капусцінскага.

Героі, канечне, нерэальныя істоты, але яны існуюць у вельмі рэальных цялесных абалонках і маюць вельмі рэалістычныя людскія характары. І вандруюць па рэальнай Амерыцы. Цікава чытаць, якія жывуць людзі ў розных яе частках, на розных участках харчовага ланцуга, якія ў іх культурныя коды і побытавыя звычкі.

У Геймана не столькі фантастыка, колькі метафара: кожны народ, які прыбываў у Амерыку, прывозіў у думках сваіх багоў.

Багі — як людзі. Але чым больш ім даецца пакланення і любові, тым больш яны могуць. І наадварот. Народы знікалі, а багі працягвалі жыць — забытыя, хоць і бессмяротныя. Для іх тая бессмяротнасць рабілася праклёнам. Звычайнае чалавечае жыццё з яго турботамі было невыносным для таго, хто некалі мог кіраваць маланкамі і землятрусамі…

У інтэрмедыях-адступленнях аўтар кідае чытача ў гісторыю Амерыкі то на сто, то на васямсот, а то і на дванаццаць тысяч гадоў назад. І ў той старажытнасці — таксама людзі, таксама канфлікты інтарэсаў.

А яшчэ — сюжэтная лінія. Тут Гейман майстар: да апошняй старонкі не здагадваешся, дзеля чаго ўсё гэта адбываецца і чым скончыцца.

Цяжка па адной серыі меркаваць пра ўсю працу (яшчэ паводле дамовы з НВО планавалі 6 сезонаў па 10-12 частак), але пара сюрпрызаў ёсць.

Напрыклад, галоўны герой, Цень, у серыяле мае цёмную скуру. Яго іграе брытанец Рыкі Уітл. З іншага боку — чаму не?

Мы ведаем з кнігі, што Шалёны Суіні — ірландзец з рудой барадой, містэр Нансі — афрыканец, Чарнабог — эмігрант з Усходняй Еўропы. Пра Цень вядома толькі тое, што ён здаравенны і маўклівы.

Глядзіцца Рыкі Уітл фактурна, удалы выбар.

Яшчэ адна ўдача — містэр Серада ў выкананні таксама брытанца Іэна Макшэйна. «Усмешка ліса, які злізвае дзярмо з калючага дроту» яму ўдаецца ідэальна.

На бога старажытных скандынаваў Одзіна ён, канечне, мала падобны, але, па-першае, хто Одзіна бачыў, а па-другое — містэр Серада не Одзін, а яго амерыканская праекцыя.

Кіно падаецца папсовейшым за кнігу.

Паспрашчалі сюжэтныя хады: памятаеце, як у кнізе Одры плюнула мёртвай Лоры ў твар? У фільме яна проста гаворыць Ценю, што яго жонка Лора і яе муж Робі, якія разам забіліся на машыне, былі каханкамі. Увогуле, Одры пакуль — найслабейшае звяно серыяла.

Дзе-нідзе героі кіруюцца прасцейшымі, чым у кнізе, матывацыямі (як у сюжэце з бойкай Ценю і Суіні). У ахвяру відовішчнасці прыносіцца глыбіня.

Затое стваральнікі серыяла асучаснілі «Амерыканскіх багоў».

У гэтым ёсць майстэрства — пасунуць твор у часе на 15 гадоў уперад. Раман Геймана, які выйшаў у 2001-м, апісваў Амерыку 90-х, калі традыцыйныя медыі яшчэ дамінавалі над інтэрнэтам, мабільная сувязь і сацыяльныя сеткі не мелі сённяшняй улады, калі жылі яшчэ нашчадкі расейскіх белагвардзейцаў, а на ісламскую пагрозу амаль не было намёку.

Героі серыяла дзейнічаюць у нашым часе.

Білкіс знаходзіць сабе ахвяраў праз айфон, на сайце знаёмстваў, і яна не прастытутка. 

Тэхнахлопчык апрануты і прычасаны зусім не так, як героі камедыі «Догма».

Трохі старамодны толькі містэр Серада, але яму паложана.

Яшчэ ў серыяле ёсць новыя героі, якіх няма ў кнізе.

Напрыклад, спецыяльна прыдуманы Гейманам для кіно Вулкан (яго іграе Корбін Бернсэн).

Большае, відаць, месца ў серыяле будзе адведзена і Ісусу Хрысту (Джэрэмі Дэвіс) — у кнізе ён згадваецца толькі раз:

два забытыя багі старажытных егіпцянаў, якія трымаюць пахавальнае бюро ў захудалым мястэчку, хоць і называюць Ісуса з зайздрасцю «шчасліўчыкам», але і расказваюць, як на пустыннай дарозе ў Афганістане ніхто не спыняўся яго падвезці.

Кніжка напісаная з гумарам, будзем спадзявацца, і серыял яго не згубіць.

Не варта чакаць поўнага супадзення рамана і кіно — жанры ж розныя, з рознымі выяўнымі сродкамі. Затое, як часта бывае, серыял натхніць многіх прачытаць класную кнігу.

Шкада, па-беларуску «Амерыканскіх багоў» пакуль няма.

Але, можа, Дар'я Вашкевіч, якая з сябрамі пераклала і выдала Гейманаву «Караліну», з часам возьмецца і за «Багоў»?

СМ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930