Знайсці
28.04.2017 / 07:2644РусŁacБел

Эстонія: НАТА мае разведзвесткі, што расійскія войскі пасля вучэнняў могуць застацца ў Беларусі

Расея можа выкарыстаць шырокамаштабныя ваенныя вучэнні «Захад-2017» для таго, каб пакінуць вайсковы кантынгент у Беларусі на пастаянна. Пра гэта заявіў у чацвер у інтэрв'ю агенцтву Reuters міністр абароны Эстоніі Маргус Цахкна.

Паводле яго слоў, Эстонія і іншыя краіны НАТА валодаюць такімі разведзвесткамі.

Для перакідвання войскаў і рыштунку з Расеі ў Беларусь будуць выкарыстаны 4000 чыгуначных вагонаў.

У выпадку размяшчэння расійскіх войскаў у Беларусі яны апынуцца на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй адразу пасля размяшчэння ў гэтых краінах шматнацыянальных батальёнаў альянса — кроку, распачатага заходнімі краінамі ў адказ на далучэнне Расеяй Крыма і захопу ўсходніх раёнаў Данбаса. Праўда, увесь дадатковы кантынгент НАТА ў краінах Балтыі складае толькі 4000 чалавек.

«Для расійскіх войскаў, якія адпраўляюцца ў Беларусь, гэта квіток у адзін канец», — сказаў Цахкна журналістам напярэдадні сустрэчы міністраў абароны краін ЕС на Мальце.

Ён дадаў, што гэта не яго асабістае меркаванне, а асцярогі, якія падзяляе ўсё эстонскае кіраўніцтва. «Мы вельмі глыбока аналізуем, як Расея рыхтуецца да вучэнняў «Захад». Мы бачым, што яны робяць па іншы бок мяжы ЕС і НАТА. Войска могуць там застацца пасля вучэнняў», — заявіў міністр. 

Вучэнні «Захад-2017» пройдуць з 14 па 20 верасня гэтага года адначасова на некалькіх палігонах Расіі і Беларусі. На думку саюзнікаў НАТА, удзел у іх могуць узяць больш чым 100 тысяч вайскоўцаў. Гэта зробіць «Захад-2017» найбольшымі вучэннямі Расіі ад 2013 года.

У НАТА адзначаюць, што падчас папярэдніх буйнамаштабных манеўраў у 2013 годзе Расея адпрацавала дзеянні спецназа, якія пазней выкарыстоўваліся падчас далучэння Крыма. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ раней назвала будучыя вучэнні Расіі і Беларусі падрыхтоўкай да вайны з Захадам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера