Знайсці
29.04.2017 / 08:3928РусŁacБел

Капец-гарадок і ўсе-ўсе-ўсе — топ-7 самых малых гарадоў Беларусі ФОТЫ

7. Свіслач — 6 481 чалавек

Горад месціцца ў Гродзенскай вобласці ля самай мяжы з Польшчай. Менавіта ў Свіслачы знаходзіцца адзіны ў Беларусі помнік-бюст нацыянальнаму герою Беларусі Кастусю Каліноўскаму, які скончыў Свіслацкую гімназію, і адзіны ў Беларусі помнік Сталіну.

Помнік Каліноўскаму. Фота euroradio.fm.

З цікавай архітэктуры можна адзначыць Свята-Крыжаўзвіжанскую царкву 19 стагоддзя.

Маляўнічасці Свіслачы дадае аднайменная рака, што працякае праз горад, і багаты парк пры былой сядзібе Тышкевічаў 18 стагоддзя.

Адсюль родам беларускі эсэіст, філосаф Валянцін Акудовіч.

6. Давыд-Гарадок — 5 892 чалавекі

Помнік князю Давыду. Фота Сяргея Гудзіліна.

І помнік Леніну. Фота Сяргея Гудзіліна.

Горад стаіць на рацэ Гарынь у Столінскім раёне Брэстчыны.

Давыд-Гарадок — адно з найстаражытнейшых паселішчаў на тэрыторыі Беларусі. Горад можа пахваліцца замчышчам 12-га стагоддзя, дзе сёння стаіць сімвалічны камень.

Хіба галоўная архітэктурная славутасць Давыд-Гарадка — драўляная царква Святога Георгія, збудаваная ў другой палове 17-га стагоддзя. Сімвалам жа горада можна назваць помнік князю Давыду, які заснаваў Давыд-Гарадок.

Дарэчы, тут нарадзіўся беларускі пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк.

5. Высокае — 5 113 чалавек

Высокае. Фота Сяргея Гудзіліна.

Вялікі рэпартаж Сяргея Гудзіліна з Высокага

Гэты горад таксама знаходзіцца ля польскай мяжы, у Камянецкім раёне Брэстчыны.

У Высокім месціцца цікавы палацава-паркавы ансамбль Патоцкіх 19-га стагоддзя. Праўда, цяпер будынкі не ў самым лепшым стане. Сярод славутасцяў горада таксама вылучаюцца старадаўні Траецкі касцёл і Крыжаўзвіжанская царква. Менавіта ў Высокім можна ўбачыць руіны замка Сапегаў.

4. Васілевічы — 3 349 чалавек

Горад месціцца ў Рэчыцкім раёне, паміж Мазыром і Гомелем. Васілевічы асабліва нічым не вылучаюцца. Адзначыць можна хіба што Васілевіцкую Мікалаеўскую царкву, якой ужо больш за 190 гадоў.

Затое горад можа ганарыцца тым, што тут нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Іван Навуменка.

3. Тураў — 2 770 чалавек

Тураў. Фота Сяргея Гудзіліна.

Адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі адкрывае тройку нашага топа. Нягледзячы на сваю вялікую тысячагадовую гісторыю сам горад сёння вельмі малы.

Тураў. Фота Сяргея Гудзіліна.

У цэнтры стаіць адметная драўляная Усясвяцкая царква, пабудаваная ў 1810 годзе. Ля царквы — помнік вялікалітоўскаму дзяржаўнаму дзеячу Канстанціну Астрожскаму.

У Тураве можна ўбачыць старажытнае гарадзішча, дзе месціцца музейны комплекс. Тут жа непадалёк стаіць помнік Кірылу Тураўскаму.

Помнік Кірылу Тураўскаму. Фота Сяргея Гудзіліна.

Акрамя таго, на Барысаглебскіх могілках горада знаходзяцца два каменныя крыжы, што растуць з зямлі.

2. Косава — 1 844 чалавекі

Косаўскі палац, таксама вядомы як палац Пуслоўскіх. Фота onliner.by.

Месціцца ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі, на рацэ Грыўда.

І хай сабе горад зусім невялікі, для Беларусі гэта сапраўдны дыямент. Сюды прыязджаюць з усёй краіны, каб убачыць на свае вочы велічны Косаўскі палац 19 стагоддзя. І гэта далёка не адзінае, дзеля чаго варта сюды прыехаць.

Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі.

Тут знаходзіцца мноства гісторыка-культурных каштоўнасцяў: музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі 18 стагоддзя, Троіцкі касцёл, Свята-Антоніеўская царква, Капліца на каталіцкіх могілках, Свята-Георгіеўская царква на могілках, магіла ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў.

1. Дзісна — 1 500 чалавек

На другім беразе самы малы горад Беларусі — Дзісна. Фота Сяргея Гудзіліна.

Самы малы горад краіны знаходзіцца ў Міёрскім раёне на Віцебшчыне. За апошнія шэсць гадоў жыхароў тут паменела на 224 чалавекі.

Калісьці на Дзісеншчыне, у маёнтку Дарожкавічы, жыў род Кастравіцкіх, які падарыў свету выбітнага францускага паэта Гіёма Апалінэра. Больш за тое, у кнізе былога дзісенца «Арлінае гняздо», якая выйшла ў Польшчы ў 2003 годзе, згадваецца, што, імаверна, менавіта ў гэтым маёнтку, у капліцы, пэўны час хаваўся Адам Міцкевіч. Сёння сядзіба Кастравіцкіх знаходзіцца ў межах горада, на ўскраіне.

Акрамя Дарожкавічаў, захапляюць сваёй прыгажосцю руіны колішняй бальніцы.

На беразе ўзвышаюцца руіны былой бальніцы. Фота Сяргея Гудзіліна.

І менавіта ў Дзісне ходзіць адзін з апошніх паромаў на Дзвіне.

Паромшчык. Фота Сяргея Гудзіліна.

Дарэчы, з Дзісненшчыны паходзіць славуты мастак Язэп Драздовіч.

З гісторыі Дзісны. Полацкія крывічы заснавалі Дзісну ў 10 стагоддзі, пабудаваўшы тут крэпасць Капец-гарадок. Дзісна была абарончай фартэцыяй на Дзвіне, на сваім гербе таксама мела выяву ладдзі. Іван Жахлівы да Дзісны не дайшоў, таму менавіта сюды збеглі багатыя полацкія купцы і шляхта. Тут збіраў войскі Сцяпан Батура, каб вызваліць Полацк. Дзісна ад 16 стагоддзя мела магдэбурскае права. Два стагоддзі таму гэта быў другі па колькасці насельніцтва горад на Полаччыне.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Топ складзены паводле дадзеных Белстата па колькасці насельніцтва ў Беларусі на 1 студзеня 2017 года.

Падрыхтавала Настасся Роўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера