Знайсці
28.04.2017 / 10:237РусŁacБел

«Як я памяняў працу і жыццё»: шэсць гадоў адпрацаваў у МУС, а потым сышоў у драматургі

FINANCE.TUT.BY абвясціў пра старт конкурсу «Як я памяняў працу і жыццё». Адзін з першых лістоў — ад драматурга Віталя Каралёва, які шэсць гадоў прапрацаваў у МУС, перш чым зразумеў: «Час валіць».

Фота з асабістага архіва. Першы здымак зроблены ў 2006 годзе, калі Віталь сканчаў ваенную кафедру і збіраўся ісці ў МУС, другі — у 2016 годзе.

«Калегі не разумелі, навошта я сыходжу з цёплага месца»

— У 2006 годзе я сканчаў гістарычны факультэт БДУ, кафедру археалогіі. У той момант жыцця мне былі цікавыя дзве рэчы, паміж якімі я выбіраў: сур'ёзна займацца навукай або пайсці «служыць Радзіме», як мае дзяды-героі Савецкага Саюза, якія прайшлі вайну. Цяпер гэта ўсё ўспрымаецца як адзін вялікі штамп, але ў той момант я рэальна думаў, што, выбраўшы другі шлях, змагу зрабіць гэтую краіну лепшай і прыносіць карысць сваёй сям'і і грамадству.

Мяне бралі ў аспірантуру Акадэміі навук, але Георгій Штыхаў, легенда беларускай археалогіі, мне неяк сказаў: «Ты можаш стаць археолагам, праца цiкавая, але ж багатым ты нiколi не будзеш». Тады гэта было чыстай праўдай, цяпер, наколькі я ведаю, на жаль, сітуацыя не змянілася. Увогуле, паглядзеў я тады на трыццацігадовы пінжак найлепшага археолага краіны і пайшоў працаваць у МУС.

Я не буду распісваць, дзе менавіта я працаваў, ніякіх сакрэтаў няма, проста тлумачыць доўга і сумна. Скажу толькі, што злачынцаў я ў вочы не бачыў, з пісталета страляў толькі ў ціры, карацей, «пісарам адседзеўся». Але шэсць гадоў, якія я прапрацаваў у сістэме, не прайшлі дарма, — досвед гэта быў каласальны. Калі б не гэтыя гады, я б, напэўна, не пачаў пісаць, бо мая першая п'еса «Участковыя» якраз пра гэта: пра сістэму і чалавека ў ёй.

Дык вось, неўзабаве мой энтузіязм згас, а калі казаць больш дакладна і пафасна: разбіўся аб суровую рэчаіснасць. Я зразумеў, што рэалізаваць сябе ў гэтай сістэме (як, напэўна, і ў любой іншай) я не змагу. І звольніўся. Большасць калегаў, натуральна, не разумела, навошта я добраахвотна сыходжу з цёплага месца, у якім мне, у свае 30, заставалася адседзець ўсяго 14 гадоў да пенсіі. Але ў гэтым і была прычына майго сыходу: я разумеў, што ўсе гэтыя гады я буду проста сядзець у цёплым месце. Але думка пра гэта мяне, калі шчыра, забівала. Аднойчы ў мяне адбыўся цікавы дыялог з калегам, які на той момант адпрацаваў у міліцыі 21 год. Я спытаў: «Саша, ты тут столькі гадоў адпрацаваў, раскажы хоць, як гэта?» А ён мне адказаў: «Ты ведаеш, Віталя, праляцелі як адзін дзень». Нават не «адзін год», ён сказаў менавіта «як адзін дзень», і тады, напэўна, я канчаткова зразумеў, што «пара валіць».

«У фінансавым плане пасля звальнення з МУС выйграў»

— Я зваліў. Стаў фрылансерам, пачаў пісаць сцэнары да рэкламных ролікаў. З часам зразумеў, што камерцыйныя замовы — гэта, вядома, добра, але хочацца, каб цябе запомнілі, след нейкі ў культуры пакінуць захацелася. І пачаў я займацца тэатральнай драматургіяй. Спачатку вельмі доўга і шмат вывучаў рамяство па кнігах, інтэрнэце, а потым сам узяўся за пяро і пачаў пісаць п'есы. Добра гэта ў мяне атрымліваецца ці не — судзіць не мне, але людзям быццам бы падабаецца. Вось спектакль па маім «Опіуме» крытыкі прызналі найлепшым у 2016 годзе. Так што адчуваю аддачу, адчуваю, што раблю нешта патрэбнае, а значыць, спыняцца не буду.

У фінансавым плане пасля звальнення з МУС я, натуральна, выйграў: добрыя спецыялісты атрымліваюць добра. Але ёсць адзін мінус — адсутнасць той самай стабільнасці, ад якой я збег. Вось пачаўся ваенны канфлікт ва Украіне, у Расіі і ў нас узровень жыцця істотна ўпаў, і мае прыбыткі разам з ім. Таму цяпер замоваў добрых амаль няма. Але я і ў гэтым знайшоў станоўчы бок: зразумеў, што трэба займацца чымсьці сваім і цяпер развіваю некалькі кірункаў невялікага бізнэсу. Стварыў сайт і займаюся турызмам, таксама хутка буду арганізоўваць паб-квіз.

Так што з веданнем справы магу заявіць: усе змены — да лепшага. Гэта я ўжо дзясяткі разоў зразумеў. Галоўнае, не баяцца і знаходзіць у сабе сілы, каб рухацца далей.

tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера