Знайсці
28.04.2017 / 21:29138РусŁacБел

Беларуская гасціннасць? Уласніца мінскіх апартаментаў для турыстаў расказала, праз што ёй і замежнікам даводзіцца праходзіць

«Вось папрасілі мяне напісаць якія-небудзь тэзісы па прыцягненні турыстычнага патоку ў краіну, і мяне як заклініла. Калі яшчэ паўгода таму я магла напісаць брашуру за дзесяць хвілін, то цяпер ужо навалілася нейкая стомленасць металу», — піша ў фэйсбуку Вольга Станеўская, уладальніца сеткі апартаментаў для турыстаў у Мінску.

«Ну добра, патрэбныя лаўкосты — гэта адназначна. Велізарная колькасць турыстаў цяпер прылятае кіеўскімі рэйсамі — напрыклад, гэта ўсе туркі. А іх цяпер пры ўяўнай колькасці ў клубах — мізэр у параўнанні з патокам гады 3—4 таму. Турызм — гэта вельмі-вельмі далікатная галіна, якая павінна выключаць любыя законы, што ўшчамляюць гасцей. А

нашы ўлады адзначыліся некалькі гадоў таму і адмянілі выдачу віз у аэрапорце для краін, дзе ёсць пасольства і консульства РБ. Вось спытайце, навошта яны гэта зрабілі — і ніхто не адкажа. А туркі практычна ўсе атрымлівалі візы ў аэрапорце, Турцыя — велізарная краіна, і адпраўляць дакументы ў Анкару, каб з'ездзіць у нейкую богам забытую Беларусь — ну смешна ж, праўда?

І тут зарыентавалася Украіна: адмянілі візы і пусцілі лаўкосты — і ўсе турэцкія грамадзяне цяпер там. І яны не вярнуліся пры адмене віз, бо турыстычныя трафікі не працуюць так прымітыўна — «мы вас спачатку разгонім, а потым добра, можаце вярнуцца».

Або вось аэрапорт наш любімы што зрабіў: адмовіўся ад аўтсорсінгу службы таксі 157, накуплялі самі машын «Джылі», зрабілі цэнтральную стойку і пачалі забіраць сабе трансферныя грошы. І тэлефануе на днях маёй каляжанцы дыспетчар з гэтай стойкі і гаворыць на трасянцы: «Во тут стаяць к вам людзи, дык куды их везци, а то наш вадзицель не гаварыць па-английски?»

Калега называе адрас і просіць: «Перадайце, калі ласка, кіроўцу, каб ён набраў на дамафоне ім 73, а то людзі замежнікі і могуць не разабрацца ў нашай сістэме». Паўза і адказ: «Ничэво он им не будзе набираць, дзевушка».

Калега яшчэ раз кажа: «Я прашу вас, нашы кіроўцы так заўсёды робяць». Адказ: «Так он жа к нашаму вадицелю пашол, а не к вашаму! Ничево он не будзет набираць, я сказала».

Калега закіпае і кажа: «Прадстаўцеся, калі ласка, ваша прозвішча і імя». Адказ: «Дзеушка, вы што, ругацца са мной сабралися? Ничего я не скажу», — і кінула слухаўку.

Ну вось, аэрапорт узяўся за сэрвіс. І так — паўсюль. Паўсюль, ….

І, можа, вы не ведаеце, але былі выпадкі, калі людзі куплялі кватэры і не змаглі іх здаваць з-за суседзяў. Проста вось прыязджае сям'я італьянцаў-усынавіцеляў, а ім насустрач падымаецца бабка па лесвіцы і пачынае іх мацюкаць, або яны выходзяць на балкон пакурыць, а на іх трохпавярховы мат з суседняй кватэры. Яны збіраюць рэчы і з'язджаюць, вядома ж.

Або як да нас неяк прыехала вельмі прыстойная сям'я з Масквы — пара з дзіцем і няняй, на дарагой машыне, знялі прыстойную трохпакаёвую кватэру на тыдзень, а ў іх суседка пачала вырываць ключы ад ланцужка ў двор і крычаць, што яны не будуць у двары ставіць машыну, таму што яны ніхто тут. А на гэтых людзей наогул ніхто ніколі не крычыць — і яны спакойна папрасілі вярнуць ім грошы і з'ехалі.

Ці выязджае машына з расійскімі нумарамі са двара, а дарогу закрыла разгрузка крамы. Хлопец выходзіць і спакойна просіць даць праехаць, а ў адказ — правільна, хамскі рык.

І скажыце, якімі палкамі біць ўсіх іх, а?

Або вось што АГІМы тварылі — гэта можна кнігу напісаць.

Ведаеце, што на працягу 5 рабочых дзён любы замежны грамадзянін абавязаны наведаць аддзел віз і рэгістрацый і ў міграцыйную карту паставіць рэгістрацыю — прайсці проста вар'яцкую рудзіментарную працэдуру. (Як адзін замежнік напісаў у водгуку, што ён рэпетаваў знаходжанне ў турме — і гэта так.) Закон аб знаходжанні замежных грамадзян абвяшчае, што чалавек мае 5 рабочых дзён на перарэгістрацыю, калі мяняе месца знаходжання, але, напрыклад, ніхто гэтае палажэнне і не збіраўся выконваць. І АГІМы 2 дні ў тыдзень не працуюць наогул, а 2 дні — да 16 гадзін. І ніхто, натуральна, не гаворыць па-англійску.

І, калі іншаземец, напрыклад, едзе спачатку ў Брэст, а потым прыязджае ў Мінск, то трэба было хапаць яго ў тую ж секунду і везці ў АГІМ на рэгістрацыю. А на наступны дзень — ужо адміністрацыйны пратакол і штраф, таму што яны патрабавалі бесперапыннасці ў рэгістрацыі.

А чаму яны менавіта так трактавалі гэтае палажэнне — ну проста так захацелася, і ўсё.

А памер штрафу вызначае начальнік АГІМа, і трэба тады ісці ў яго кабінет і моцна пачаць прасіцца і прыніжацца, тады, можа, даляраў па 40 прызначыць і госцю і хосту, а мог і да $200 быць.

Вы ўдумайцеся, які гэта капец! Іншаземкі пачыналі плакаць проста там, пры адкрытай злараднасці персаналу.

Мая калега павезла кліентку з «Букінга» на наступны дзень пасля прыезду на рэгістрацыю, і пачала тлумачыць — ну, а як можна было зрабіць рэгістрацыю, калі яна прыехала ўчора ў 8 вечара, на што начальнік (!) АГІМ сказаў: «Трэба было яе не засяляць, хай бы на вуліцы начавала», — і заржаў.

Іх там трэба ўсіх люстраваць і гнаць за прафнепрыдатнасць. Якая-небудзь 25-гадовая супрацоўніца ў кароткай спадніцы, якая выглядае як танная б…ь, магла выйсці з кабінета і праходзячы міма, гаўкнуць на замежніка ў чарзе ў калідоры — не абапірайцеся на стол, мужчына! Ну ведаеце якім тонам, так. І я, бывала, культурна праводзіла сваіх гасцей пасля атрыманай рэгістрацыі ўніз пачакаць мяне ў машыне, а сама узлятала ў шаленстве да гэтых … і пачынала гарлапаніць на іх як вар'ятка.

Ці як у адным АГІМе прыйшла новая дзяўчынка, і так ласкава і ветліва мяне сустрэла, і ўсё правільна зрабіла, і я прыехала праз некалькі тыдняў — а яна ўжо ўсё, начальнік. Нахапалася б…ва і ўжо тон такі, ведаеце, з'явіўся — вы лайно, а я тут павінна для вас працаваць.

І вось якімі палкамі іх біць, а? А цяпер яны пачалі патрабаваць натарыяльны пераклад замежных страховак — нейкі час іх наогул не прымалі, толькі «Белдзяржстрах», потым пачалі прымаць, а цяпер некаму ляйчына трапіла, што трэба іх перакладаць. І, вядома ж, усе ідуць і купляюць новыя, беларускія, нягледзячы на тое, што ў іх ужо ёсць страхоўка, набытая ў Еўропе, спецыяльна для атрымання візы ў пасольстве, якое яе прыняло. Каго гэта хвалюе, госпадзе.

І як растлумачыць усім, што турыстаў трэба любіць, усміхацца ім і дагаджаць. Таму што якіх толькі гатэляў не набудуй і зрабі іх хоць бясплатнымі, людзі падарожнічаюць па эмоцыі, і плата за нумар — гэта проста стандартнае дзеянне, а не сэнс паездкі.

І гатэлі цяпер у нас недарагія — усе гэтыя гасцініцы тыпу «Планеты», «Юбілейкі», «Арбіты» ўжо па $30 гандлююцца ў нізкія даты.

Але, калі я нават у Вільні здымаю розныя кватэры, мне ўсміхаюцца ўсе суседзі і вітаюцца і імкнуцца нават нешта падказаць, а

нашы добрыя і «памяркоўныя» гатовыя зжэрці гэтых прыезджых, так яны ім перашкаджаюць у іх смярдзючых запляваных пад'ездах і забітых машынамі дварах.

І трэба разагнаць гэтыя чыноўніцкія гнёзды з цэнтральных будынкаў, перавезці іх усіх нахран у Вялікі Камень, а ўсе будынкі ў цэнтры аддаць пад кафэ, крамы, майстэрні і хостэлы.

І дазволіць вулічных мастакоў і музыкаў. І дазволіць вулічную ежу.

І каб крамы ў Траецкім мёртвым прадмесці працавалі па нядзелях. І каб можна было сесці на газон пад дрэвам і зжэрці які-небудзь смачны дранік з палаткі. І каб на вуліцах стаялі лаўкі, і не толькі дамы і машыны.

Але гэта ўсё атрыбуты вольнага грамадства, сябры — а мы не маем да гэтага ніякага дачынення, і ніякіх перадумоў не прадбачыцца, хоць ты адкрый 100 зыбіцкіх з іх квазіліберальнай атмасферай.

Разруха ж мы ведаем дзе — і пакуль па тэлевізары будуць трындзець пра надоі і суботнікі, забіваць галовы састарэлай на 40 гадоў інфармацыяй, а не пра нармальныя чалавечыя каштоўнасці 2017-га года, так мы і застанемся адсталай правінцыйнай краінай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930