Знайсці
29.04.2017 / 13:051РусŁacБел

У Грэцыі прызналі «элінскую этнічную рэлігію»

Піша Алесь Мікус. 

У цэнтры Афінаў адбыўся першы абрад, які грэцкія політэісты зладзілі, атрымаўшы новы статус.

Абрад прайшоў першы раз з часу, як у пачатку красавіка ўлады Грэцыі далі дазвол, каб рытуалы «элінскай этнічнай рэлігіі» рэгулярна праходзілі ў вызначаным памяшканні ў сталіцы краіны.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце, які Найвышэйшая рада этнічных элінаў (YSEE) атрымала ад Міністэрства адукацыі і рэлігійных спраў Грэцыі. Ліст атрыманы ў адказ на зварот па дазвол праводзіць свае рытуалы ў наяўным падрыхтаваным памяшканні.

У лісце фігуруе фармулёўка «вядомая рэлігія», якую, згодна з грэцкай Канстытуцыяй, трэба мець для дзяржаўнага прызнання рэлігіі. Такі статус у Грэцыі цяпер маюць паўдзясятка рэлігій, а дамінуе ў краіне праваслаўе.

Якая практычная карысць з таго прызнання? Кіраўнік YSEE Уласіяс Расіяс у красавіцкім інтэрвію англамоўнаму інтэрнэт-часопісу «Дзікае паляванне» тлумачыць, што элінскія політэісты адгэтуль маюць права праводзіць шлюбныя цырымоніі, якія будуць прызнавацца дзяржавай. Таксама цяпер можна рэгістраваць дзяцей, пазначаючы іх прыналежнасць да элінскай этнічнай рэлігіі.

Да гэтага статусу яны імкнуліся 20 гадоў, ад 1997-га, калі была зарэгістраваная грамадская арганізацыя Найвышэйшая рада этнічных элінаў — арганізацыя парасонавага тыпу для паганскіх суполак у Грэцыі. У 2014 яны ўжо спрабавалі атрымаць дзяржаўнае прызнанне, але тады не выйшла. На сёння афіцыйных удзельнікаў YSEE налічваюць пад 2 тысяч чалавек. Самі яны кажуць, што «ў той ці іншай меры зацікаўленыя» ў адроджаных паганскіх культах блізу 100 тысяч чалавек па ўсёй краіне.

У грэцкім выданні Vice з'явіўся фотааповед з першага афіцыйнага абраду.

У публікацыі Уласіяс Расіяс гаворыць: «Для нас бог — гэта тое, што ўмацоўвае жыццё і ўзмацняе законы прыроды. Мы не засяроджваемся на ліку ў дванаццаць багоў, як шмат хто мяркуе. Лік дванаццаць з’яўляецца сімвалічным, праз яго пазначаецца паўната. Для нас багі — гэта сродкі, якія спрыяюць вечнаму жыццю і вечнай яго цыклічнасці. Мы не верым, нібыта ў небе ёсць рэлігійны бухгалтар, які вядзе ўліковыя кнігі з нашымі грахамі, каб пакараць нас, калі мы пакінем гэты свет».

Прыкметна, што прызнанне «элінскай этнічнай рэлігіі» адбываецца ў той жа час, калі па ўсёй Еўропе паўстаюць будаваныя паганскія бажніцы: у Ісландыі дабудоўваюць, у Польшчы пачынаюць будаваць, у Латвіі на наступным тыдні будзе высвячэнне першай будаванай бажніцы латышскіх паганаў — дыеўтураў. Апроч таго, у траўні ў Літве пачынаюць працэс дзяржаўнага прызнання іх паганскай супольнасці «Рамува», бо ў краіне яны існуюць ужо больш чым 25 год, дый час у Літве спрыяльны — краінай кіруе кааліцыя, утвораная «зялёнымі» — сімпатыкамі «рамувоўцаў».

Алесь Мікус

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
0
ДИОГЕНИЯ/адказаць/
22.10.2022
ХВАЛА НАШИМ РОДНЫМ ОЛИМПИЙСКИМ БОГАМ ВОЗРОЖДАЕТСЯ НАША РОДНАЯ ИСКОННАЯ СВЯЩЕННАЯ ВЕРА НАШИ ВЕЛИКИЕ СВЕТЛЫЕ БОГИ ПОМОГУТ ПРОШЛИ ВРЕМЕНА ЦЕРКОВНОЙ ДИКТАТУРЫ ОТЕЦ НАШ ЗЕВС С НАМИ Я ЭЛЛИНКА И ВЕРНА РОДНЫМ БОГАМ МЕНЯ КРЕСТИЛИ В ДЕТСТВЕ НО Я ОТРЕКЛАСЬ Я НЕ ХОЧУ НИЧЕГО ОБЩЕГО ИМЕТЬ С ЦЕРКОВЬЮ -ЧУЖДОЙ ОРГАНИЗАЦИЕЙ У НАС СВОИ БОГИ - ВЕЛИКИЕ СВЕТЛЫЕ БОГИ КОТОРЫХ ВОСПЕЛ БЕССМЕРТНЫЙ ГОМЕР С УВАЖЕНИЕМ Э ЦИМБЛИНИДИ А ТОЧНЕЕ ДИОГЕНИЯ -ДОЧЬ ЗЕВСА ГОРОД БАТУМИ
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930