Знайсці
27.04.2017 / 16:0716РусŁacБел

Як мінчук прымусіў вярнуць яму скрадзены тэлефон — занатоўвайце цікавы лайфхак

Дзяніс Зелянко падзяліўся досведам, як паспяхова правёў спецаперацыю па вяртанні новага мабільніка, выпадкова забытага ў гастраноме ў Малінаўцы.

Хоць Дзяніс пакінуў новы запакаваны тэлефон у краме ўсяго на хвілін сем, гэтага было дастаткова, каб яго прыбралі да рук. Як гэта бывае, «ніхто нічога не бачыў». У міліцыі, куды Дзяніс адправіўся пісаць заяву, яму намякнулі, што справы дрэнь, бо адшукаць тэлефон будзе вельмі няпроста. Аднак малады чалавек не стаў адчайвацца і вырашыў напісаць пасланне таму, хто забраў смартфон. Аб'яву ён павесіў на дзвярах той самай крамы.

«27.11 (серада) у гэтай краме быў забыты тэлефон Lenovo A820 у белай каробцы. Ён быў пакінуты на століку для прадуктаў у 21.45, у 21.50 яго ўжо не было.

Згодна з арт. 228 ГК, «… той, хто знайшоў рэч, абавязаны паведаміць пра знаходку ў орган унутраных спраў. Невыкананне гэтага патрабавання, злучанае з бязвыплатным прысваеннем чужой маёмасці ў сваю ўласнасць і ўтварае злачыннае дзеянне», прадугледжанае артыкулам 10.6 Кодэкса РБ».

У дадзены момант пададзена заява ў міліцыю.

У выпадку калі тэлефон не вернуць добраахвотна, улічваючы, што тэлефон быў не згублены, а забыты, справа будзе перакваліфікавана ў крымінальную справу па арт. 215 КК («забытыя рэчы могуць прызнавацца прадметам крадзяжу, калі абвінавачаны ўсведамляў, што ўласнік вернецца па гэту рэч»).

IMEI код тэлефона вядомы (ён правяраўся пры пакупцы). Тэлефон у любым выпадку будзе ў стоп-лісце ўсіх 3-х аператараў мабільнай сувязі. Новы карыстальнік будзе хутка знойдзены: акрамя непрыемных размоў са следчым, ён будзе ў любым выпадку абавязаны вярнуць апарат законнаму ўладальніку. Той, хто перапрадасць апарат, будзе адшуканы і пераследаваны ажно да крымінальнай адказнасці. Не істотна, колькі пройдзе часу, тэлефон усё роўна ўсплыве, зараз або праз паўгода на вас можа зваліцца «крыміналка». Памятайце: міліцыя заўсёды любіць такія справы, бо яны амаль на 100% раскрываюцца.

Вам яно трэба?

IMEI код гэтага апарата не перапрашываецца, прадаваць на запчасткі няма сэнсу: мадэль рэдкая і танная. У любым выпадку праблем вы набудзеце больш, чым каштуе апарат.

У выпадку вяртання вы па законе маеце права на 25% кошту.

У выпадку вяртання каробкі з поўным змесцівам я выплачваю 400 тысяч і забіраю заяву з міліцыі. Па жаданні — пішу распіску. Ананімнасць гарантую — мяне ваша пакаранне не цікавіць, мне патрэбны тэлефон».

Трэба адзначыць, што юрыст, можа, і знайшоў бы тут недакладнасці, аднак на наступны дзень Дзянісу патэлефанавалі і вярнулі тэлефон. Так, за грошы, як і абяцаў малады чалавек, але смартфон каштаваў нашмат даражэй.

«Лічыцца, што рэчы, якія скралі ў крамах, дзе няма відэаназірання, рэдка ўдаецца вярнуць. Мне ў міліцыі так і сказалі, што, маўляў, «развітайся». Там увогуле мяне падвялі да таго, каб я ў заяве напісаў «згубіў». Я нічога не разумеў, таму і напісаў, як мне рэкамендавалі. Толькі потым, калі я стаў чытаць каментары да Крымінальнага кодэксу, зразумеў, што «згубіў» — гэта калі, напрыклад, я ішоў па лесе і ў мяне тэлефон выпаў. Калі ж я забыў яго ў краме і вярнуўся за ім, а тэлефона няма, то гэта лічыцца крадзяжом. І гэта ўжо крымінальная справа. У міліцыі не асабліва любяць заводзіць такія «вісячыя» справы», — тлумачыць Дзяніс.

Малады чалавек не стаў пісаць заяву на мужчыну, які вярнуў яго тэлефон, вырашыўшы, што гэта проста бессэнсоўна. Маўляў, такіх усё адно ўжо не выправіш, а час згубіш.

НР

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930